Дваіх беларусаў з ПВК Вагнэра падазраюць у ваенных злачынствах на Кіеўшчыне. Хто яны?


Грамадзянаў Беларусі Аляксандра Ступніцкага і Сяргея Сазанава, якія служылі ў расейскай групе Вагнэра, падазраюць ва ўдзеле ў разні ў вёсцы Матыжын на Кіеўшчыне. Belsat.eu распавядае, што пра іх вядома.

24 траўня СБУ паведаміла, што пяцёра расейскіх вайскоўцаў і трое наймітаў ПВК Вагнэра падазраюцца ў ваенных злачынствах у сяле Матыжын, што ў Кіеўскай вобласці. Гаворка ідзе пра 14 эпізодаў: забойствы цывільных, спальванне дамоў, катаванні і ўтрыманне людзей у сутарэннях у бесчалавечных умовах, крадзеж.

У прыватнасці, была забітая стараста Матыжына Вольга Сухенка, ейныя муж і сын. Паводле следства, акупанты катавалі іх, каб даведацца, дзе размяшчаюцца часткі ЗСУ і тэрытарыяльнай абароны.

«Карнікі жорстка здзекаваліся з сына на вачах у маці, прастрэлілі яму нагу. Не атрымаўшы інфармацыі, забілі яго стрэлам у галаву», – гаворыцца ў паведамленні СБУ.

Целы загінулых у Бучы людзей ляжаць у кодаўбе аўтамабіля. Буча, Кіеўская вобласць, Украіна. 12 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Паводле следства, вайскоўцы і найміты ў Матыжыне забілі яшчэ адну цывільную жанчыну, а ейнага бацьку ўзялі ў палон і трымалі звязаным практычна без ежы і вады. Двух валанцёраў акупанты катавалі, а потым вывезлі ў лес і загадалі ўцякаць, а ўслед адкрылі агонь. У выніку адзін валанцёр загінуў, іншы атрымаў цяжкія раненні. Таксама задакументаваная гібель дваіх чальцоў грамадскай арганізацыі «Патрыёт»: яны былі закатаваныя. Яшчэ аднаго мірнага жыхара акупанты прывязалі да квадрацыкла, прымусіўшы бегчы. Пасля допытаў, пагроз расстрэлам і збіцця яго некалькі дзён пратрымалі ў каналізацыі.

Сярод траіх наймітаў ПВК Вагнера, якіх падазраюць у ваенных злачынствах у сяле Матыжын, ёсць двое беларусаў – Аляксандр Ступніцкі і Сяргей Сазанаў. Якія доказы супраць іх мае СБУ, у прэс-рэлізе не паведамляецца.

Яшчэ ў 2018 годзе Ступніцкі і Сазанаў фігуравалі ў расследаваннях Belsat.eu, прысвечаных беларусам у ПВК Вагнэра. Пра іх удзел у баявых дзеяннях было добра вядома, але праблемаў з праваахоўнымі органамі Беларусі яны не мелі.

Аляксандр Ступніцкі

Аляксандр Ступніцкі нарадзіўся ў 1989 годзе ў Воршы. Ягоная маці Марыя Ступніцкая ў 2018 годзе працавала «дзяжурнай на пульце» ў Дэпартаменце аховы МУС (ці працуе цяпер – невядома). Суседзі сям’і сцвярджалі, што і сам Ступніцкі «працаваў у ахове» – магчыма, гаворка таксама ідзе пра адпаведны дэпартамент МУС. Але пацверджання гэтай інфармацыі з іншых крыніцаў журналісты не атрымалі.

Імаверна, у групу Вагнэра Ступніцкі ўступіў яшчэ ў 2014 годзе. Атрымаў пазыўны Малік, меў спецыяльнасць «выведнік-сувязіст». Потым служыў у Сірыі. Паводле крыніцаў журналістаў Belsat.eu, 2 сакавіка 2016 года Ступніцкі атрымаў раненне ў ваколіцах Пальміры. Пазней яго ўзнагародзілі расейскім ордэнам Мужнасці з фармулёўкай «за ўдзел у аператыўна-выведных і адмысловых мерапрыемствах у раёне Пальміры». Паводле сайту «Міратворац», Ступніцкі ездзіў у «камандзіраванні» ў Сірыю і пазней: у 2018 годзе ён быў у атрадзе вагнэраўцаў, які трапіў пад амерыканскі авіяўдар ў Дэйр-эз-Зоры.

На Данбасе Ступніцкі сустрэў сваю будучую жонку Анастасію, нарадзінку Данецку. Неўзабаве пасля вяселля пара перабралася ў Воршу, там у іх нарадзілася дзіця.

Аляксандр Ступніцкі з жонкаю.
Фота: VK.com

Жылі яны на вуліцы 1-й Моладзевай. Суседзі распавядалі журналістам, што ўжо пасля нараджэння дзіцяці Ступніцкі выязджаў у працяглае камандзіраванне за мяжу – імаверна, гэта і была паездка на вайну ў Сірыю.

Улетку 2018 года Ступніцкі трапіў у справаздачу СБУ, прысвечаную наймітам ПВК Вагнэра – ён быў адным з 11 беларусаў, хто фігураваў у гэтым дакуменце. Прыкладна ў гэты час Ступніцкі з сям’ёй выязджае з Беларусі спачатку ў анексаваны Крым, потым у Данецк. Цётка Ступніцкага распавядала тады журналістам, што яны з’ехалі «пагуляць па Расеі», а калі вернуцца ў Воршу – невядома.

У 2019-м Ступніцкі зноў трапіў у даклад СБУ – цяпер паведамлялася, што ён і яшчэ адзін беларус, Аляксей Бярговін, служылі ў шэрагах ПВК Вагнэра ў Судане.

Варта нагадаць, што пасля пачатку вайны на Данбасе ў 2014 годзе Аляксандр Лукашэнка і прадстаўнікі ягоных спецслужбаў неаднаразова заяўлялі, што ўсе беларусы, якія ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях за межамі Беларусі, будуць на радзіме пераследавацца ў крымінальным парадку. Але Ступніцкі ў Беларусі праблемаў са спецслужбамі не меў і не хаваўся ад іх. У кастрычніку 2016 года яму нават памянялі ў Воршы пашпарт. Хаця на той момант ён ужо паспеў паваяваць на Данбасе і ў Сірыі, атрымаць баявое раненне і дзяржаўную ўзнагароду РФ.

Скрыншот пашпарта Аляксандра Ступніцкага

Сяргей Сазанаў

Сяргей Сазанаў нарадзіўся ў Рэчыцы ў 1972 годзе, даслужыўся да звання маёра. У 1990-я мясцовая газета «Дняпровец» называла яго найлепшым дэтэктывам гораду. Пры якіх акалічнасцях ён сышоў з праваахоўных органаў, дакладна невядома. Сазанаў казаў журналістам TUT.by, што проста «не захацеў больш заставацца ў сістэме». Але спецслужбы Украіны сцвярджалі, што сыход быў звязаны з наркотыкамі.

Ужо пасля звальнення яго пазбавілі пасведчання кіроўцы, бо ў аналізах знайшлі сляды псіхатропных рэчываў. Сазанаў гэта адмаўляў, спрабаваў даказаць сваю невінаватасць у судзе. Гэтую гісторыю ў 2016 годзе асвятляў TUT.by. Тады журналісты яшчэ не ведалі, што Сазанаў ужо паспеў пабываць на Данбасе.

Сяргей Сазанаў. Фото: TUT.by

Калі і як ён трапіў да вагнэраўцаў, невядома. Паводле сваякоў, яшчэ ў 2014 годзе Сазанаў ездзіў на Данбас – казаў, што дапамагаў перавозіць гуманітарную дапамогу (баевікі нярэдка выкарыстоўвалі такую легенду, калі хацелі схаваць свой удзел у вайне). Сайт «Міратворац» паведамляе, што пасля Данбасу Сазанаў ваяваў у Сірыі, быў у групе вагнэраўцаў, якія трапілі пад амерыканскі авіяўдар у 2018 годзе. Беларус меў пазыўны Рой.

Дзе быў Сазанаў у перыяд з 2018 да 2022 года, невядома.

Яшчэ да Данбасу ён развёўся з жонкай і разам з сям’ёй у Рэчыцы ўжо не жыў. Але перыядычна прыязджаў у Беларусь, каб наведаць дзяцей – дачку і сына. Дачка Лера ў 2018-м распавядала журналістам, што спецслужбы не праяўлялі ніякай цікаўнасці да бацькі – да сваякоў не прыходзілі ні з ператрусамі, ні з пытаннямі. У тое, што Сазанаў найміт групы Вагнэра, Лера наогул не верыла, казала, што ён нібыта працуе ў Расеі на будоўлі.

Беларусы ваююць за Расею? Ужо ёсць загінулыя?

Раней Галоўнае ўпраўленне выведкі Мінабароны Украіны паведамляла, што ў Беларусі пахавалі некалькіх вайскоўцаў, якія падпісалі кантракт з расейскімі прыватнымі вайсковымі кампаніямі і бралі ўдзел у агрэсіі супраць Украіны.

У прыватнасці, сцвярджалася, што пахаванне загінулага жаўнера прайшло ў Мар’інай Горцы, а ў Асіповічах пахавалі адстаўнога афіцэра і былога салдата-кантрактніка. Іх імёнаў украінскае ведамства не паведамляла. Таксама не ўдакладнялася, калі яны далучыліся да расейскіх ПВК. Але сярод беларусаў, якія засвяціліся ў групе Вагнэра да 2022 года, няма людзей, якія б паходзілі з Мар’інай Горкі і Асіповічаў або праходзілі там службу (прынамсі, такой інфармацыі ў адкрытых крыніцах не з’яўлялася).

Украінскі рэсурс MilitaryAviation.in.UA са спасылкай на авіяцыйныя форумы 24 траўня паведаміў пра гібель беларускага лётчыка Мікалая Маркава. Нібыта ён, пенсіянер, таксама служыў у прыватнай вайсковай кампаніі, лётаў на Су-25. Сцвярджаецца, што Маркаў загінуў 30 красавіка і быў пахаваны ў Лідзе. Але пацвярджэння гэтай інфармацыі з больш сур’ёзных крыніцаў няма. Мабільны тэлефон Мікалая Маркава, які ёсць у рэдакцыі, не адказвае.

Інтэрв’ю
Рэпарацыі за вайну ва Украіне: ці заплаціць Расея за свае злачынствы і што чакае Беларусь
2022.05.25 11:48

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў