Затрыманым, як сцвярджае БТ, закідаюць нясплату падаткаў. Паказалі «прызнанні» топ-менеджараў, з якіх не зразумець практычна нічога.
Дзяржаўны тэлеканал «Беларусь-1» паказаў у вечаровых навінах сюжэт пра затрыманых уласнікаў кампаніяў «Модум», «Юркас» і «21 век». Усіх іх вінавацяць у нясплаце падаткаў, сцвярджае тэлеканал, яны ў СІЗА КДБ.
У выпадку 21vek.by, заяўляе БТ, схема была такая: частку ўласнасці кампаніі нібыта фіктыўна прадавалі індывідуальным прадпрымальнікам, каб потым арандаваць прададзенае і плаціць менш падаткаў. Праз гэтую схему «21 веку» налічылі 172 тысячы рублёў, зэканомленых на падаткаў.
Сузаснавальнік ТАА «Трыавіст» (якой належыць «21 век») Павел Матусевіч у кадры сцвярджае, што дапусціў памылку па няўважлівасці, і праз яе плаціў падаткі як індывідуальны прадпрымальнік, са стаўкай 5 %, а не 16 %. Генеральны дырэктар і заснавальнік «21 века» Сяргей Вайніловіч у кадры кажа пра арэндную таксу на машыну, але з выразкі цяжка зразумець, што ён мае на ўвазе.
Яшчэ адна схема, сцвярджае БТ, была звязаная з фіктыўным імпартам і экспартам, праз гэта нібыта недаплацілі падаткаў на 677 рублёў. Падрабязнасці не раскрылі, паабяцалі расказаць больш у перадачы «Галоўны эфір» 25 ліпеня.
Ператрусы ў офісах інтэрнэт-крамы 21vek.by і вытворцы дзвярэй «Юркас», а таксама затрыманні ўласнікаў, адбыліся 22 чэрвеня. У касметычную кампанію «Модум» сілавікі прыйшлі 30 чэрвеня.
АА belsat.eu