«Прасцей будзе выканаць задачы ў Беларусі». Як рыхтуюцца навабранцы палка імя Кастуся Каліноўскага


Беларускае вайсковае фармаванне ва Украіне – полк Каліноўскага – зусім нядаўна атрымаў свой цяперашні статус, таму актыўна рыхтуе новых байцоў. Здымачная група «Белсату» ўпершыню наведала трэнавальны палігон беларускага падраздзялення, дзе цяпер рыхтуюць навабранцаў. Байцы палка Каліноўскага распавялі пра свой шлях, сістэму падрыхтоўкі, а таксама пра заданні цяпер і на будучыню.

Баец палка Кастуся Каліноўскага падчас трэнавання тактыкі вядзення бою. Кіеўская вобласць, Украіна. 23 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

З атрыманнем беларускім вайсковым фармаваннем статусу палка пачаўся актыўны працэс укамплектавання штату і набору новых байцоў-беларусаў. Таму заняткі ў трэнавальным цэнтры не спыняюцца ні на дзень.

«Падраздзяленне пашыраецца, мы абвясцілі полк і, адпаведна, будзем запаўняць штатную структуру. Відавочна, што чым болей беларусаў будуць мець баявы досвед, тым прасцей нам будзе развязваць пастаўленыя заданні – пакуль ва Украіне, але з часам яны будуць таксама і ў Беларусі», – распавядае адзін з байцоў Вадзім Кабанчук.

Беларускі ваяр з меркаванняў бяспекі не называе цяперашняй колькасці каліноўцаў, але адзначае, што лік ідзе на сотні.

Паводле Вадзіма, рыхтаванне каліноўцаў нагадвае курс маладога байца ў беларускай арміі, аднак адрозніваецца істотна вышэйшым прафесіяналізмам інструктараў. Заняткі складаюцца з тактычнага рыхтавання, вывучэння экстранай дамедычнай дапамогі, навучання страляць ды інструктажу ў справе размініравання. І гэта яшчэ не поўны спіс таго, чаму навучаюцца байцы палка Каліноўскага штодня: «Большая частка з нас ужо выконвае баявыя задачы. Хлопцы, якія цяпер на базе, увесь час рыхтуюцца. То бок спачатку людзі праходзяць курс маладога байца, потым фармуюцца баявыя роты, якія затым адпраўляюцца на перадавую».

Вадзім Кабанчук – баец палка Кастуся Каліноўскага. Адказвае за тактычнае рыхтаванне байцоў і адміністрацыйныя справы палка. Кіеўская вобласць, Украіна. 23 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат
Hавiны
«Калі Расею не спыніць, Буча будзе паўтарацца». Размова з байцом батальёну Кастуся Каліноўскага
2022.04.09 09:00

Цяперашняя задача палка Каліноўскага – абарона Украіны ад Расеі, а таксама поўнае яе вызваленне. Пасля гэтага, як плануюць, вайсковае фармаванне будзе вызваляць ужо сваю краіну ад рэжыму Лукашэнкі і Крамля. Але пакуль увага засяроджаная выключна на Украіне: «Тут ужо нюансы могуць быць больш тэхнічнага плану, якія будуць звязаныя з нашым падпарадкаваннем і размяшчэннем. Але сёння мы займаемся ваеннымі справамі ва Украіне, таму падпарадкоўваемся вайсковаму кіраўніцтву Украіны. Як далей будзе, пакуль цяжка сказаць, для нас гэта тэхнічны момант».

Пры гэтым далучыцца да палка Каліноўскага досыць проста: дастаткова звязацца з каардынацыйным цэнтрам у Варшаве ці напісаць у адпаведны Telegram-бот фармавання. То бок кожны поўнагадовы беларус, які гатовы вызваляць Украіну, можа далучыцца.

Шаўроны з Пагоняй і бел-чырвона-белым сцягам на плячы байца палка Кастуся Каліноўскага. Кіеўская вобласць, Украіна. 23 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Ужо дзейны баец палка Каліноўскага з пазыўным Леў сцвярджае, што яму пастанова далучыцца да фармавання далася вельмі лёгка: «Пачатак майму рашэнню паклаў 2020 год, ён зарадзіў вельмі моцную нянавісць да нашых уладаў, да ўсяго таго, што адбываецца, да Крамля і Расеі. І, адпаведна, калі ўжо пачалася вайна ўва ўсёй Украіне, для мяне гэта ўжо было нешта асабістае, мне стала балюча. І я падумаў, як магу дапамагчы ў гэтай сітуацыі».

Акрамя прычынаў, баец Леў распавёў і пра мэты, якіх хочуць дасягнуць байцы палка Каліноўскага: «Як і ў большасці нашых ваяроў, якія сюды прыязджаюць, якія становяцца ў нашыя шэрагі, мэта ўва ўсіх адна – не адседжвацца недзе. Мы цяпер інтэнсіўна трэнуемся толькі з тою мэтаю, каб максімальна быць гатовымі фізічна, псіхалагічна, маральна да выезду на «перадок». Гэта асноўная мэта ўва ўсіх, бо рэч не ў жаданні страляць, забіваць, а ў дадатковай фізічнай сіле, дадатковай баявой адзінцы для ўзмацнення маштабу вызвалення, каб выгнаць з тэрыторыі Украіны маскалёў. Я ўпэўнены ў тым, што з перамогай Украіны прыйдзе перамога Беларусі».

Баец палка Кастуся Каліноўскага з пазыўным Леў трэнуе тактыку вядзення бою. Кіеўская вобласць, Украіна. 23 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Баец з пазыўным Ярамір звяртае ўвагу на маральны бок сваёй пастановы далучыцца да палка: «Я вырашыў, што заставацца ў бяспецы ў Польшчы, калі тут гінуць дзеці, у маральным плане было папросту немагчыма. Пасля эвакуацыі з Беларусі ў 2020 годзе я жыў тры месяцы тут, усё сваё свядомае жыццё я стасуюся з украінцамі, вельмі добра да іх стаўлюся. Таму я не знайшоў для сябе магчымым заставацца ў бяспецы ў той час, калі тут гінуць людзі».

Полк Каліноўскага – самае вялікае і знакамітае беларускае падраздзяленне ўкраінскіх войскаў, што бярэ ўдзел у вайне ва Украіне. Першапачаткова быў створаны як батальён імя Кастуся Каліноўскага, які праз рост асабовага складу ў траўні 2022 года атрымаў статус палка. Касцяком падраздзялення сталіся беларусы, якія яшчэ з 2014 года абаранялі Украіну ў вайне з Расеяй. У яго шэрагах – шмат знаных актывістаў: заснавальнік руху «Зубр», спартова-патрыятычнай арганізацыі «Край» і «Маладога фронту», сябра БХД Вадзім Кабанчук, дзейны кіраўнік «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч, стваральнік паблікаў «Мая краіна – Беларусь» і «Усы Лукашенко» Сяргей Бяспалаў ды іншыя.

Байцы палка Кастуся Каліноўскага падчас трэнавання тактыкі вядзення бою. Кіеўская вобласць, Украіна. 23 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Байцы палка бралі актыўны ўдзел у баях каля Кіева, а таксама ў вызваленні тэрыторыі вобласці ад расейцаў.

З моманту стварэння фармавання загінулі шасцёра байцоў: Ілля Хрэнаў (пазыўны Ліцвін), Аляксей Скобля (пазыўны Тур), Зміцер Апанасовіч (пазыўны Тэрор), Зміцер Рубашэўскі (пазыўны Ганс), Канстанцін Дзюбайла (пазыўны Фенікс) і Павел (пазыўны Волат).

Баец палка Кастуся Каліноўскага з буйнакалібернай зброяй за спіной. Кіеўская вобласць, Украіна. 23 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат
Аптэчка на поясе байца палка Кастуся Каліноўскага. Кіеўская вобласць, Украіна. 23 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат
Баец палка Кастуся Каліноўскага з пазыўным Леў трэнуе тактыку вядзення бою. Кіеўская вобласць, Украіна. 23 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат
Артыкулы
«Яны дапамогуць нам вярнуць Беларусь». Як працуе каардынацыйны цэнтр для добраахвотнікаў, гатовых ваяваць за Украіну
2022.04.06 15:29

ВК belsat.eu

Стужка навінаў