«Хацелася б, каб не толькі немцы яе прачыталі». Вольга Шпарага прэзентавала ў Берліне кнігу пра беларускую рэвалюцыю


24 чэрвеня беларуская філосафка Вольга Шпарага прэзентавала ў Берліне кнігу «У рэвалюцыі жаночы твар». Яна была напісаная пасля таго, як увосень мінулага года аўтарка была вымушаная з’ехаць з Беларусі. Наклад выйшаў у выдавецтве «Suhrkamp» і ўжо карыстаецца попытам у крамах, а тым часам нямецкі тэлеканал ZDF супольна з газетаю «Die Zeit» і радыёстанцыяй «Deutschlandfunk Kultur» улучыў кнігу ў дзясятку найлепшых за ліпень – жнівень.

Вольга Шпарага.
Фота: facebook.com/olga.shparaga

Мы распыталі Вольгу пра выданне, жаночы твар рэвалюцыі ды тое, якія пытанні ёй задаюць на лекцыях у нямецкіх універсітэтах.

– Гледзячы на назву кнігі, рэвалюцыя ў Беларусі адбылася. У чым гэта выяўляецца?

– Я выкарыстоўваю паняцце «рэвалюцыя ў працэсе». Зыходзячы з даследаванняў,

прапанаваных, напрыклад, «Народным апытаннем», і таго, што людзі кажуць у інтэрв’ю, беларускае грамадства перажыло сурʼёзную трансфармацыю. Удзельнікі і ўдзельніцы супраціву адчуваюць, што не могуць вярнуцца ў пункт, з якога выйшлі 9 жніўня. Лукашэнка і ягоны рэжым усімі сіламі хочуць вярнуць іх у стан паслухмяных, згодных, баязлівых, раз’яднаных, атамізаваных, а грамадства ўсімі сіламі адказвае на гэта: «Не!», хаця цяпер і складана працягваць супраціў. Сацыяльная эмансіпацыя, палітычная субʼектывацыя і ўзаемападтрымка жывяць супраціў, і ў будучыні новы стан грамадства павінен прынесці перамогу і над палітычным рэжымам.

Арыштаваную год таму калекцыю «Белгазпрамбанку» вярнулі ў галерэю. Галерэя «Арт-Беларусь». Менск, Беларусь. 23 чэрвеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

– З якога ракурсу вы разглядаеце беларускія падзеі ў сваёй кнізе?

– Першая частка прысвечаная жанчынам ды іхнай актывізацыі, пачынаючы з чэрвеня – моманту, калі арыштавалі «Еву» Хаіма Суціна. Цяпер «Ева» зноў у Палацы мастацтва, будзем лічыць гэта добрым знакам. Ужо ў чэрвені жанчыны выявілі сябе як актыўныя асобы, якія хацелі б уплываць на тое, што адбываецца ў краіне. У ліпені мы пабачылі абъяднаны штаб, 12 жніўня адбыўся першы жаночы ланцуг салідарнасці, 29-га – першы жаночы марш, потым з’явіўся досвед сястрынства ў турмах. Жанчыны выступілі сілаю на ўзроўні калектыўнага субʼекта, і па дзеяннях уладаў мы ўбачылі, што гэта выклікала ў іх асцярогу. Другі раздзел кнігі прысвечаны грамадству як рухальнай сіле рэвалюцыі. Я лічу, што гэты пратэст робіць не апазіцыя ці асобныя палітычныя рухі, а менавіта грамадства ў сваёй разнастайнасці. Я паказваю гэта на прыкладзе шэрагу феноменаў. Напрыклад, учынак дыджэяў пераменаў прывёў да з’яўлення плошчы Пераменаў, потым у горадзе развіліся дваровыя актыўнасці. Я таксама апісваю ўмовы, у якіх усё гэта здарылася, і чаму яно здарылася менавіта ў 2020-м. У трэцяй частцы я намагаюся асэнсаваць усё, што адбылося. Мая пазіцыя ў тым, што нашая рэвалюцыя постнацыянальная, бо ў яе цэнтры перадусім не нацыянальная і культурная ідэнтычнасць, а практыкі салідарызацыі.

Марыя Калеснікава ідзе побач з Нінаю Багінскай падчас традыцыйнага нядзельнага маршу. Менск, Беларусь. 30 жніўня 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

– Марыю Калеснікаву вы ставіце на першае месца сярод гераінь. Чаму?

– Яна ў кнізе адна з важных гераінь. Для мяне як феміністкі значна, што Марыя Калеснікава яшчэ да выбараў у інтэрвʼю казала пра фемінісцкую агенду, выступала за Закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту, дапамагала жанчынам, бо ў сферы культуры ім цяжэй, чымся мужчынам. Але, безумоўна, яна важная для ўсіх групаў, бо запрапанавала ўзор смеласці і нечаканасці. Ганна Арэнт казала, што спантаннасць – ядро свабоды і супраціву. Дык вось Марыя Калеснікава – прыклад палітычнай спантаннасці, які не можа не натхняць.

Hавiны
Праблемы ў адукацыі, дапамога студэнтам і выкладчыкам. Чым займаецца Офіс адукацыі пры кабінеце Ціханоўскай?
2021.02.03 08:45

– Якія набыткі, атрыманыя за гэты час, з намі застануцца?

– Я ўжо згадвала пераход у стан атамізаванага, звязанага грамадства, у якім вялікую ролю адыгрывае салідарнасць. Я лічу гэта і экзістэнцыйным заваяваннем: людзі адчулі, як шмат дае тое, што ты можаш рабіць нешта разам з суседзямі альбо сваёй прафесійнаю суполкай, як важна супольна абараняць свае правы. Другі зрух – грамадская эмансіпацыя. Розныя групы – настаўнікі, спартоўцы, медыкі, людзі старэйшага веку – зразумелі свае праблемы і тое, як палітычны рэжым іх прыгнятае, пазбаўляе голасу і правоў. Кожная група хоча лепшага становішча, а гэта бачаць іншыя: калі сталі выходзіць жанчыны, хутка пачаліся маршы людзей старэйшага ўзросту, потым выйшлі людзі з інваліднасцю. Гэта, натуральна, уражвае. Потым крэатыўнае вымярэнне: мы ведалі, што мы творчыя, але ў гэты час не толькі музыкі і мастакі сябе праявілі, само грамадства стала мастаком ці мастачкай. І гэтая крэатыўнасць працягваецца: людзі ладзяць маленькія акцыі, рэагуюць нейкімі жартамі, ствараюць у візуальных фарматах. Думаю, гэта нас падтрымлівае. Нарэшце, адбылася палітызацыя беларускага грамадства, бо для значнай колькасці людзей палітыка стала нечым рэальным і важным. Цяпер ужо ёсць уяўленне таго, якою будзе дэмакратычная Беларусь. Мы гэта ўяўляем, але пакуль не можам справіцца з дыктатарам.

Вокладка кнігі. Фота з сайту https://www.deutschlandfunkkultur.de/

– Якія паралелі ды аналогіі з філасофскімі канцэпцыямі ў вас узнікаюць, калі вы глядзіце на апошні год у Беларусі?

– У кнізе я апіраюся на шэраг даследнікаў і філосафаў. Я ўжо называла Ганну Арэнт. Яна, дарэчы, казала, што рэвалюцыя адбываецца якраз тады, калі зʼяўляецца палітычнае ўяўленне пра будучыню. Я таксама звяртаюся да сучаснага фемінісцкага тэарэтыка Джудыт Батлер, якая апісвае сучасныя формы пратэстаў і заўважае, што яны маюць іншы характар за кошт таго, што людзі перадусім выстройваюць сеткі ўзаемападтрымкі. Феміністкі звязваюць гэта з паняццем клопату. Батлер таксама падкрэслівае ролю жанчын, якія дапамагаюць актывізавацца іншым групам.

Hавiны
Арганізатарка жаночых маршаў: пратэсты зменяцца, але не знікнуць
2020.09.25 14:21

– Ці можна назваць беларускую рэвалюцыю жаночаю?

– Жанчыны адыгралі ў ёй важную ролю, але гэта рэвалюцыя ўсяго грамадства. Вельмі важным стала тое, што, адна на адну рэагуючы, у яе ўключыліся розныя групы. У той жа час можна сказаць, што гэта рэвалюцыя з жаночым тварам, бо жанчыны ўвасобілі новыя стратэгіі – салідарызацыю, камандную работу, тое, што можна не быць палітыкам, але дарасці да яго. Лідаркі з абʼяднанага штабу паказалі, што слабасць можа быць сілаю. Калі мы слабыя, мы не баімся сказаць, што стаміліся і шукаем узаемнага падтрымання. Усё гэта натхняла, а ў людзей жа не было досведу пратэстаў, і, каб у іх браць удзел, неабходна было ўвесь час недзе знаходзіць сілы.

Ланцуг салідарнасці каля Чырвонага касцёла
27 жніўня 2020 года. Жаночы ланцуг салідарнасці каля Чырвонага касцёлу ў Менску, у якім падчас мітынгу 26 жніўня АМАП заблакаваў сотню чалавек.
Фота: ТК / Belsat.eu

– Вы пісалі кнігу за мяжою. Што ў беларускіх падзеях можна ўбачыць толькі звонку, а што, наадварот, з-за мяжы было не бачна?

– Я апісвала ў асноўным тое, што сама перажыла. Да канца кастрычніка я была ў Менску і напружанне, настроі, маршы, дваровыя актыўнасці альбо ўдзел у Каардынацыйнай радзе зведала сама. А ўжо смерць Рамана Бандарэнкі і снежаньскія актыўнасці назірала звонку. Калі я пісала кнігу, я была так моцна паглыбленая ў тэму, што адзіным адрозненнем для мяне было адчуванне бяспекі, у астатнім здавалася, што я яшчэ ў Менску.

– Як вы ўладкаваліся за мяжою пасля вымушанага адʼезду і ці збіраецеся вяртацца ў новую Беларусь?

– Вядома, я хачу вярнуцца. І вакол мяне – і ў Нямеччыне, і ў Кіеве, калі я туды ездзіла, – вялізная колькасць людзей, якія былі вымушаныя з’ехаць, але хочуць вярнуцца, таму актыўна працуюць і дапамагаюць адно аднаму і тым, хто застаўся. У мяне ёсць фінансавая падтрымка з боку ініцыятывы Марціна Рота для прадстаўнікоў сферы культуры ў выгнанні, а з 1 студзеня я атрымала навуковую стыпендыю ў Берлінскім універсітэце імя Гумбальта. Пакуль буду далей развіваць ідэі, якія назначыла ў кнізе, і звязваць працу з Беларуссю. Міжнародная салідарнасць захоўваецца. Для гэтага трэба рабіць усё, кніга – таксама нагода для выступаў. З моманту, як я аказалася за мяжой, я шмат выступаю: і ва ўніверсітэтах з лекцыямі і дыскусіямі, і ў СМІ. Лічу сваёй місіяй расказваць пра Беларусь, што працэсы працягваюцца, што гэта агульнаеўрапейская праблема. І беларусы ды беларускі не здадуцца.

Жанчыны на чарговай акцыі салідарнасці з ахвярамі і пацярпелымі. Выйшлі каля 200 чалавек, яны паказваюць, што ім усё яшчэ не страшна. Плошча Перамогі, Менск, Беларусь. 20 жніўня, 2020 года. Фото: Света Фар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

– Якія пытанні вам найчасцей задаюць на сустрэчах?

– Ва ўніверсітэтах, куды на лекцыі прыходзілі і шэсцьдзесят, і дзвесце чалавек, часта выказваюць захапленне. Кажуць, што адкрылі для сябе Беларусь, што здзіўленыя нашымі мірнымі пратэстамі і тым, што беларускае грамадства такое разнастайнае. Экалагічнае вымярэнне, крэатыўнасць, выкарыстанне сучасных тэхналогіяў – усё гэта ўзрушае. Некалькі разоў мяне пыталі пра характар выступлення жанчын, маўляў, у белым адзенні з кветкамі яны рэпрэзентавалі мужчынаў. Даводзілася тлумачыць, што жанчыны не толькі за мужчынаў выходзілі, але і агучвалі свае інтарэсы. Былі пытанні, ці сапраўды розныя групы бралі ўдзел у пратэстах, ці пратэставалі толькі ў Менску, ці падобна гэта да трансфармацыі ва Усходняй Еўропе ў 1989 годзе.

– Ці адчуваеце вы інтарэс да кнігі ў Нямеччыне і на якога чытача яна разлічаная?

– Кнігу добра купляюць, у мяне бяруць шмат інтэрвʼю, выдавец таксама сказаў, што да кнігі вялікі інтарэс, я бачу цікавасць і ў акадэмічным асяроддзі. Калі б яна выйшла ў канцы мінулага года, попыт быў бы яшчэ большым. Для нейкай часткі нямецкага грамадства гэта важна: нехта толькі адкрывае для сябе Беларусь, нехта хоча лепш разабрацца ў тым, што адбываецца. Але, вядома, мне хацелася б, каб не толькі немцы прачыталі кнігу. Мая сяброўка Юлія Міцкевіч і муж Аляксандр Адамянц лічаць, што яна перадусім для беларускага чытача і чытачкі. Яна нагадвае перыяд вялікіх пратэстаў, які нас натхняе. Напэўна, важна пра яго помніць, бо гэта дапамагае захоўваць веру ў перамены.

ІК, belsat.eu

Стужка навінаў