Франак Вячорка пра Кангрэс і спрэчкі дэмсілаў: Нашая задача – аб'яднаць усіх, невырашальнага крызісу няма


Офіс Святланы Ціханоўскай абвесціў новы фармат дэмакратычнага форуму, які пройдзе 8–9 жніўня. Кангрэс новай Беларусі мае аб’яднаць беларускія дэмакратычныя сілы ў краіне і за яе межамі. «Белсат» распытаў старэйшага дарадцу Святланы Ціханоўскай Франака Вячорку, ці сапраўды ўтварыўся раскол у беларускай апазіцыі і ці зможа дэмакратычны форум зʼяднаць палітыкаў.

Франак Вячорка ў размове з «Белсатам» адзначае, што форум у Вільні будзе першаю магчымасцю пасля 2020 года ўсім дэмакратычным сілам сабрацца разам і выпрацаваць стратэгію. Раней, сцвярджае ён, былі сустрэчы для лідараў на 20–40 чалавек. У гэтым форуме возьмуць удзел не толькі палітыкі, але і прадстаўнікі грамадскага сектару, бізнесу, праваабаронцы, медыі. Мэта арганізатараў – зацікавіць кангрэсам не толькі палітычных лідараў, а людзей унутры краіны. «І гэта сапраўды выпрабаванне», – падкрэслівае Вячорка.

Меркаванні
Прычыны крызісу беларускай апазіцыі і шляхі яго пераадолення
2022.07.22 19:26

Хто будзе на кангрэсе

Суразмоўца «Белсату» кажа, што задача офісу Святланы Ціханоўскай – «быць парасонам і даваць месца ўсім». Таму на кангрэс прыедуць Вераніка і Валер Цапкалы, прадстаўнікі НАУ, а ў арганізацыйны камітэт увайшлі і прадстаўнікі «Супраціву», дзе ёсць Дзмітрый Шчыгельскі, які рэпрэзентуе кіберпартызанаў, прадстаўнікі Нацыянальнай платформы, прадстаўнікі НДА, «ByPol».

Больш за 5 тысяч беларусаў узялі ўдзел у Маршы Свабоды, які адбыўся ў польскай сталіцы з нагоды Дня Волі. Беларусы прайшлі ад плошчы Канстытуцыі да расейскага пасольства ў Варшаве, Польшча. На здымку – лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская. 26 сакавіка 2022 года.
Фота: Света Фар / Белсат

«У нас задача – абʼяднаць усіх. Не заўжды гэта проста, бо ёсць свае крыўды і напружанне. Не заўсёды яго бачым, але адчуваем. Таму трэба асцярожна балансаваць, каб кожнаму было месца, але каб не ператварылася ў «міжсабойчык», не стала пасядзелкамі для сваіх. Важна, каб там былі прадстаўнікі грамадскага сектару, якія адыгралі ключавую ролю ў 2020 годзе. Не палітыкі, а нізавыя ініцыятывы, якія самаарганізаваліся, з усёй Беларусі. Трэба, каб галасы тых, хто ствараў хвалю беларушчыны і рэвалюцыі, таксама былі на кангрэсе».

Што будзе на кангрэсе

Франак Вячорка адзначае, што на форуме паспрабуюць прэзентаваць кірункі дзейнасці, якія цяпер найбольш важныя для беларусаў. Паводле праведзеных апытанняў перад рыхтаваннем да кангрэсу, асноўныя пытанні, якія хвалююць беларусаў, – незалежнасць Беларусі і сацыяльна-эканамічны дабрабыт. Адной з асноўных панеляў будзе дыскусія, як выйсці з крызісу, як дапамагчы беларусам, арганізацыям і бізнесам – тым, хто ўнутры краіны, і тым, якія вымушана зʼехалі.

Вячорка абяцае, што будзе змененая канфігурацыя дэмакратычных сілаў «у залежнасці ад таго, як розныя палітычныя групы паміж сабой дамовяцца».

«Гэта не так проста, бо ў кожнага сваё бачанне, як гэта павінна функцыянаваць. Мы спадзяемся, што выйдзем з гэтага кангрэсу з новай структурай канцэпцыі Каардынацыйнай рады. Наўрад ці будзе абвешчаны кабінет, бо пра гэта цяжка дамовіцца і задаволіць усіх».

Таксама плануецца зрабіць асобныя сектары для медыяў, грамадзянскай супольнасці ды бізнесу, дзе можна будзе абмеркаваць асноўныя кірункі лабіявання інтарэсаў гэтых групаў.

Каментар
Ці будзе «Ціханоўская-каралева» і «Чэрчыл-прэм’ер»? Спыталі Офіс Ціханоўскай пра ідэі Пракоп’ева
2022.07.16 21:58

«Бо цяпер Беларусь аказалася раздзеленая на тых, хто ўнутры краіны, і тых, хто зʼехаў. Нашая задача гэтыя палавіны сшыць, дапамагчы ім камунікаваць. Каб тыя, хто зʼехаў, не адрываліся ад Беларусі».

Ці магчыма абʼяднанне групаў дэмакратычнай Беларусі, якія існуюць за мяжой, і тых, хто застаўся ў Беларусі?

Франак Вячорка ўпэўнены, што цяпер у дэмакратычных структурах няма крызісу, які нельга развязаць. Усе робяць сваю частку працы дзеля зрынання рэжыму і вяртання Беларусі незалежнасці. З Валерам Цапкалам Святлана Ціханоўская сустракалася чатыры разы за апошнія месяцы, а з Паўлам Латушкам – дзясяткі, зазначае Франак Вячорка.

«Палітыкі змагаюцца за клікі, інтарэс і ўрэшце за ўладу, бо многія з іх прэтэндуюць на палітычнае лідарства ў будучыні, акрамя Ціханоўскай. Не трэба гэта ўспрымаць як разʼяднанне. Павел Латушка больш радыкальны і смелы ў заявах, Святлана Ціханоўская больш мяккая, акуратная і абʼяднаўчая, Валер Цапкала прысвячае шмат увагі Лукашэнку-тэрарысту і збірае грошы на ягоныя пошукі. Нармальна, калі розныя лідары праводзяць свае кампаніі. Галоўнае, каб гэта не перарастала ў спрэчкі і сваркі».

Кангрэс новай Беларусі запланаваны на 8–9 жніўня. Мерапрыемства мае на мэце дапамагчы асэнсаваць два гады беларускага супраціву пасля прэзідэнцкіх выбараў, а таксама скарэктаваць стратэгію і структуру дэмакратычных сілаў. «Белсат» плануе асвятляць падзею.

belsat.eu

Стужка навінаў