Гэта што яшчэ за зараза такая? У Еўропу прыйшла воспа малпаў: што гэта такое, і з чым яе лепш не есці


Не паспеў свет адысці ад пандэміі каронавіруса і вайны ва Украіне, якая пагражае перарасці ў голад сусветнага маштабу, як у Еўропе аб’явілася воспа малпаў. Праз яе ўжо нават склікалася экстраннае пасяджэнне Сусветнай арганізацыі здароўя. Наколькі небяспечная новая зараза і ці такая яна новая? Карэспандэнты «Белсату» пастанавілі разабрацца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фото: Dado Ruvic / Reuters / Forum

Адкуль пайшлі заражэнні

Упершыню САЗ праінфармавала пра захворванні малпаваю воспаю 7 траўня. Яе знайшлі ў чалавека, які прыехаў у Вялікую Брытанію з Нігерыі. Праз тыдзень, 16 траўня, дактары выявілі яшчэ чацвярых хворых. Усе яны прадстаўнікі секс-меншасцяў.

«Мы выяўляем новыя выпадкі кожны дзень», – заявіла 22 траўня галоўная дарадца брытанскага ўраду ў медычных пытаннях Сьюзан Гопкінз.

Затым выпадкі распаўсюду воспы знайшлі ў Партугаліі, дзе ўсе інфікаваныя – мужчыны, якія стаяць на ўліку ў клініках для лячэння венерычных хваробаў. Трэцяю краінай, якая прызнала наяўнасць заражаных, сталася Іспанія, дзе, паводле медыкаў, вірус перадаваўся праз пацалунак. Агмянём заражэння зрабілася грамадская саўна ў Мадрыдзе.

Вірус распаўсюдзіўся і за межы Еўропы: наяўнасць інфікаваных пацвердзілі Аўстралія, Ізраіль, ЗША і Канада. Усяго, паводле звестак САЗ, 17 неэндэмічных краінаў паведамілі пра 131 выпадак малпавай воспы. Пакуль усе выпадкі працякаюць лёгка. Пра смерці падчас гэтага выбуху хваробы не паведамлялі.

Што ў Беларусі і суседзяў?

У суседніх з Беларуссю краінах малпавай воспы яшчэ не выявілі. Больш за тое, у польскім Міністэрстве аховы здароўя запэўнілі, што пакуль пагрозы шырэйшага распаўсюду віруса няма, як і няма пагрозы новай пандэміі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паверхня рук пацыента з малпаваю воспай, у якога былі выяўленыя праявы характэрнага высыпання на стадыі выздараўлення.
Фота: CDC / MEGA / the Mega Agency / Forum

У Міністэрстве аховы здароўя Беларусі, як і ў Расспажыўнаглядзе, імавернасць завязення малпавай воспы назвалі нізкай, «у сувязі з адсутнасцю авіязносінаў з большасцю краінаў свету». Аднак у пунктах пропуску на мяжы ўсё ж узмоцненыя захады санітарна-каранціннага кантролю. Дадаткова медыкаў навучаюць дыферэнцыйнай дыягностыцы хваробы, а ў РНПЦ эпідэміялогіі ды мікрабіялогіі распрацоўваюць тэст-сістэмы своечасовай дыягностыкі захворвання.

Пры гэтым у РФ адзначылі, што «раней пройдзеная вакцынацыя ад натуральнай воспы зніжае рызыкі цяжкай формы воспы малпаў, бо ўсе поксвірусы даюць добры крыжаваны імунітэт». І дзякуючы масавай вакцынацыі ад натуральнай воспы, якую праводзілі раней, ёсць «значная імунная праслойка, неабходная для купіравання распаўсюду малпавай воспы».

Новы ці стары вірус?

Воспа малпаў – рэдкая вірусная хвароба, што перадаецца чалавеку ад жывёлінаў, найбольш імаверна – ад грызуноў і прыматаў. Сімптомы ў чалавека падобныя да сімптомаў, што раней былі ў пацыентаў з натуральнаю воспай, але менш сур’ёзныя. Пасля ліквідацыі натуральнай воспы ў 1980 годзе воспа малпаў выйшла на першае месца паводле патагеннасці для чалавека сярод астатніх вірусаў воспы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Naked Science

Воспу малпаў сярод людзей упершыню выявілі ў 1970 годзе ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга (ДРК) у 9-гадовага хлопчыка. Таксама выпадкі заражэння чалавека воспаю малпаў фіксаваліся ў Рэспубліцы Конга, Камеруне, Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, Нігерыі, Кот-д’Івуары, Ліберыі, Сьера-Леонэ, Габоне і Паўднёвым Судане.

У 2003 годзе ў ЗША былі зарэгістраваныя першыя выпадкі заражэння малпаваю воспаю за межамі Афрыкі. Большасць хворых кантактавала з прыручанымі лугавымі сабачкамі, інфікаванымі афрыканскімі грызунамі.

Чарговы выпадак заражэння ў ЗША фіксаваўся менш за год таму – у лістападзе 2021 года ў пасажыра з Нігерыі. Тады ў САЗ папярэджвалі, што «рост колькасці міжнародных паездак ува ўсім свеце паказвае, што можна чакаць новых выпадкаў завозу вірусу з эндэмічных раёнаў або краінаў».

Якія шляхі перадачы?

Інфікаванне адбываецца ў выніку беспасярэдняга кантакту з крывёю, біялагічнымі вадкасцямі, закранутаю хваробаю скурай або слізістай інфікаваных жывёлінаў (малпаў, гамбійскіх пацукоў і вавёрак). Адзін з чыннікаў рызыкі – ужыванне ў ежу мяса інфікаваных жывёлінаў без належнага тэрмічнага апрацоўвання.

Работнік вакцынацыйнай кампаніі «Bavarian Nordic» у лабараторыі кампаніі ў Марцінсрыдзе недалёка ад Мюнхену, Нямеччына. 24 траўня 2022 года.
Фота: Lukas Barth / Reuters / Forum

Перадача ад чалавека чалавеку адбываецца ў выніку цеснага кантакту з інфікаванымі вылучэннямі з дыхальных шляхоў, пашкоджаннямі скуры інфікаванага чалавека або з прадметамі, заражанымі біялагічнымі вадкасцямі або матэрыяламі з агнішчаў паражэння хворага. Здараецца гэта пераважна паветрана-кропельным шляхам пры працяглым асабістым кантакце. Таксама інфікаванне можа адбывацца праз плацэнту.

Прыкметы і сімптомы малпавай воспы

Інкубацыйны перыяд малпавай воспы можа вагацца ў дыяпазоне ад 5 да 21 дня. Для першых пяці дзён характэрныя ліхаманкавы стан, моцны галаўны боль, павелічэнне лімфатычных вузлоў, боль у спіне і цягліцах, моцная слабасць.

Праз 1–3 дні пасля ліхаманкі з’яўляецца высыпка. Часцей за ўсё на твары (у 95 % выпадкаў), а таксама на далонях і ступаках (75 %), затым яна распаўсюджваецца па ўсім целе, у тым ліку на слізістай абалонцы рота (70 %), геніталіях (30 %), а таксама на павеках (20 %) і рагавіцы вока. Высыпка з часам ператвараецца ў струп, які пазней адпадае. У выніку могуць застацца рубцы.

«Людзі, хворыя на воспу малпы, з якімі я размаўляла, часта паведамляюць пра даволі зацяжную форму хваробы з грыпападобнымі сімптомамі з паражэннем органаў дыхання. Яны паведамляюць пра моцную нядужасць і болі. У іх моцная стомленасць. Самі высыпанні часта апісваюцца як вельмі балючыя», — распавяла адмыслоўца Цэнтру кантролю і прафілактыкі захворванняў ЗША Андрэа МакКолум.

Найчасцей захворванне праходзіць у лёгкай форме і знікае само за 2-3 тыдні. Часам назіраецца і цяжкая форма са смяротнасцю ад 1 да 15 %. Большасць выпадкаў смерці здараецца сярод дзяцей ранняга ўзросту.

Хварэюць толькі геі?

Паводле інфармацыі САЗ, у траўні выпадкі малпавай воспы «ў асноўным, але не выключна, былі выяўленыя сярод мужчынаў, якія маюць палавыя кантакты з мужчынамі». У Вялікай Брытаніі ў сувязі з гэтым ужо выказваліся ідэі вакцынаваць геяў. А ў Расеі ледзь не абвясцілі малпавую воспу «бізуном божым» для гомасексуалаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pavlo Gonchar / Zuma Press / Forum

У сваю чаргу загадчык лабараторыі Інстытуту малекулярнай генетыкі і Інстытуту біялогіі гена Расейскай акадэміі навук Канстанцін Севярынаў расказаў, што высокі адсотак геяў і бісексуалаў сярод тых, хто захварэў, можа быць звязаны з тым, што іхныя палавыя кантакты больш траўматычныя і часцей прыводзяць да пашкоджанняў слізістай абалонкі ды скуры, за кошт чаго і перадаецца вірус.

Аб’яднаная праграма ААН у справе СНІДу (UNAIDS) заклікала не дыскрымінаваць і не стыгматызаваць геяў, як гэта было ў пандэмію COVID з азіятамі. Паводле заявы арганізацыі, гэта перашкаджае выяўляць новыя выпадкі і заахвочвае неэфектыўныя карныя захады.

Як пазбегнуць заражэння

Для заражэння воспаю малпаў неабходны цесны кантакт з хворым чалавекам. У сувязі з гэтым САЗ рэкамендуе:

  • пазбягаць кантактаў з хворымі прыматамі;
  • не есці мяса дзікіх жывёлінаў;
  • рэгулярна санітарна апрацоўваць рукі;
  • прытрымлівацца асабістай гігіены;
  • засцерагацца падчас сексу;
  • цесна не кантактаваць з незнаёмымі асобамі.

Медыкі, якія працуюць з пацыентамі з вірусам малпавай воспы, павінны прымаць стандартныя захады бяспекі ў галіне інфекцыйнага кантролю. САЗ таксама рэкамендуе разгледзець магчымасць імунізацыі супраць натуральнай воспы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pixabay.com

Міністэрства аховы здароўя Беларусі раіць пры наведанні краінаў Заходняй і Цэнтральнай Афрыкі пазбягаць кантакту з грызунамі і прыматамі, а таксама ўжываць у ежу толькі добра прыгатаваныя прадукты жывёльнага паходжання. Пры кантакце з асобамі, якія прыбылі з краінаў, дзе зафіксаваныя выпадкі хваробы, і якія маюць сімптомы, падобныя да вострай рэспіраторнай інфекцыі, неабходна карыстацца маскай і не забываць пра гігіену рук.

Нетыповая сітуацыя

Сусветная арганізацыя аховы здароўя склікала экстранную нараду для абмеркавання малпавай воспы і інфекцыйных рызык ад яе. САЗ назвала апошнія выбухі хваробы нетыповымі, бо яны фіксуюцца ў краінах, для якіх захворванне нехарактэрнае.

Заклапочанасць выклікае тое, што воспу малпаў рэгіструюць у развітых краінах у людзей, якія не ездзілі ў Афрыку і не падазравалі пра кантакты з заражанымі асобамі. Пакуль няма доказаў таго, што вірус хваробы паспеў мутаваць, заявіла кіраўніца падраздзялення арганізацыі ў барацьбе з воспаю Розаманд Льюіс. Паводле яе, частата мутацыяў у віруса параўнальна нізкая, але ў САЗ працуюць над саквенаваннем генома ў надзеі зразумець прычыны цяперашняга выбуху.

Hавiны
САЗ склікае тэрміновую нараду праз успышку новай хваробы ў Еўропе. Што вядома
2022.05.21 08:50

А вось улетку, па паводле кіраўніка Еўрапейскага бюро САЗ Ганса Клюге, перадача віруса можа паскорыцца ў сувязі з масавымі сходамі, фестывалямі і вечарынамі:

«Я занепакоены тым, што перадача можа паскорыцца, бо выяўленыя цяпер выпадкі захворвання адносяцца да тых, хто актыўны ў палавым жыцці, а сімптомы шмат каму не знаёмыя».

САЗ заклікае не панікаваць праз тое, што падчас расследавання і пошуку кантактаў хворых, будзе выяўляцца ўсё больш новых выпадкаў хваробы. Гэтая захада неабходная, каб як мага хутчэй перапыніць ланцужок распаўсюду інфекцыі.

Гэта новая пандэмія, як каронавірус?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рука і тулава пацыента з малпаваю воспаю.
Фота: CDC / MEGA / The Mega Agency / Forum

Адмыслоўцы перасцерагаюць ад таго, каб параўноўваць малпавую воспу і каронавірус, бо яны занадта розныя. Як кажа інфекцыяніст і эпідэміёлаг з ЗША Шыра Доран, вірус малпавай воспы не настолькі заразны, бо не распаўсюджваецца аэразольна (дробнымі кроплямі, якія могуць пераадольваць вялікія дыстанцыі).

«Акрамя таго, малпавая воспа не хвароба, якая перадаецца падчас бессімптомнай фазы, што рабіла COVID-19 такім грозным ворагам», — заявіла Доран.

Паводле тэхнічнага дырэктара праграмы САЗ у барацьбе з пандэміяй COVID-19 Марыі Ван Керхоў, цяперашні выбух не ўяўляе сур’ёзнай небяспекі, асабліва ў Еўропе. Аднак, заявіла яна, хоць гэта і падкантрольная сітуацыя, пускаць на самацёк такія рэчы нельга.

«Мы лічым, што гэты выбух застанецца лакальным, а рызыка для здароўя шырокіх слаёў насельніцтва ацэньваецца як нізкая», — заявіў Зэбаст’ян Гюльдэ з нямецкага Міністэрства аховы здароўя.

Як адзначае расейскі вірусолаг Анатоль Альтштэйн, «пры пераходзе ад чалавека да чалавека вірус слабее і робіцца менш заразны ды менш патагенны», і «ў выніку пасля некалькіх перадачаў такі выбух знікае».

На гэты час рызыку для глабальнай аховы здароўя і сусветнай папуляцыі ад малпавай воспы ацэньваюць як нізкую, пішуць «Белыя халаты».

Макар Мыш / АВ belsat.eu

Стужка навінаў