Віцэ-прэм'ер Беларусі Снапкоў: Праз агрэсіўныя санкцыі спажывецкія кошты выраслі на 16,8 %


Віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў, выступаючы на ​​супольным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі, зрабіў заяву пра наступствы заходніх санкцыяў, уведзеных праз парушэнне правоў чалавека, фальсіфікацыю выбараў і гвалт у дачыненні насельніцтва краіны. Паводле чыноўніка, санкцыі носяць задушлівы характар, паведамляе БелТА.

Мікалай Снапкоў, намеснік прэм’ер-міністра.
Фота: Belarus.by

«Новыя санкцыі носяць беспрэцэдэнтны маштаб, на вялікае – задушлівы характар. Канчатковая задума Захаду – нанесці ўдар па ўзроўні жыцця нашых людзей, выклікаць іхную незадаволенасць, сацыяльную напружанасць праз паслабленне патэнцыялу асноўных галінаў і сфераў эканомікі», – сказаў Мікалай Снапкоў.

Чыноўнік зазначыў, што ўведзеныя санкцыі супраць беларускіх угнаенняў, нафтапрадуктаў, іншых відаў прадукцыі, сур’ёзны ўдар атрымала і авіяцыйная галіна:

«20 % беларускай эканомікі непасрэдна пацярпелі ад санкцыяў, ускосна пацярпела астатняя частка эканомікі».

Першы віцэ-прэм’ер расказаў пра каналы ўплыву санкцыяў. Гаворка пра забарону на экспарт, абмежаванні на пастаўкі тэхналогіяў і абсталявання, што ў перспектыве спыніць развіццё. Яшчэ адзін канал – адключэнне ад SWIFT шэрагу буйных банкаў, забарона аперацыяў з Нацыянальным банкам, абмежаванне доступу на фінансавыя рынкі.

Hавiны
Лукашэнка паскардзіўся Пуціну ў Сочы, што Польшча і натаўцы збіраюцца захапіць Заходнюю Украіну
2022.05.23 16:42

Снапкоў адзначыў, што дзяржава можа недалічыцца 14 млрд долараў экспартнай выручкі праз санкцыі і вайну ва Украіне. Экспарт можа зменшыцца на 30 %. Кампенсаваць страты ўрад мае намер павелічэннем экспарту ў Расею на 40 %.

Таксама чыноўнік зазначыў, што за 4 месяцы дзяржаўная эканоміка недаатрымала 2,3 % ВУП, а «негатыўны ўплыў недружалюбных дзеянняў нарастае…»

«У красавіку гадавы прырост спажывецкіх коштаў склаў 16,8 %. Асноўны ўнёсак у інфляцыю зрабілі: у групе харчоў – мяса і мясапрадукты, агародніна і садавіна, кандытарскія вырабы; у нехарчовых – легкавыя аўтамабілі, адзенне, электратавары і бензін; у паслугах – жыллёва-камунальныя паслугі», – сказаў Снапкоў.

Нагадаем, што 23 красавіка Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з Уладзімірам Пуціным таксама закрануў тэму санкцыяў і эканомікі. Ён выказаў меркаванне, што эканоміка яшчэ мацней развівацца праз ціск з Захаду і адкрыла новыя магчымасці.

Раман Лугосўкі belsat.eu

Стужка навінаў