Больш за 10 тысяч беларусаў атрымалі ВНЖ у Літве з пачатку 2022 года


За шэсць месяцаў 2022 года дазвол на жыхарства ў Літве атрымалі 10 116 грамадзянаў Беларусі. Яшчэ 4400 заявак разглядаюцца, паведамляе партал LRT.

Дэпартамент міграцыі ў Вільні.
Фота: Sputnik Літва

Усяго, паводле Дэпартаменту міграцыі Літвы, беларусы ў студзені-чэрвені падалі 10 487 заявак. У лютым ВНЖ атрымалі 1343 беларусы, у чэрвені – 2160. Адмоўных рашэнняў амаль няма – сёлета не далі дазволу на жыхарства ў Літве толькі двум грамадзянам Беларусі.

Колькасць расейцаў, якія з пачатку 2022 года атрымалі ВНЖ у Літве, значна меншая – 1687 асобаў. Рост колькасці выдачы дазволаў на жыхарства ў Літве беларусам і расейцам назіраецца з 24 лютага – даты пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

Паводле LRT, 320 беларусаў стаяць у Літве на ўліку як беспрацоўныя. З іх 35 % шукаюць высокакваліфікаваную працу, 28 % – некваліфікаваную. 34 % беларусаў, зарэгістраваных у службе занятасці Літвы, указалі, што маюць вышэйшую адукацыю. Столькі ж не маюць прафесійнай адукацыі.

За паўгода літоўская служба занятасці дапамагла знайсці працу 177 грамадзянам Беларусі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў