Беларусы замежжа стварылі сэрвіс, каб уладкаваць землякоў, якія страцілі працу


Онлайн-сэрвіс для замовы і прапановы паслугаў для беларусаў планеты – так сцісла характарызуе сябе платформа «Pasluga», дзе любы ахвотны можа пакінуць апісанне сваёй паслугі ці абраць нешта патрэбнае з прапанаваных.

Сузаснавальнік платформы Вадзім Дабравольскi распавёў, што ідэя з’явілася з практыкі іншага праекту:

«Мы рабілі платформу для таго, каб людзі ў Беларусі мелі магчымасць дадатковага заробку. Гэта не першы праект, які мы запусцілі. Пасля жнівеньскіх падзеяў мы стварылі «IneedHelpBy» і апекаваліся людзьмі, якія трапілі ў цяжкую сітуацыю, пацярпелі ад рэпрэсіяў, чыіх блізкіх пасадзілі. Мы ім дапамагалі прадуктамі».

Hавiны
За месяц ініцыятыва «Ineedhelp» дапамагла 147 сем’ям, што пацярпелі ад уладаў
2020.09.23 19:41

Каманда праекту «Pasluga» сабралася стыхійна, калі людзі за мяжою Беларусі не ведалі, як дапамагчы землякам, што сутыкнуліся з жахлівымі рэпрэсіямі, гвалтам і страчвалі працу ды заробак.

«Ты хочаш дапамагчы, але не ведаеш, што рабіць, як дапамагчы тым, хто застаўся сам-насам з Левіяфанам, але ты не можаш фізічна прысутнічаць, і твае магчымасці абмежаваныя. У пэўны момант нас сабралася крытычная маса, мы перазнаёміліся і пачалі рабіць праект «IneedHelpBy». Аднойчы мы зразумелі, што дзеля бяспекi i нашай каманды, i людзей, якiм мы дапамагаем, усе ўдзельнiкi праекту павiнныя быць за мяжой. Нават людзей з нашай каманды мы не можам пакуль назваць, бо яны маюць сваякоў у Беларусі», – распавёў Вадзім.

Сузаснавальнік праекту «Pasluga» Вадзім Дабравольскi. Фота прапанаванае рэдакцыі «Белсату»

Як кажа Вадзім, праект «IneedHelpBy» дапамог стваральнікам і беларусам замежжа лепей зразумець сітуацыю ў краіне, бо была багатая камунікацыя з тымі, хто пацярпеў ад палітычных рэпрэсіяў.

«Людзі былі ўдзячныя за харчовую дапамогу, але хацелі і самі зарабляць грошы. І сярод дыяспары таксама было вялікае жаданне дапамагчы непасрэдна грашыма. Гэтыя два фактары і сталі падмуркам сэрвісу «Pasluga», які дапамагае любому беларусу атрымаць ці сталы заробак, ці хаця б пэўны даход», – падкрэслівае Дабравольскi.

Першапачаткова стваральнікі праекту мелі на думцы звязаць беларусаў у Беларусі з беларусамі за межамі, аднак з часам стала відаць, што і жыхары краіны зацікаўленыя ў паслугах тых, хто ў Беларусі прапаноўвае свае таленты на платформе.

Вадзім адзначыў, што адна з мэтаў стварэння платформы – наладжваць гарызантальныя сувязі паміж людзьмі:

«З досведу нашага папярэдняга праекту тыя, хто дапамагаў, і тыя, каму дапамагалі, робяцца добрымі сябрамі. Гэта вельмі каштоўны вынік, і мы б хацелі бачыць такое і ў новым праекце».

Паслугі на «Pasluga»

Стваральнік платформы распавёў, што на «Pasluga» могуць быць размешчаныя не толькі экспертныя паслугі. Попытам карыстаюцца і працы, што не вымагаюць адмысловай адукацыі. Так, людзі за мяжой не могуць прыбраць могілак сваякоў ці паклапаціцца пра сваіх блізкіх – за дапамогу такога кшталту яны і гатовыя плаціць.

Ён таксама адзначыў, што ў пэўным сэнсе стварэнню праекту паспрыяла ізаляцыя падчас каронавіруса, калі людзі ўжо прызвычаіліся да паслугаў і адукацыі онлайн.

Падчас онлайн навучання на занятках у школе «Краіна сяброў». Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Белсат

Людзі, што прапаноўваюць свае паслугі на платформе, самыя вызначаюць кошт. Аднак ёсць і пэўная мадэрацыя.

«Калі паслугаў будзе рабіцца ўсё болей, мы чакаем, што кошты ўрэгулююцца натуральным чынам. Аднак на пачатковым этапе мы прыглядаем, каб кошты былі адэкватнымі. Мы хочам, каб абвесткі былі рэальнымі, а паслуга не можа каштаваць паўдолара ці адзін цэнт. З аўтарамі такіх прапановаў мы звязваемся, камунікуем і тлумачым, як варта працаваць», – распавёў Дабравольскi.

У першыя дні функцыянавання платформы «Pasluga» найбольш папулярнымі былі адукацыйныя прапановы.

«Мы мяркуем, што будуць карыстацца попытам і транспартныя перавозкі, і догляд сваякоў, дамоў, могілак, і рамонтныя працы», – падзяліўся меркаваннем стваральнік праекту.

Цяпер на платформе можна знайсці прапановы заняткаў ёгай, асабовага росту, догляду дзетак і жывёлінаў, стварэння сайтаў, фота- і відэапрадуктаў ды іншыя.

Вадзім перакананы, што колькасць катэгорыяў будзе расці:

«На сайце ёсць паштовая скрынка, куды можна пісаць прапановы. Аднак ёсць катэгорыі, якіх мы пастанавілі не дадаваць. Гэта найперш тычыцца медычных і псіхалагічных кансультацыяў. У асноўным праз тое, што мы працуем з міжнароднымі правайдарамі, і яны не дазваляюць трансакцыяў для аплаты такой працы».

Замоўцы з часам таксама змогуць пакідаць на сайце свой запыт на паслугу, калі не знойдуць адпаведнай прапановы на сайце.

Як гэта працуе?

Прапановы на сайце маюць розны кошт: ад 5 долараў да 200. Усе яны папярэдне мадэруюцца.

«У нас двухэтапная мадэрацыя. Мы правяраем людзей і іхныя паслугі. Цяпер мы не патрабуем дакументаў, якія пацвярджаюць кваліфікацыю. Мы разлiчваем, што якасныя паслугі будуць мець высокiя рэйтынгі ад пакупнiкоў i таму карыстацца большым попытам. Таксама ў нас прадугледжаны механiзм аспрэчвання калi паслугу не выканалі», – патлумачыў Вадзім.

Стваральнікі ініцыятывы раяць выкарыстоўваць псеўданімы пры прапанове сваіх паслугаў, каб унікнуць залішняга інтарэсу з боку сілавікоў, але чалавек сам можа вызначаць, ці адкрываць сваю асобу замоўцу.

«Калі вы ствараеце акаўнт, то пазначаеце свае рэальныя дадзеныя, але іх бачыць толькі каманда праекту. Гэтыя дадзеныя захоўваюцца за мяжой у бяспецы. Можна пазначаць асабісты псеўданім ці псеўданім крамы. А пра тое, як будзе здзяйсняцца паслуга, абодва бакі дамаўляюцца паміж сабою. Калі чалавек пачуваецца ў небяспецы, ён можа зладзіць тыя ж заняткі праз «Zoom» без відэа. Гэты выбар мы пакідаем людзям», – адзначыў Дабравольскi.

Беларускія рублі. Менск, Беларусь. 27 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Што з аплатаю?

На старонцы «Pasluga» пазначаныя два кошты – за самую паслугу і з улікам камісіі, якая складае 6 %.

Вадзім патлумачыў, што праект рабіўся на грошы ўдзельнікаў каманды, зарэгістраванай у ЗША. Манетызацыя праекту мае адбыцца менавіта праз закладзеную камісію.

«Гэтыя 6 % не цалкам нашыя. Мы карыстаемся некалькімі сэрвісамі для ажыццяўлення трансакцыяў, кожны з сэрвісаў бярэ пэўную камісію, недзе 4 %, і 2 % – гэта камісія нашай платформы, якая ідзе на гостынг і падтрыманне платформы. Варта адзначыць, што камісію сплачвае замоўца, а не прадавец паслугі. Мы зыходзілі з таго, што пакупнікі будуць за мяжою і менш абмежаваныя ў фінансах. А людзі, што прапаноўваюць свае паслугі, атрымліваюць менавіта тыя грошы, якія яны заявілі ў сваёй абвестцы», – падкрэсліў кіраўнік праекту.

Каманда ініцыятывы доўга думала, як пераводзіць з-за мяжы грошы з-за мяжы ў Беларусь. Прадавец паслугаў можа замовіць картку «Payoneer» ці перавесці грошы на рахунак беларускага банку.

«Крадзеж грошай у Беларусі цяпер – сур’ёзная праблема. А мы хацелі, каб гэта было бяспечна і легальна. Мы б не хацелі падстаўляць людзей, якія нам даверыліся. Таму мы выкарыстоўваем некалькі сэрвісаў для трансакцыяў. Мы падрабязна апісваем усе дзеянні ў нашых інструкцыях на сайце. А калі чалавек раней не працаваў самастойна, мы яго кансультуем. Да нас на днях звярнулася група настаўнікаў, для іх гэта ўсё ўпершыню. Мы з радасцю ідзём на кантакт і зладзілі з імі размову, каб патлумачыць некаторыя акалічнасці», – адзначыў Вадзім Дабравольскi.

Гісторыі
Хочацца жыць у свабоднай краіне. Навошта беларускія айцішнікі пераязджаюць у Польшчу?
2021.03.29 19:16

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў