«Кібер-партызаны» распавялі, як здолелі атрымаць доступ да базаў звестак рэжыму


Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Werner Lang / imageBROKER / Forum

Агенцтва «Bloomberg» выпусціла даследаванне пра беларускіх «Кібер-партызанаў», раскрыўшы іх методыкі ўзлому.

Прадстаўнік «Кібер-партызанаў» распавёў, што групоўка налічвае 15 удзельнікаў, з якіх большасць працуе ў сферы ІТ: тры-чатыры з іх засяродзіліся непасрэдна на ўзломе сістэм, астатнія занятыя аналізам звестак і іншымі задачамі.

Хакеры аб’ядналіся ў верасні 2020 года пасля прэзідэнцкіх выбараў. Спачатку яны ўзломвалі дзяржаўныя сайты і ўстаўлялі відэаролікі са сцэнамі гвалту з боку сілавікоў, бел-чырвона-белыя сцягі і гэтак далей. Першапачатковыя ўзломы прыцягнулі да справы іншых хакераў, у выніку чаго група станавілася ўсё больш смелай у дачыненні да маштабаў сваіх ўварванняў.

Паводле кібер-партызанаў, яны атрымалі фізічны доступ да ўрадавага абʼекту Беларусі і праніклі ў кампʼютарную сетку. Скрадзены матэрыял, як заяўляецца, уключае архіў таемна запісаных тэлефонных размоваў, які складае ад 1 да 2 млн хвілін аўдыё.

Кібер-партызаны кажуць, што працуюць з іншымі групамі, каб працягнуць узлом урадавай інфраструктуры, а ў «Момант Х» спалучыць камп’ютарны сабатаж з пратэстамі на вуліцах, каб дамагчыся звяржэння Аляксандра Лукашэнкі.

Hавiны
«Гэта толькі пачатак». Кібер-партызаны падвялі прамежкавыя вынікі ўзломаў базаў МУС
2021.08.18 22:48

Нагадаем, што кібер-партызаны агучылі прамежкавыя вынікі абвешчанай імі аперацыі «Спёка», якую яны пачалі 26 ліпеня. Яны заявілі, што «за гэтыя некалькі тыдняў нанеслі магутны ўдар па асноўнай падпорцы рэжыму – сілавых структурах».

«Мы поўнасцю або часткова паралізавалі цэлыя напрамкі карнай сістэмы. Зараз рэжым знаходзіцца ў ступары і не разумее, адкуль прыляціць чарговы ўдар. Пры гэтым няма кваліфікаванага персаналу, здольнага вырашыць сітуацыю», – гаворыцца ў заяве.

Зараз, паводле яе, паралізаваная або абцяжараная праца ДАІ, базаў «АІС-Пашпарт», «Беспарадкі», а таксама базаў праслухоўвання, дронаў, асабістых справаў МУС, аплаты штрафаў, камераў хуткасці і сачэння.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў