Прэзідэнт Літвы: «Пра саступкі ў калінінградскім транзіце не можа быць і гаворкі»


Прэзідэнт Літвы пракаментаваў пагрозы МЗС РФ адносна магчымых агрэсіўных дзеянняў для «абароны інтарэсаў Расеі». Гітанас Наўседа адзначыў, што ўрад Літвы не збіраецца ісці на саступкі і неадкладна пачне кансультацыі з Еўрапейскай камісіяй наконт рэалізацыі санкцыяў, датычных калінінградскага транзіту, паведамляе «delfi.lt».

Гітанас Наўседа.
Фота: lrp.lt

Прэзідэнт Літвы мяркуе, што ўрад краіны мусіць неадкладна пачаць кансультацыі з Еўракамісіяй, каб уведзеныя санкцыі не нанеслі шкоды ні інтарэсам Літвы, ні міжнародным пагадненням. Ён адзначае, што толькі супольнымі намаганнямі можна дамагчыся, каб санкцыі супраць краіны-агрэсара былі дзейснымі.

Гітанас Наўседа адзначыў, што днямі абмеркаваў пытанне транзіту са старшынёй Еўракамісіі Урзуляй фон дэр Ляен і адзначыў, што Літва не збіраецца ісці на саступкі Расеі.

«Цалкам зразумела, што Літва мусіць і будзе трымацца санкцыяў ЕЗ. Літва мусіць і будзе захоўваць кантроль над таварамі, што правозяцца праз яе тэрыторыю, і ні пра якія «калідоры» не можа быць і гаворкі, як не можа быць і гаворкі пра саступкі Расеі ў адказ на пагрозы Крамля», – зазначыў прэзідэнт Наўседа.

Нагадаем, што пасля ўваходу ў сілу мінулым тыднем санкцыяў Еўрапейскага Звязу Літва абмежавала транзіт сталі і чорных металаў у Калінінград. У адказ Масква заявіла ў панядзелак, што транзітныя абмежаванні парушаюць міжнародныя пагадненні, і пагражала рашуча адрэагаваць. Літоўскія афіцыйныя асобы заяўляюць, што Расея неабгрунтавана вінаваціць Літву ў транзітных абмежаваннях, бо насамрэч Вільня проста выконвае санкцыі ЕЗ.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў