Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларускай дыяспарай у аўтакефальнай царкве ў Нью-Йорку


Падчас сустрэчы беларуская лідарка выступіла перад прысутнымі па-беларуску. Прадстаўнікі дыяспары перадалі Ціханоўскай залаты знак Рады БНР ад Івонкі Сурвілы.

Беларуская аўтакефальная царква ў Нью-Йорку.
Фота: Белсат
Святлана Ціханоўская ў беларускай аўтакефальнай царкве ў Нью-Йорку.
Фота: Белсат

У нядзелю 25 ліпеня Святлана Ціханоўская сустрэлася з прыхаджанамі аўтакефальнай беларускай царквы ў Брукліне, Нью-Йорк. Лідарку беларускай апазіцыі царкоўны хор прывітаў спевам «Дай Божа, шмат год». Кіраўніца хору – беларуска, якая жыве ў ЗША яшчэ з часоў паваеннай эміграцыі – распавяла Святлане, што будынак царквы некалі быў набыты сіламі мясцовых беларусаў, а таксама, што храм адчынены для прадстаўнікоў усіх канфесіяў.

Святлана Ціханоўская ў беларускай аўтакефальнай царкве ў Нью-Йорку.
Фота: Белсат

Ціханоўская звярнулася да прысутных на беларускай мове:

«Нас аб’яднала бяда, і нас аб’яднала адна барацьба. Летась беларусы прачнуліся. Мала хто мог уявіць сотні тысячаў беларусаў на вуліцах і плошчах пад нашымі бел-чырвона-белымі сцягамі. Беларусы для ўсяго свету сталі прыкладам настойлівасці, міралюбства і вольналюбства. І цяпер для мяне кожны, хто змагаецца за свабоду нашай радзімы, гэта брат і сястра. У нас ужо ніколі не адабраць пачуцця годнасці. Мы з вамі – адна сям’я. Нажаль, у гэтай сям’і многія раскіданыя па свеце. Я хачу, каб мы былі той самай дружнай сям’ёй, дзе людзі збіраюцца разам, каб пераадолець пакуты. Узгадаем тых, хто не дачакаўся гэтай велічнай хвіліны: Канстанціна, Мікіту, Генадзя, Аляксандра, Рамана, Вітольда і Дзіму. Мы падзякуем ім і ўсім, хто змагаўся да апошняга за нашу свабоду і веру да канца ў нашую перамогу. І разам, агульнымі сіламі мы будзем будаваць новую Беларусь. Жыве наша вялікая і моцная беларуская сям’я. Жыве Беларусь».

Святлана Ціханоўская з залатым знакам Рады БНР.
Фота: Белсат
Копія крыжа Еўфрасінні Полацкай, які падаравалі Святлане Ціханоўскай.
Фота: Белсат
Святлана Ціханоўская ў беларускай аўтакефальнай царкве ў Нью-Йорку.
Фота: Белсат
Святлана Ціханоўская падаравала кнігу пра беларускія пратэсты «Я выходжу».
Фота: Белсат

Прадстаўнікі дыяспары перадалі Ціханоўскай залаты знак Рады БНР ад Івонкі Сурвілы, падаравалі копію крыжа Еўфрасінні Полацкай, ікону царквы, кветкі ад дыяспары Фларыды, куды пакуль няма візіту. Святлана ў сваю чаргу падаравала кнігу «Я выходжу» пра беларускі пратэст. Напрыканцы заспявалі гімн «Магутны Божа».

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў