У Беларусі змогуць уладкоўваць на працу ўкраінскіх медыкаў без дакументаў


У Беларусі будуць уладкоўваць на працу ўкраінскіх медыкаў – тых, хто мае дакументы, якія пацвярджаюць стаж працы, і тых, хто не мае. Абавязковая ўмова – толькі наяўнасць дыплома. Такая норма рэалізаваная ў пастанове Міністэрства аховы здароўя, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu

Пастанова ўсталёўвае правілы, пры якіх дазваляецца допуск да працы медычных, фармацэўтычных работнікаў, якія атрымалі адукацыю за мяжой. Яны мусяць падаць дакументы, якія пацвярджаюць іх адукацыю і кваліфікацыю.

Выключэнне зрабілі для грамадзянаў Украіны, якія пакінулі краіну пасля пачатку вайны і накіравалі запыт аб наданні статусу ўцекача ў Беларусі. Іх могуць прыняць на працу нават у выпадку, калі няма «аб’ектыўнай магчымасці падаць дакументы, якія пацвярджаюць стаж працы».

Выпускнікі ўкраінскіх медычных ВНУ мінулага года могуць быць прынятыя на пасады лекараў-інтэрнаў, правізараў-інтэрнаў для праходжання інтэрнатуры.

Абноўлена
У Беларусі арыштавалі каля 30 артапедаў-траўматолагаў
2022.03.29 11:46

Грамадзяне Украіны, якія маюць стаж працы на пасадах дактароў-спецыялістаў, правізараў-спецыялістаў, могуць быць прызначаныя на пасады медычных, фармацэўтычных працаўнікоў у адпаведнасці з профілем атрыманай адукацыі. Аднак яны будуць павінны працаваць як мінімум 6 месяцаў пад наглядам медычнага або фармацэўтычнага работніка. Пасля здачы кваліфікацыйнага іспыту яны змогуць працаваць самастойна.

Праца пад наглядам на працягу паўгода прадугледжаная і для медычных работнікаў сярэдняга звяна, якія прыехалі з Украіны. Пасля шасцімесячнага выпрабавальнага тэрміну яны таксама будуць дапушчаныя да самастойнай працы.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў