Ізраільцянін пра беларускіх сілавікоў: Цешуся, што яны марнуюць час на мяне, а не даймаюць сумленных беларусаў


Грамадзянін Ізраілю Аляксандр Фруман у 2020 годзе прайшоў праз жорсткае затрыманне і беларускую турму. Пасля таго, як апынуўся ў бяспецы, ён знайшоў усіх, хто яго затрымліваў і катаваў, а таксама сведкаў тых падзеяў. Аляксандр расказаў «Белсату», што ён хоча быць першым сярод тых, чыю справу супраць беларускіх злачынцаў будзе разглядаць трыбунал.

Хто такі Аляксандр Фруман

Аляксандр Фруман нарадзіўся ў Беларусі, але рэпатрыяваўся ў Ізраіль у 1998 годзе і стаў грамадзянінам гэтай краіны. У Ізраілі адслужыў тры гады ў войску, марской пяхоце, служыў у гарачых пунктах, сектары Газа. Пасля службы вучыўся на факультэце эканомікі і статыстыкі Іерусалімскага ўніверсітэту. Працуе ў IT-фірмах як data scientist – спецыялістам у апрацоўванні вялікіх масіваў дадзеных і глыбокай аналітыцы. Жанаты, мае сына.

Аляксандр Фруман.
Фота: fruman.alex / Facebook

Жнівень 2020: падарожжа ў свет Оруэла

Аляксандр расказаў «Белсату», як ён наогул апынуўся ў Беларусі ў тыя жнівеньскія дні. Паводле суразмоўцы, ён з жонкай і сямігадовым сынам прыляцелі ў Менск з Тэль-Авіву пабачыць сваякоў, наведаць магілы і з’ездзіць на Палессе – малую радзіму, адкуль паходзяць продкі. Гэта ў габрэяў называецца «экскурсіяй па каранях». Паездка не была спантаннай – яна планавалася год.

Затрыманне адбылося 10 жніўня, калі Аляксандр разам з жонкай ішоў па праспекце Незалежнасці ў Менску і сфатаграфаваў аўтобус, у якім былі сілавікі. Да яго адразу падбеглі невядомыя ў чорным. Мужчыну зацягнулі ў аўтобус, там пачалі здзекавацца і збіваць дручкамі. На просьбу патэлефанаваць у амбасаду Аляксандру адказалі лаянкай, пагражалі смерцю.

Аляксандра адвезлі ў Савецкі РАУС, дзе пратрымалі 16 гадзінаў. Яго і яшчэ 61 затрыманага паставілі ля той самай агароджы, што стала сумна вядомаю як «сцяна плачу»: галаву загадалі ўперці ў плот на ўзроўні жывата, рукі ці на галаве, ці над галавой далонямі вонкі, ногі на шырыні плячэй. Паміж нагамі і агароджай быў нацягнуты калючы дрот. Пасля некалькіх хвілінаў стаяння ў такой позе нямее ўсё цела. Калі нехта спрабаваў размяцца, міліцыянеры заўважалі гэта і пачыналі збіццё, успамінае суразмоўца «Белсату».

Потым затрыманых пагрузілі ў аўтазак і павезлі ў Жодзіна. Аляксандр добра памятае падзеі тых дзён: людзей укладвалі штабялямі, некаторыя гублялі прытомнасць, калі нехта скардзіўся, яго білі дручкамі. Міліцыянеры, як даведаліся, што Аляксандр – грамадзянін Ізраілю, пачалі адпускаць антысеміцкія жарты кшталту «мы табе зараз другое абразанне арганізуем» і зноў збілі яго. Цяпер мужчына лічыць, што толькі дзякуючы ізраільскаму грамадзянству яму ўдалося выйсці на волю пасля 78 гадзінаў затрымання – без пашпарту і пратаколу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Усё маё цела было ў сіняках ад пабояў. Я бачыў там паўмёртвых людзей. Яны збівалі інвалідаў, жанчын. Адзін з затрыманых, які ляжаў пада мной, страціў прытомнасць, іншы абмачыўся ад страху. Пасля вызвалення я даваў шмат інтэрв’ю, дзе распавядаў сваю гісторыю. Я цудоўна разумеў, што я – сведка, які можа бяспечна распавядаць за іншых. Гэта псіхалагічна адыграла пазітыўную ролю для мяне. На маёй працы мне прапанавалі аплаціць паслугі псіхолага. З часам я цалкам аднавіўся, сінякі, раны – усё зажыло. У мяне былі праблемы з пальцамі ног – яны нямелі і я іх не адчуваў. Але з паступова і гэта наладзілася», – распавядае Аляксандр «Белсату».

Усю гэтую гісторыю ён называе падарожжам у свет Оруэла.

«Падчас арышту я не адчуваў страху, болю, а хутчэй здзіўленне і цікаўнасць. Падтрыманне і разуменне, што былі пасля, даюць сілы змагацца далей. Я цяпер беларус, бо мяне хрысцілі як сапраўднага беларуса, я прайшоў праз беларускую Галгофу. Мая шклянка напалову поўная, цяпер жа я хачу напоўніць яе да канца», – кажа Аляксандр.

Бяльмо на воку рэжыму

Пасля вызвалення ён падаў заяву ў Генеральную пракуратуру Беларусі, дзе падрабязна апісаў, што з ім адбывалася, і папрасіў распачаць крымінальную справу паводле фактаў катаванняў, здзекаў і злачынстваў супраць чалавечнасці. Праз пэўны час прыйшоў адказ, што справы заводзіць не будуць. Тады Аляксандр пастанавіў сам правесці сваё расследаванне.

«Я заспаміў усе пляцоўкі, дзе ёсць людзі, датычныя да сілавых структураў, спецыяльна прыцягваў да сябе ўвагу. Некалькі чалавек адгукнуліся, каб даць інфармацыю, нават дзейны супрацоўнік Савецкага РАУС і супрацоўнік Генеральнай пракуратуры. Таксама на мяне звярнулі ўвагу кіберпартызаны. Так я знайшоў усіх людзей, якія мяне затрымлівалі і збівалі. Беларуская ўлада не гатовая правесці расследаванне, таму я сам буду бяльмом на іхным воку, палкаю з іржавым цвіком, што будзе ўвесь час іх тыкаць, пакуль не адбудзецца правасуддзе. Калі цяперашні дыктатарскі рэжым падзе, а я ўпэўнены, што гэта здарыцца яшчэ пры маім жыцці, у мяне будзе ўсё гатова, каб адбылося правасуддзе. Я знайшоў усіх супрацоўнікаў міліцыі і АМАПу, якія збівалі нас, ёсць людзі, гатовыя даць паказанні на сумленным судзе. Я хачу быць у першых шэрагах трыбуналу над гэтымі злачынцамі», – распавядае Аляксандр.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Ён таксама напісаў заяву ў ізраільскую паліцыю, каб дамагчыся для датычных да катаванняў забароны заезду ў іншыя краіны і абвясціць іх у вышук праз Інтэрпол.

Новая крымінальная справа

Пасля таго, як наш суразмоўца знайшоў інфармацыю пра сілавікоў, датычных катаванняў, ён распаўсюджваў звесткі пра іх у інтэрнэце. Такая актыўная дзейнасць камусьці не спадабалася – на Аляксандра напісалі заяву, на падставе якой Віцебскі следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле арт. 369 КК «Дыскрэдытацыя Беларусі» і арт. 203 КК «Незаконныя дзеянні ў дачыненні інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных».

«Я даваў людзям магчымасць ведаць, якія каты жывуць з імі побач. Мне стала вядома, што ў Менску пачаліся нейкія следчыя дзеянні, пачалі апытваць людзей, якія толькі ўскосна мяне ведаюць. У мяне была калісьці кватэра ў Менску, якую я здаваў, але кватарантаў я ніколі не бачыў, яны таксама нічога не ведаюць пра мяне. Нават іх выклікалі на допыты», – распавядае Аляксандр.

Ён напісаў запыт у Следчы камітэт, каб даведацца, што адбываецца. У афіцыйным адказе было пазначана, у чым абвінавачваецца Аляксандр, а таксама кантакты следчага. Мужчыну прапаноўвалі з’явіцца ў Віцебск і даць паказанні.

«Я патэлефанаваў гэтаму следчаму, ён мяне ўпрошваў прыехаць. Я яму адказаў, што гэтая прапанова абсурдная, гэта як партызану ў 1943 годзе прапанаваць прыйсці ў гестапа. Я запрасіў яго прыехаць да мяне ў Ізраіль, нават білет гатовы быў аплаціць – проста цікава. Ён панаракаў, што ўжо год ім нікуды нельга выязджаць. Ад кіберпартызанаў я даведаўся крыху пра гэтага следчага. Звычайны апаратчык, 11 гадоў ходзіць у капітанах, адзін раз у жыцці быў за мяжой – у Турцыі. Я яму сказаў: вось вы небарака, цяпер у вас «вісяк», якія вашыя дзеянні? Ён адказаў, што будзе накіроўваць запыт у ізраільскую паліцыю, каб мяне тут дапыталі. Уяўляю сабе вочы ізраільскіх паліцыянтаў, калі яны атрымаюць падобны запыт», – адзначае Аляксандр.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Ён кажа, цяпер увесь свет добра ўжо добра зразумеў, што з сябе ўяўляюць беларускія сілавыя структуры і сённяшняя беларуская ўлада. Да пачатку вайны ва Украіне ў Ізраілі ўспрымалі Беларусь як маленькую дыктатуру, якая ні на што ў свеце не ўплывае. Цяпер жа Беларусь на баку зла, і беларускі рэжым стаў праблемай не толькі беларусаў, але і ўсяго свету. Рыторыка ізраільскіх палітыкаў змяняецца.

«Можна нават сказаць «дзякуй» беларускім сілавікам за новую крымінальную справу, бо зноўку мая гісторыя ўсплывае, а я жывы сведка таго, што адбывалася ў жніўні 2020 года, застаюся ў бяспецы і магу спакойна пра гэта распавядаць. Я нават цешуся, што яны марнуюць час на мяне, а не даймаюць добрых сумленных беларусаў», – кажа Аляксандр.

У свой час яму давялося адмовіцца ад беларускага грамадзянства. Цяпер жа Аляксандр спадзяецца, што калі Беларусь стане вольнай, яму ўдасца яго вярнуць.

«Я ўпарты чалавек, прывык даводзіць справы да канца. Калі нас збівалі і катавалі каля агароджы Савецкага РАУСу, я бачыў, як пакутуюць іншыя беларусы. Гэта моцна запала мне ў душу, я лічу, што гэтае зло мусіць быць пакаранае. Я бачыў усё на свае вочы, а не ў відэароліках у інтэрнэце. Справядлівасць і правасуддзе мусяць перамагчы. Мая гісторыя выйшла ў СМІ, таму я адчуваю на сабе адказнасць, што нельга спыняцца. Пакуль я змагаюся на адлегласці. Але прыйдзе час, мы вернемся і распішам калоны Палацу незалежнасці», – падсумаваў Аляксандр.

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў