«Дурны ўчынак кампаніі маладых людзей». Што вядома пра нядзельную страляніну ў ЖК «Менск Свет»


Каля 5-й гадзіны раніцы ў нядзелю, 24 ліпеня, жыхары ЖК «Менск Свет» пачулі гукі, падобныя да стрэлаў. Відэа, на якім добра чуваць нібыта аўтаматную чаргу, апублікаваў «Onliner». Пазней з Zerkalo.io звязаліся чытачы, якія ведалі, што адбылося.

Акрамя відэа, у чаце жыллёвага комплексу з’явіліся таксама фотаздымкі з гільзамі з месца здарэння. Паводле Zerkalo.io, яны засталіся ад халастых патронаў калібру 7,62×39 мм – акурат у такім калібры выкананы класічны аўтамат Калашнікава і яго версія АКМ, якая ёсць на ўзбраенні ў Беларусі. У халастых патронах няма куляў, імі немагчыма забіць ці параніць чалавека.

Гільзы пасля стральбы з халастых патронаў у ЖК «Менск Свет».
Фота: тэлеграм-чат «Менск Свет»

Паводле аповеду людзей, знаёмых з сітуацыяй, у тую раніцу да аднаго з хлопцаў, які жыве непадалёк ЖК «Менск Свет», прыехалі сябры. Адзін з іх прывёз макет аўтамата, які выкарыстоўваюць на здымцы кіно і які ў прынцыпе не можа страляць баявымі патронамі, толькі піратэхнічнымі.

«Яны як петарды, – распавёў мянчук. – Раніцай хлопцы выйшлі да пусткі, якая ёсць у раёне, і некалькі разоў выстралілі. Навошта? Чаму? Яны і самі не могуць зразумець. Ім здавалася, што яны не перашкодзяць спакою людзей, але выйшла інакш. Гэта быў дурны ўчынак, за які маладыя людзі хацелі б папрасіць прабачэння ў жыхароў ЖК».

Самі ж гэтыя хлопцы нідзе сябе не называюць і не паказваюць сваіх твараў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў