Генпракуратура накіравала ў суд справу Калеснікавай і Знака


Максім Знак, Марыя Калеснікава, Ілля Салей. Крыніца: @franakviacorka / Twitter

Сябраў Каардынацыйнай рады вінавацяць у спробе захапіць уладу і кіраванні экстрэмісцкай арганізацыяй, паведамляе Генпракуратура.

Марыю Калеснікаву і Максіма Знака вінавацяць у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 357 («Змова з мэтаю захапіць уладу неканстытуцыйным чынам»), ч. 3 арт. 361 («Заклікі да захопу ўлады праз СМІ і інтэрнэт») і ч. 1 арт. 361-1 («Стварэнне ці кіраванне экстрэмісцкім фармаваннем») Крымінальнага кодэксу.

Агулам паводле трох артыкулаў пакаранне можа скласці да 24 гадоў пазбаўлення волі.

Паводле матэрыялаў справы, Калеснікава і Знак разам з іншымі асобамі не пазней за 16 ліпеня 2020 года ўступілі ў таемную змову з мэтаю захапіць дзяржаўную ўладу неканстытуцыйным шляхам. Удзельнікі размеркавалі ролі ў злачынстве супраць дзяржавы і прыступілі да выканання.

Нібыта згодна з планам, яны ў розных месцах, абвясціўшы сябе прадстаўнікамі пераважнай большасці грамадзянаў Беларусі, рыхтавалі і публічна агучвалі заявы пра перамогу ў выбарах Святланы Ціханоўскай, страту народам Беларусі даверу да органаў улады і кіравання, слабасці дзейных уладаў. А таксама заклікалі да забастовак на дзяржаўных прадпрыемствах.

Неаднаразова наўпрост і ў завуаляванай форме заклікалі прызнаць выбары несапраўднымі, а Лукашэнку – нелегітымным.

Марыю і Максіма затрымалі ў пачатку верасня 2020 года: Знака – у офісе Бабарыкі, а Калеснікаву спрабавалі вывезці ва Украіну, але яна адмовілася пакінуць краіну.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў