Украінскае войска пакідае Севераданецк


Паводле словаў мэра Севераданецку, украінскім сілам было загадана пайсці з гораду. Такім чынам, горад на ўсходзе Украіны, што перажыў некалькі тыдняў бамбавання, фактычна ўзяты пад кантроль расейскімі сіламі. Пра гэта паведамляе BBC.

Завод «Азот» у Севераданецку.
Фота: ua-ru.info

Украінскае адступленне цяпер выглядае даволі значным, бо фактычна пакідае ўсю Луганшчыну пад кантролем Расеі, за выключэннем гораду Лісічанск. Луганск, пераважна расейскамоўны рэгіён на ўсходзе Украіны, стаў прыярытэтам для Уладзіміра Пуціна.

Разам з Данецкай вобласцю гэты рэгіён складае Данбас – вялікую прамысловую тэрыторыю, што з 2014 года застаецца ў цэнтры вайсковага канфлікту, інспіраванага Расеяй. Крыніцы РФ неаднаразова заяўлялі, што іх канчатковая мэта ў вайне – кантроль над гэтай тэрыторыяй.

Паведамляецца, што расейцы ўжо паспелі прызначыць каменданта Севераданецку. Таксама прапагандысты пачалі здымаць адпаведныя ролікі з людзьмі, эвакуяванымі з тэрыторыі заводу «Азот», якія каля трох месяцаў хаваліся ад абстрэлаў.

Выехаць з гораду ў бок Украіны стала немагчыма.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў