Мікалай Аўтуховіч пятнаццаты дзень галадае насуха


Вязень працягвае пратэставаць супраць абмежавання яго ў ліставанні – апошнім часам яму перасталі перадаваць нават лісты ад 83-гадовай маці.

Мікалай Аўтуховіч на судзе. Горадня, Беларусь. 18 траўня 2022 года.
Фота: БелТА

Вядома, што ў чацвер, 21 ліпеня, стан Аўтуховіча рэзка пагоршыўся – узмацніліся болі ў жываце, пачалася рэзь, значна ўчасціўся пульс.

25 ліпеня Мікалая выдалілі з судовай залы падчас чарговага паседжання:

«Мікалай працягвае сухую галадоўку. Сёння 15-ы дзень. Турэмны доктар заявіў, што стан Мікалая дазваляе яму ўдзельнічаць у працэсе. Хадайніцтва пра агляд вонкавым доктарам адхілілі. Мікалай сказаў, што можа ўдзельнічаць, толькі калі яму дазволяць ляжаць, у гэтым таксама адмовілі. Урэшце яго выдалілі з залы за дыскусію з суддзём, суд працягваецца без Мікалая», – распавяла ў «Фэйсбуку» Святлана Богуш.

Падчас судовага паседжання 11 ліпеня Мікалай Аўтуховіч паскардзіўся, што яму перадаюць лісты толькі ад маці. Больш ніякай карэспандэнцыі, у тым ліку газетаў, вязень не атрымлівае. На знак пратэсту ён абвесціў «сухую» галадоўку.

Гісторыі
Сілавікі намагаюцца зламаць абвінавачаных у «справе Аўтуховіча» і патрабуюць ад іх абгаварыць Міколу
2022.07.08 08:14

Суд на Мікалаем Аўтуховічам і яшчэ 11 абвінавачанымі праходзіць у Гарадзенскай турме № 1. Распачаўся працэс 18 траўня. Паводле следства, Аўтуховіч – арганізатар і кіраўнік «злачыннай групоўкі», якая падпальвала аўтамабілі і дамы сілавікоў.

Агулам Мікалаю Аўтуховічу выставілі абвінавачанне паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ч. 3 арт. 289 («Акт тэрарызму»). Паводле гэтага артыкулу Аўтуховічу можа пагражаць смяротнае пакаранне.

Справу разглядае Гарадзенскі абласны суд, суддзя – Максім Філатаў. Менавіта ён прысудзіў пяць гадоў калоніі Вітольду Ашурку, які загінуў у траўні 2021 года ў шклоўскай калоніі.

У справе таксама праходзяць: Уладзімір Гундар, Вольга Маёрава, Галіна Дзербыш, Віктар Снегур, Павел Сава, Сяргей, Павел і Любоў Разановічы, Ірына і Антон Мельхеры.

Мікалай Аўтуховіч, а таксама Уладзімір Гундар, Вольга Маёрава і Галіна Дзербыш не прызналі віны ні паводле аднаго артыкулу.

Сяргей і Павел Разановічы, а таксама Віктар Снегур прызналі сябе вінаватымі часткова, а Ірына Гарачкіна і Антон Мельхер − вінаватымі цалкам.

Уладзімір Гундар заяўляў пра здзекі і таксама абвяшчаў галадоўку.

Падтрымаць Мікалая пасылкамі, грашовымі пераводамі і лістамі салідарнасці: Турма № 1, 230023 Горадня, Кірава 1, Аўтуховічу Мікалаю Мікалаевічу.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў