Санкцыі адчулі і збіральнікі ягадаў. Кошты на чарніцы ніжэйшыя, чым летась


Сезон лясных ягадаў для беларусаў – гэта не толькі магчымасць падыхаць свежым паветрам ды падвітамініцца ў лесе, але таксама і магчымасць падзарабіць. На рынку кілаграм лясных ягадаў прадаць можна па 8 рублёў, а вось у нарыхтоўнікаў кошты ніжэйшыя, чым летась. Суразмоўцы «Белсату» кажуць, што прычына ў санкцыях – праз іх прадаваць ягады за мяжу стала складаней.

Чарніцы.
Фота: Белсат

Летась у разгар ягаднага сезону нарыхтоўнікі гатовыя былі плаціць за чарніцы ад 6 да 8 рублёў за кілаграм. Сёлета такіх коштаў няма. Дзяржаўныя крамы прымаюць ягады па 3,2–3,6 рубля за кілаграм. Прыватнікі набываюць ягаду па 4,2 рубля. Прычым спадзяванняў на тое, што кошты падрастуць, няма.

«Вы ж ведаеце, што паўсюль санкцыі. Ягады цяпер баяцца набываць па мінулагодніх коштах. Усё залежыць ад сітуацыі ў свеце. Расея таксама цяпер моцна заніжае кошты. Таму спадзявацца, што чарніцы стануць даражэйшыя, не выпадае. Абы толькі не знізіліся гэтыя кошты», – распавялі «Белсату» нарыхтоўнікі ягадаў.

Пры гэтым прадпрымальнікі кажуць, што колькасць ахвотных здаць ягады не стала меншай у параўнанні з мінулым годам. Людзі лічаць кожную капейчыну. Многія наракаюць, што танна, але збіраюць ягады.

«Цяпер ягады прымаем па 4,2. На пачатку сезону чарніцы прымалі нават і па 5 рублёў. Але кошт не ад нас залежыць, нам проста кажуць, а мы ўжо працуем. Ведаю, што на ягады даволі вялікі попыт. Магу таксама дадаць, што на наш беларускі рынак чарніцы дакладна не паступаюць. Лісічкі таксама набываем. Кошт – 5,5 рубля. Але кошты на грыбы хутчэй за ўсё вырастуць», – кажа яшчэ адзін прадпрымальнік, які прымае чарніцы ў насельніцтва.

Клубніцы і чарніцы на рынку Шэмбэка (Bazar Szembeka), самым старым рынку Варшавы, які размяшчаецца ў спальным раёне гораду. Варшава, Польшча. 4 чэрвеня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Людзі абураюцца на нізкія кошты, але паўплываць на сітуацыю не могуць

Людзі, якія збіраюць ягады ў лесе, пераважна звяртаюцца да прыватнікаў. Збіральнікі чарніцаў абураюцца, што кошты меншыя, чым летась, але прызнаюцца, што дадатковы заробак лішнім не бывае.

«Увогуле працаваць з крамамі не выгадна, нарыхтоўнікам можна прадаць чарніцы даражэй. Але самы лепшы варыянт – прадаць на рынку. Тут людзі ахвотна набываюць лясныя ягады нават і па 8 рублёў за кілаграм», – распавёў «Белсату» збіральнік ягадаў.

Асабісты капітал
Колькі і як беларусы зарабляюць на зборы грыбоў і ягадаў?
2017.10.09 16:18

Вясковец кажа, што сёлета ў лесе крыху меней людзей, чым было летась. Таму ягад пакуль шмат. За некалькі гадзінаў можна сабраць нават і 10 літраў. Калі ж збіраць ягады толькі рукамі, без прыстасаванняў, то можна прадаваць і даражэй.

«Сярод маіх знаёмых вельмі шмат хто з пачаткам сезону ездзіць у ягады. Звяртаю ўвагу, што шмат падлеткаў цяпер разам са старэйшымі выбіраюць чарніцы, стараюцца. Канечне, столькі зарабіць, як летась, ужо складаней. Тым больш ехаць у лес трэба з самай раніцы, пакуль не ўзыходзіць высока сонца, бо на спякоце таксама доўга не вытрымаеш», – кажа збіральніца чарніцаў.

Ілюстрацыйнае фота.
Фота: АЗ / Белсат

Паводле жанчыны, за дзень яна збірае каля 15 літраў ягадаў. Гэта прыкладна 10 кілаграмаў чарніцаў.

«За тыдзень я зарабіла каля 200 рублёў. Ведаю, што многія таксама атрымліваюць прыкладна столькі ж грошай. Але насамрэч гэта не лёгкі заробак, бо праз некалькі гадзінаў спіна пачынае страшна балець. Тым не менш, дзе яшчэ я змагу зарабіць такія грошы? На прадпрыемствах такіх заробкаў нават і блізка няма, таму, канечне, разумею, чаму людзі імкнуцца ў лес і намагаюцца кожны дзень збіраць гэтыя ягады», – кажа суразмоўца «Белсату».

Жанчына распавядае, што многія такім чынам вырашаюць пытанне, як сабраць дзяцей у школу. Ходзяць у лес, каб зарабіць, а не ад добрага жыцця, уздыхае жанчына.

У пачатку сезону прадстаўнікі «Белакаапсаюзу» давалі справаздачу: частка чарніц, набытых дзяржаўнымі структурамі ў насельніцтва, паступае ў раздробны гандаль, на пераапрацоўчыя прадпрыемствы. А частка ідзе на экспарт. Цікавасць да беларускіх ягадаў выказваюць спажыўцы ў Расеі, Польшчы і краінах Балтыі.

Аб’ектыў
Застанемся без ягад і грыбоў?
2019.07.13 23:51

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў