Палітвязня Анішчука замест вызвалення асудзілі яшчэ на год пазбаўлення волі


Арцёма Анішчука судзілі за «абразу прадстаўніка ўлады» паводле арт. 369 КК РБ, які на момант «правапарушэння» прадугледжваў максімум абмежаванне, а не пазбаўленне волі. Лінгвістычная экспертыза не пабачыла абразы. Суд праігнараваў заяву Арцёма аб пагрозах, якія ён атрымлівае ад начальніка калоніі, і аб катаваннях у няволі.

Арцём Анішчук да зняволення.
Фота: сямейны архіў Анішчукоў

Палітычнага зняволенага Арцёма Анішчука 25 ліпеня асудзілі на год пазбаўлення волі і 1000 рублёў маральнай кампенсацыі за «абразу міліцыянта» ў закрытым чаце, напісаную яшчэ ў верасні 2020 года, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Анішчук не прызнаў віны і заявіў, што новая справа – помста начальніка калоніі № 15, дзе ён адбыў мінулае пакаранне і дзе, як ён казаў, зазнаў катаванні.

Незаконнае «перазатрыманне» і блытаніна ў Крымінальным кодэксе

Анішчука затрымалі 29 верасня 2020 года ў межах «справы пяцёркі» нібыта за пашкоджанне аўтамабіля супрацоўніка дэпартаменту выканання пакаранняў МУС Аляксандра Гейца ў Новай Баравой каля Менску. Яго асудзілі да 2 гадоў калоніі, мусілі вызваліць 29 чэрвеня 2022 года, але «пераарыштавалі».

На момант «злачынства» дзейнічала старая рэдакцыя артыкулу 369, якая не прадугледжвала ўтрымання пад вартай як меру стрымання, а максімальным пакараннем паводле той рэдакцыі было абмежаванне волі. Толькі летам 2021 года ў артыкуле з’явіліся арышт і пазбаўленне волі – і Анішчука чамусьці «перазатрымалі» і асудзілі так, нібы «злачынства» было здзейсненае пасля гэтых зменаў. На якой законнай падставе так зрабілі, на судзе не сказалі.

Hавiны
Чаму не вызвалілі Арцёма Анішчука? Падобна, палітвязня «пераарыштавалі» незаконна
2022.07.01 15:12

Суддзя Ксенія Нікіфарава чамусьці склала два прысуды ў адзін: агулам прысудзіла тры гады пазбаўлення волі, але так, што два гады залічыліся ў мінулае пакаранне за пашкоджаную машыну і застаўся яшчэ адзін год.

Сумнеўная справа пра машыну і катаванні ў няволі

«Справа пяцёркі», паводле якой Анішчук адбыў пакаранне, выклікала пытанні. На відэа сілавікоў відаць, што пры затрыманні выкарыстоўвалі зброю, пазней стала вядома, што затрыманых білі, катавалі электрашокерам. Пры пашкоджанні аўтамабіля і пры затрыманні прысутнічалі каля дзевяці чалавек, на лаву падсудных трапілі пяцёра. Астатнія – «нявызначаныя асобы» ці наагул адсутнічаюць у матэрыялах справы. Абвінавачаныя думаюць, што гэтыя «нявызначаныя» былі сілавікамі. Анішчука прызналі палітычным зняволеным.

Архіўнае фота. Суд у «справе пяцёркі» за пашкоджаны аўтамабіль жонкі міліцыянта. Суд Менскага раёну, Беларусь. 3 лютага 2021 года.
Фота: spring96.org

Анішчук расказваў адвакату, што адміністрацыя Магілёўскай папраўчай калоніі № 15 (і ў прыватнасці начальнік калоніі Аляксей Лазарэнка) чыніла супраць яго фізічны і псіхалагічны гвалт, што гэта адбывалася пастаянна з часу ягонага прыбыцця туды 17 красавіка 2021 года. У выніку ён «праглынуў металічныя прадметы з мэтаю пазбегчы далейшых катаванняў» (Генеральная пракуратура заяўляла, што ён «проста хацеў трапіць у медычную частку»).

Таксама Анішчук казаў, што яго прымушалі пад дыктоўку пісаць сваякам лісты, нібыта ўсё добра, і адмаўляцца ад сустрэчы з адвакатам. Допыты праводзіліся без следчага, у прысутнасці чатырох невядомых асобаў. У штрафным ізалятары ён правёў агулам 40 дзён.

Паводзіны адміністрацыі зняволены тлумачыў тым, што начальнік калоніі сябруе з пацярпелым у крымінальнай справе аб пашкоджанні машыны. Ён расказваў, што начальнік калоніі казаў «выбраць» сабе новы крымінальны артыкул: або «зацятае непадпарадкаванне», або «напад на супрацоўніка калоніі», пагражаў гвалтам яму і сям’і.

Артыкулы
Чаму за кратамі рэжуць вены і глытаюць лыжкі? Тлумачыць былы вязень, які рабіў так шматкроць
2021.06.05 18:23

Новы суд за «абразу без абразы»

Суд быў расцягнуты на тры судовыя паседжанні. Анішчука заводзілі ў залу і выводзілі з яе ў позе «ластаўкі». На суд не з’явіўся сам «пацярпелы» міліцыянт, але зачыталі ягоныя паказанні: пра чат не ведаў і трапіць у яго не мог, але пра яго даведаўся ад іншага супрацоўніка міліцыі. «Сведкамі» завочна выступілі іншыя фігуранты «справы пяцёркі», якіх дапыталі ў калоніях.

Як адзначае «Вясна», лінгвістычная экспертыза ў каментары Анішчука не выявіла абразы супрацоўніка органаў унутраных справаў. У матэрыялах справы няма тэлефона, з якога быў пакінуты каментар (Анішчук не ведае, куды апарат мог падзецца), але ў справе ёсць тры іншыя тэлефоны.

Анішчук у апошнім слове выказаў спадзяванне, што дзяржаўны абвінаваўца і сам суд не змовіліся з супрацоўнікамі калоніі № 15. Падчас працэсу ён заяўляў:

«Я лічу, што ў адміністрацыі ПК [№ 15] не атрымалася на мяне павесіць артыкул 411 Крымінальнага кодэксу («Злоснае парушэнне рэжыму»), які пракуратура палічыла незаконным і адмяніла. Пасля гэтага начальнік калоніі сказаў, што «я цябе ў спакоі не пакіну і зраблю ўсё, каб дадаць табе тэрмін». «У мяне ёсць знаёмыя суддзя, пракуроры», — гэта ягоныя словы. І калі справа паводле арт. 411 КК была прыпыненая, то той жа следчы, які вёў справу паводле арт. 411 КК, пачаў праверку паводле арт. 369 КК».

Праваабаронцы сапраўды паведамлялі, што супраць Анішчука пачалі крымінальную справу за «зацятае непадпарадкаванне» ў Магілёўскай папраўчай калоніі № 15 – прыблізна праз месяц пасля таго, як яго туды змясцілі. Але пракуратура пастанавіла спыніць гэтую справу, прызнаўшы незаконным пакаранне Анішчука змяшчэннем у «памяшканне камернага тыпу», ды справу чамусьці не закрылі. Затым яго перавялі ў Бабруйскую калонію № 2 і распачалі новую справу за «абразу міліцыянта», паводле якой цяпер і прызначылі яшчэ год зняволення.

Артыкулы
Яшчэ адзін арт. 411 КК. Палітвязня Алега Яфрэменку будуць судзіць за «непадпарадкаванне»
2022.07.22 13:29

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў