Журналіста-фрылансера Алеся Сіліча пакаралі 10 соднямі арышту


Затрыманага 21 траўня журналіста-фрылансера Алеся Сіліча суд Першамайскага раёну Менску пакараў 10 соднямі адміністратыўнага арышту паводле арт. 24.23 КаАП («Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве»).

Алеся Сіліча затрымалі ў пятніцу і абвінавацілі ў «адзіночным пікеце», бо на вокладцы пашпарту ў яго быў герб Пагоня (паводле пратаколу, ён нібыта размахваў пашпартам з «незарэгістраванай сімволікай»). Сіліча пакінулі ў няволі да суда.

Алесь Сіліч не прызнаў сябе вінаватым. Ён патлумачыў, што пашпарт з «Пагоняй» дэманстраваў не ён, а працаўнік міліцыі.

«Мы праводзілі апытанне каля ГЦ, але потым нас затрымалі і склалі пратакол паводле арт. 22.9. Нас збіраліся адпусціць, але правялі агляд рэчаў, пасля чаго знайшлі пашпарт з Пагоняй і бранзалет, а не стужачкі. Таму на нас склалі новы пратакол па арт. 24.23 КаАП. Таму Пагоня дэманстравалася не мной, а супрацоўнікам, які яе дастаў», – заявіў Алесь Сіліч на судзе ў панядзелак.

24 траўня суд адправіў адміністратыўны пратакол на дапрацоўванне, але журналіста не выпусцілі пасля 72 гадзінаў затрымання. Міліцыянты забралі яго з ізалятару на Акрэсціна і завезлі ў Першамайскі РУУС, дзе ён правёў ноч.

Сёння Алеся Сіліча зноў судзілі. Цяпер суд Першамайскага раёну пакараў яго 10-дзённым арыштам.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў