Эксперты і прафсаюзы прапаноўваюць рэформы, каб «спыніць дэградацыю беларускай адукацыі»


Будынак Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту. Менск, Беларусь. 26 лютага 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Свабодны прафсаюз беларускі супольна з незалежнымі экспертамі пачынае кампанію «Рэфармуем сістэму адукацыі разам!». Яе мэта – «спыніць дэградацыю беларускай адукацыі».

У СПБ адзначылі, што на восеньскай сесіі Палаты прадстаўнікоў плануецца прыняць змяненні ў Кодэкс аб адукацыі. На думку прадстаўнікоў прафсаюзу, «гэтыя навацыі не адказваюць сучасным выклікам, перад якімі стаіць беларускае грамадства».

«Цяпер узровень адукацыі ў Беларусі часта не дае гарантыяў працаўладкавання, прафесійнага развіцця ці годнага заробку. Адток моладзі за мяжу для атрымання якаснай адукацыі і лепшых кар’ерных перспектыў з кожным годам толькі павялічваецца», – заявілі ў СПБ.

Таму прафсаюз прапануе праграму рэформаў усіх узроўняў адукацыі – ад дашкольнай да навукова арыентаванай. Разам з незалежнымі экспертамі ён вызначыў шэраг ключавых кірункаў гэтых пераўтварэнняў. На працягу бліжэйшых месяцаў плануецца дэталёва абмяркоўваць кожную тэму, прымаць прапановы ад работнікаў адукацыі, грамадзянаў краіны, каб «сфармуляваць грамадскую праграму рэфармавання сістэмы адукацыі». Яе накіруюць ураду і парламенту.

Пазнаёміцца з прапановамі паляпшэння сістэмы адукацыі ў Беларусі, пакінуць каментар і абмеркаваць з калегамі кірункі рэформаў можна на сайце «Новая Беларусь: рэформы дзеля людзей».

Ва ўладаў свае рэформы

24 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што чыноўнікам неабходна «перазагрузіць сістэму адукацыі», бо гэта «пытанне дзяржаўнай важнасці». Ён выказаў перакананне, што «школа не можа быць па-за палітыкай, але палітыка там мае быць адна – дзяржаўная».

«У чымсьці мы расплачваемся за рэформы 1990-х. У шмат якіх працэсах не апошнюю ролю адыгралі вонкавыя сілы. Успомніце праграмы Сораса. Мы своечасова згарнулі іх тут, але след застаўся. Свой унёсак робіць і лічбавізацыя – дзеці сышлі з галавой у інтэрнэт, а там, самі ведаеце, хто і як іх выхоўвае», – сказаў ён.

У сваю чаргу міністр адукацыі Ігар Карпенка назваў адукацыйныя ўстановы пад шыльдай індывідуальных прадпрымальнікаў, грамадскіх ці рэлігійных аб’яднанняў «апірышчам рэвалюцыі».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў