Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ чацвярых чалавек


Колькасць палітычных зняволеных у Беларусі дасягнула 649 чалавек.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі 25 жніўня прызналі палітвязнямі 4-х чалавек:

  • Дзяніс Дзейкун асуджаны 23 чэрвеня 2021 года Гомельскім абласным судом па арт.130 КК («Распальванне расавай, нацыянальнай або сацыяльнай варажнечы») за публікацыю ў сацыяльных сетках каментароў, якія асуджаюць незаконныя гвалтоўныя дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў Беларусі, і яму прызначана пакаранне ў выглядзе трох гадоў калоніі.
  • Аляксандр Нагела асуджаны 25 жніўня 2021 года Гарадезнскім абласным судом па арт.130 КК за публікацыю ў сацыяльных сетках каментароў, якія асуджаюць незаконныя гвалтоўныя дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў Беларусі і РФ, і яму прызначана пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
  • Леанід Герасімлюк асуджаны 17 жніўня 2021 года Гарадзенскім абласным судом па ч.3 арт.361 КК («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь») за каментары ў сацыяльных сетках, якія асуджаюць незаконныя гвалтоўныя дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў, і яму прызначана пакаранне ў выглядзе 3,5 гадоў калоніі.
  • Аляксей Мальцаў асуджаны 13 жніўня 2021 года судом Фрунзенскага раёна Менска за ўдзел у мірным сходзе па ч. 1 арт. 342 КК да двух гадоў пазбаўлення волі і за крадзеж, паўторна і замах на крадзеж па ч. 2 арт. 205 КК на паўтара года пазбаўлення волі, а канчаткова – да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

Праваабаронцы канстатуюць рост колькасці судовых рашэнняў, прынятых па палітычна матываваных крымінальных справах з парушэннем асноўных працэсуальных правоў абвінавачваных.

«Прызначаныя крымінальныя пакаранні па гэтых справах выходзяць за межы тых, што звычайна ўжываюцца пры адсутнасці палітычнага матыву, і з’яўляюцца празмерна строгімі, не адпаведнымі ступені грамадскай небяспекі зробленаму і асобе асуджаных.

Крымінальная адказнасць за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт.130 КК) следствам і судом селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і т.п. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам падаецца неабгрунтаваным», – адзначаецца ў заяве праваабарончых арганізацыяў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў