Пуцін не прыедзе ў Горадню, але абяцае перадаць «Іскандэры»


25 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка ізноў сустрэўся з Уладзімірам Пуціным у Санкт-Пецярбургу. Стала вядома, што Пуцін усё-ткі не прыедзе ў Горадню на «Форум рэгіёнаў». Лукашэнка ў сваю чаргу абвінаваціў Літву фактычна ў развязванні вайны і папрасіў пераабсталяваць беларускія бамбардзіроўшчыкі пад ядравыя боепрыпасы, паведамляе «БелТА».

Peter Kovalev; Sergei Bobylev / TASS / Forum

Лукашэнка пад час сустрэчы з Пуціным зрабіў шэраг адыёзных заяў. Па-першае, ён папрасіў Пуціна дапамагчы з «люстэркавым адказам» на палёты авіяцыі NATO з ядравай зброяй ля межаў Беларусі.

«Вы, калі ласка, дапамажыце нам хаця б прыстасаваць самалёты нашы, якія ў нас ёсць, якія могуць несці ядравыя зарады. Я не кажу пра тое, што мы заўтра перавязем (ці вы перавезяце) туды ядравыя боепрыпасы. Але жартаваць нам нельга. Мы памятаем 1941-й, калі нас закалыхвалі: «Усё будзе добра, усё ціха, ніхто не нападзе». А потым аказаліся не гатовыя да гэтага. Таму для нас вельмі сур’ёзная сітуацыя. Не першы раз стаўлю перад вамі гэтае пытанне. Ведаю, што вы разглядалі ў Міністэрстве абароны. Хацелася б пачуць, як будуць развівацца тут падзеі», – сказаў Лукашэнка.

Пуцін адзначыў, што на дадзены момант такой неабходнасці няма.

Лукашэнка распавёў Пуціну, што ён занепакоены канфрантацыйнай палітыкай Польшчы і Літвы. Таксама ён заявіў, што забарона на транзіт у Калінінград нагадвае абвяшчэнне вайны.

Без акрэдытацыі
Як Літва змагла паставіць Пуціна на месца
2022.06.24 19:46

Пуцін, у сваю чаргу, запэўніў, што перадасць Лукашэнку ракетныя комплексы «Іскандэр-М». У сферы вайсковага супрацоўніцтва, ён прапанаваў правесці ў Расеі пераабсталяванне самалётаў СУ-25, якія стаяць на ўзбраенні ў Беларусі.

Расейскі ракетны комплекс «Іскандэр».
Фота: mil.ru

Таксама Пуцін нагадаў, што за апошнія гады «інвеставаў» у эканоміку Беларусі звыш 4 млрд рублёў і збіраецца арганізаваць праграму імпартазамяшчэння.

Hавiны
Украінская выведка: Ракетнымі ўдарамі Расея хоча ўцягнуць Беларусь у вайну
2022.06.25 16:52

Стала вядома, што Пуцін не прыедзе ў Беларусь, як паведамлялася раней. Ён прыме ўдзел у «Форуме рэгіёнаў» у фармаце відэаканферэнцыі.

Палітолаг Андрэй Ягораў пракаментаваў у эфіры «Белсату» патэнцыял перадачы ядравай зброі ў Беларусь.

«Лукашэнка заўжды марыў, каб у яго была ядравая зброя. Ён быў незадаволены тым, што Шушкевіч перад ім вывеў зброю. З ядравай ён зможа мацней панаваць даўжэй і менш азірацца на сусветную супольнасць», – адзначыў Ягораў.

Аднак палітолаг мяркуе, што верагоднасць перадачы Расеяй зброі малая. Ягораў лічыць, што ўлады РФ самі хочуць моцна кантраляваць Беларусь, а наяўнасць уласнай ядравай зброі ўскладнілі б такі кантроль. Мужчына лічыць, што пакуль ідзе вайна, падобная зброя будзе выключна выкарыстоўваюцца як прадмет гандлю.

«Калі нешта такое здарыцца, то толькі пад кантролем расейскіх вайскоўцаў», – падсумаваў Ягораў.

Раман Лугоўскі belsat.eu

 

Стужка навінаў