Новыя прысуды, плот на мяжы і 30-годдзе незалежнасці. Галоўнае за 25 жніўня

Belsat.eu падводзіць вынікі 25 жніўня – 381-га дня супрацьстаяння грамадства і ўладаў.

Аднаўленне незалежнасці

Сёння дзень аднаўлення незалежнасці Беларусі: 25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет надаў статус канстытуцыйнага закону Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце.

30 гадоў аднаўлення незалежнасці

Святлана Ціханоўская павіншавала беларусаў з 30-й гадавінай незалежнасці Беларусі.

«Гэты дзень мусіў быць у Беларусі святочным і радасным – але сустракаем мы юбілей Незалежнасці пад пагрозай яе страты, у атмасферы рэпрэсіяў. Тысячы патрыётаў нашай краіны расплаціліся ўласным лёсам за мару бачыць яе незалежнай – у сталінскім ГУЛАГу, у Курапатах, на вулічных пратэстах і цяпер у турме. Але для ўсіх нас яны – гэта прыклад змагання за лепшую долю свайго народу. Нам варта памятаць усю нашую гісторыю, каб выпадковыя ва ўладзе людзі не мелі магчымасці яе перапісваць», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Паводле яе, лёс Беларусі залежыць ад таго, наколькі кожны з нас адчуе ўласную адказнасць за сваю краіну. Ціханоўская заклікала далучацца да ініцыятываў, якія дапамагаюць пратэсту і беларусам, пісаць лісты палітвязням, берагчы беларускую мову і нацыянальныя сімвалы.

Колькі сёння той незалежнасці? Паразмаўлялі з палітолагамі і сацыёлагамі

Легендарная актывістка Ніна Багінская ў 30-гадавіну аднаўлення незалежнасці выйшла на Кастрычніцкай плошчы ў Менску з бел-чырвона-белым сцягам.

Са святам віншавалі беларусаў і на праспекце Пераможцаў.

У Беларусі працягваюцца масавыя палітычныя рэпрэсіі

Суд Смаргонскага раёну 25 жніўня вынес прысуд у крымінальнай справе паводле ч. 1 арт. 367 КК («Паклёп на прэзідэнта») супраць 46-гадовага былога настаўніка гісторыі і грамадазнаўства мясцовай гімназіі Андрэя Пятроўскага.

Андрэй Пятроўскі. Фота: spring96.org

Андрэю Пятроўскаму 46 гадоў, ён мае каля 20 гадоў педагагічнага стажу, выкладаў гісторыю і грамадазнаўства. 12 сакавіка гэтага года ён паказаў 11-класнікам на ўроку грамадазнаўства відэаролік NEXTA «Конституция ушла в проституцию!» з лагатыпам, які прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім. Сярод вучняў быў сын мясцовай чыноўніцы, які зняў гэта на мабільны тэлефон і даслаў бацькам. Пасля гэтага настаўніка звольнілі і завялі крымінальную справу.

У Менску завяршыўся судовы працэс па справе супраць начальніка фінансавага аддзелу адміністрацыі Ленінскага раёна Юрыя Сянькова. Яго судзілі паводле арт. 342 КК («Дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак») – за ўдзел у акцыях пратэсту 16 і 23 жніўня 2020 года, а таксама паводле артыкуле 368 КК («Абраза прэзідэнта») – за рэпост у тэлеграме. Суддзя Таццяна Шоцік пакарала Юрыя Сянькова 3 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

У Горадні затрымалі дырэктара студыі ўэб-дызайну «Iквадарт» Глеба Койпіша

У Горадні затрымалі дырэктара студыі ўэб-дызайну «Iквадарт» Глеба Койпіша. Сёння цягам некалькіх гадзінаў у офісе студыі на вуліцы Будзёнага адбываўся ператрус, сведкі кажуць пра сілавікоў у камуфляжы.

У Менску ГУБАЗіК затрымаў 23-гадовага настаўніка Аляксея Мінава за ўдзел у жнівеньскіх пратэстах 2020 года. Ён прызнаны падазраваным па крымінальнай справе паводле арт. 342 КК («Арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). У яго сёння мусіў быць першы працоўны дзень выкладчыкам у Ліцэі БДУ, але цяпер Аляксей знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна.

Цягам года на Гомельшчыне распачалі 415 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі

Колькасць палітычных зняволеных у Беларусі дасягнула 649 чалавек. Сёння праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ чацвярых чалавек: Дзяніса Дзейкуна, Аляксандра Нагела, Леанід Герасімлюка і Аляксея Мальцава.

Працяг міграцыйнага крызісу

Польскае войска пачало будаваць плот з калючым дротам на мяжы з Беларуссю – такім чынам улады Польшчы хочуць спыніць хвалю нелегальнай міграцыі, арганізаванай рэжымам Лукашэнкі. Нагадаем, 23 жніўня міністр абароны Польшчы Мар’юш Блашчак паведаміў у Twitter, што на мяжы з Беларуссю паставяць «новы, салідны плот вышынёй 2,5 м»

Усяго з пачатку жніўня польскія памежнікі налічылі амаль 3 тысячы спробаў нелегальнага мінання мяжы з боку Беларусі.

Суседзі агароджваюцца ад Беларусі

Прэзідэнт Латвіі Эгілс Левітс у інтэрв’ю расейскаму тэлеканалу «Дождь» распавёў пра гатовасць ягонай краіны таксама пачаць будаваць сцяну на мяжы з Беларуссю. Паводле яго, будаўніцтва можа пачацца ўжо хутка, «калі сітуацыя застанецца такой самай, як цяпер».

«Абарона нашых межаў – першачарговы доўг нашых краінаў. І мы абараняем нашыя межы. Мы не можам прыняць факту, што рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае людзей з Блізкага Усходу як інструмент гібрыднай вайны. Таму мы будзем цвёрда стаяць на нашых межах. І гэта пазіцыя Латвіі, Літвы, Польшчы. Мы не можам прыняць гэтай правакацыі», – сказаў Эгілс Левітс.

Літоўскі парламент яшчэ напачатку жніўня ўхваліў будаўніцтва 500-кіламетровай загароды на мяжы з Беларуссю.

Заблакаваны партал Reform.by

Незалежны інфармацыйны рэсурс Reform.by сёння быў заблакаваны ў адпаведнасці з рашэннем Міністэрства інфармацыі.

Reform.by паведамляе ў сваім Telegram-канале, што рэдакцыя пакуль не атрымала афіцыйнага паведамлення ад Міністэрства інфармацыі. Рэдакцыя лічыць блакаванне сайт праявай цэнзуры, а рашэнне Мінінфарма – парушэннем Канстытуцыі.

«Наш праект працаваў у поўнай адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, кампанія была афіцыйна зарэгістраваная, сайт размяшчаўся на серверы ў Беларусі, мы пачалі працэс рэгістрацыі сайта як інтэрнэт-выдання», – адзначае рэдакцыя.

Стваральнікі праекта абяцаюць, што сайт неўзабаве працягне працу на альтэрнатыўнай хостынгавай пляцоўцы.

Санкцыі раскошы не перашкода. Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі купляе тры «Audi A8» за Br 900 тыс.

ІІ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны