У ЗША адмянілі канстытуцыйнае права на аборт. Пачаліся масавыя пратэсты


Вярхоўны Суд ЗША 24 чэрвеня адмяніў рашэнне наконт прэцэдэнту «Роў супраць Ўэйда» 1973 года, пасля якога былі легалізаваныя аборты ў ЗША.

Цяпер штаты могуць забараняць аборты на сваё меркаванне. За адмену рашэння прагаласавалі пяцёра кансерватыўных суддзяў, трое з якіх былі прызначаны яшчэ пры Трампу.

Масавыя пратэсты ў ЗША пасля адмены права на аборт.
Фота: nytimes.com

Забарона на аборты ўжо набыла моц у дзевяці штатах ЗША: Алабама, Арканзас, Кентакі, Луізіяна, Місуры, Аклагома, Паўднёвая Дакота, Юта і Ўісконсін. Яшчэ ў 12 абмежаванні могуць увесці найбліжэйшым часам, падлічыла выданне «The New York Times».

Усяго забарона абортаў магчымая ў 30 штатах – гэта больш за палову краіны. У іх могуць ізноў увесці ў дзеянне законы, якія забаранялі спароны да 1973 года.

Раней у некаторых штатах ужо прымаліся законы, якія фактычна забараняюць аборты, напрыклад, у Аклагоме і Тэхасе.

Прэзідэнт Джо Байдэн ужо выступіў са зваротам з Белага дому, назваўшы пазбаўленне права на аборты «трагічнаю памылкай», і заявіў, што цяпер здароўе і жыццё амерыканскіх жанчын – у небяспецы: «Гэта сумны дзень для суда і для краіны». Адміністрацыя прэзідэнта збіраецца адказаць на рашэнне Вярхоўнага Суда.

Пасля абвяшчэння пастановы на вуліцах краіны пачаліся пратэсты. Выйшлі і тыя, хто супраць забароны на аборты, і тыя, хто падтрымлівае іх забарону.

Справа «Роў супраць Ўэйда» – гістарычнае рашэнне Вярхоўнага Суда ЗША адносна законнасці абортаў, якое пастанавіла, што празмернае дзяржаўнае рэгуляванне абортаў неканстытуцыйнае. Справа пачалася ў 1970 годзе, калі Джэйн Роў (прыдуманае імя, якое выкарыстоўваецца для абароны асобы) узбудзіла федэральны пазоў супраць пракурора акругі Дэлас, штат Тэхас, Гэнры Ўэйда, дзе жыла Роў.

У выніку суд пастанавіў, што жанчына мае права перапыніць цяжарнасць на ўласнае жаданне да таго часу, пакуль плод не стане жыццяздольны, гэта прыблізна 24–28 тыдняў.

Гісторыі
«Напой свабоды». Пра каву, кнігі і аўтазакі пагутарылі з Ігарам Сцяпанавым, беларускім барыстам у Варшаве
2022.06.25 08:30

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў