Журналіста Лупача аштрафавалі на 1740 рублёў за два сюжэты для «Белсату»


Зміцер Лупач.
Фота: Белсат

У судзе Глыбоцкага раёну 25 траўня на 30 базавых велічыняў аштрафавалі журналіста Змітра Лупача. Праз некалькі гадзінаў яму маюць агучыць яшчэ яшчэ адну пастанову суда.

Суддзя Андрэй Тарасевіч разглядзеў першую справу супраць Змітра Лупача за 14 хвілінаў, прызнаў яго вінаватым у працы без акрэдытацыі за сюжэт «Белсату» пра «адукаванасць» беларускай міліцыі.

Днём у судзе Браслаўскага раёну Лупача судзілі за сюжэт пра псіхіятрычную лякарню ў Слабодцы. Суддзя Вольга Пракопчык крыху больш за гадзіну разглядала матэрыялы справы, на судзе паглядзелі само відэа.

Суддзі не спадабалася назва сюжэту: «Лукашэнка купіў рэзідэнцыі каля псіхіятрычнай лякарні? | Лукашенко купил резиденции у психбольницы?». На што Зміцер Лупач адрэагаваў:

«Назву я не прыдумляў, але сапраўды тут памылка, бо ён нічога не купляе – яму ўсё задарма дастаецца».

Пасля 10-хвіліннага перапынку суддзя агучыла пастанову: спагнаць з Лупача штраф у памеры 30 базавых велічыняў або 870 рублёў.

У выніку за сённяшні дзень за працу журналіста аштрафавалі на 60 базавых велічыняў або 1740 рублёў.

Фільмы
Місія – журналіст
2020.08.07 09:00

Лупача ўжо не раз штрафавалі за працу журналістам і аднойчы садзілі пад арышт пасля таго, як ён трапіў у рэанімацыю.

АШ belsat.eu

Стужка навінаў