У Нікарагуа арыштоўваюць кандыдатаў у прэзідэнты. Іх вінавацяць у здрадзе дзяржаве


Урад дзейснага прэзідэнта Нікарагуа Даніэля Артэгі затрымаў ужо сёмага патэнцыйнага кандыдата на пасаду прэзідэнта – Ноэля Хосэ Відорэ, паведамляе ВВС. Палітыка абвінавацілі ў спробе «падрыву суверэнітэту» краіны і здрадзе дзяржаве і змясцілі пад хатні арышт.

Ноэль Відорэ, патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты ў Нікарагуа.
Фота: Confidencial

Ноэль Відорэ планаваў выступіць кандыдатам ад групы Alianza Ciudadanos por la Libertad, якая выступае супраць Артэгі. 66-гадовага палітыка затрымалі ва ўласным доме ў сувязі са «здзяйсненнем дзеянняў, якія ставяць пад пагрозу незалежнасць, суверэнітэт, самавызначэнне Нікарагуа, а таксама падбухторваннем да замежнага ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы, зваротам па вайсковую інтэрвенцыю, атрыманнем фінансавання ад замежных дзяржаваў для правядзення тэрарыстычных актаў і дэстабілізацыі сітуацыі».

Прэзідэнцкія выбары ў Нікарагуа адбудуцца 7 лістапада.

75-гадовы Даніэль Артэга сёлета будзе балатавацца чацвёрты раз запар. Ён кіруе краінай з 2007 года, быў прэзідэнтам і ў 1985-1990 гадах.

Рэпрэсіі супраць патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты пачаліся ў Нікарагуа 2 чэрвеня. Супернікаў дзейснага прэзідэнта абвінавацілі ў пагрозе суверэнітэту краіны. Апазіцыйныя палітыкі сутыкнуліся з ператрусамі і начнымі арыштамі.

Сярод затрыманых – дачка экс-прэзідэнта краіны Крысціяна Чаморра, якая, згодна з вынікамі апытанняў, лічыцца фаварытам перадвыбарчай гонкі, палітычны аглядальнік Хаймэ Арэльяна.

Летась у снежні ў Нікарагуа быў прыняты закон, які забараняе «тым, хто просіць і вітае ўкараненне санкцыяў супраць Нікарагуа» прэтэндаваць на дзяржаўныя пасады. Цяпер гэты закон выкарыстоўваецца для апраўдання затрыманняў прадстаўнікоў апазіцыі.

Кандыдаты ў прэзідэнты ў Нікарагуа мусяць зарэгістравацца ў перыяд з 28 ліпеня па 2 жніўня, але закон забараняе рэгістрацыю тым, хто знаходзіцца пад судовым пераследам.

ГГ, belsat.eu

 

 

 

 

Стужка навінаў