Славаччына гатовая перадаць Украіне 11 знішчальнікаў МіГ-29. Але ёсць нюанс


Славаччына перастане эксплуатаваць знішчальнікі МіГ-29 у канцы жніўня і плануе, што пасля гэтага неба над краінаю закрые польская і чэшская авіяцыя. Пра гэта паведамляе SkyNews.

Міністр абароны Славаччыны Яраслаў Надзь падчас супольнай з міністрам абароны Вялікай Брытаніі Бэнам Ўолесам прэс-канферэнцыі заявіў, што Браціслава адкрытая да перамоваў аб перадачы Украіне 11 знішчальнікаў МіГ-29, але проста так, у аднабаковым парадку падарыць самалёты не можа. Славаччына хоча атрымаць ад саюзнікаў новыя самалёты або грошы. Паводле міністра, кожны знішчальнік каштуе прыкладна  € 35 млн.

«Мы адкрытыя для абмеркавання перадачы гэтых МіГ-29 Украіне, але, безумоўна, гэта запатрабуе, я б сказаў, больш шырокага абмеркавання з улікам фінансавых аспектаў і ўсіх іншых аспектаў пастаўкі, таму рашэнне яшчэ не прынятае», – падкрэсліў Надзь.

Міністр заявіў, што з канца жніўня ВПС Славаччыны перастануць эксплуатаваць 11 МіГ-29, а чэшскія і польскія самалёты, як чакаецца, возьмуць на сябе абарону паветранай прасторы Славаччыны з пачатку верасня. Пасля гэтага можна будзе абмяркоўваць лёс славацкіх знішчальнікаў.

Украіна прасіла заходнія краіны аб пастаўках баявой авіяцыі з першых дзён поўнамаштабнага расейскага ўварвання, бо Расея мае вялізарную перавагу ў авіяцыі.

Бі-Бі-Сі адзначае, што знішчальнікі – на вяршыні спісу пажаданняў украінскага вайсковага камандавання. Пры гэтым 11 знішчальнікаў, якія можа перадаць Славаччына, – даволі буйная партыя самалётаў. Іх хапіла б на тое, каб сфармаваць эскадрыллю. Да пачатку вайны, паводле даведніка World Air Forces 2022, ва Украіне было 43 баявых МіГ-29.

Аналітыка
Чаму Захад так павольна дапамагае Украіне? Колькі зброі неабходна для перамогі?
2022.06.17 14:57

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў