«У думках яна цалуе мяне перад сном». Як мама дырэктаркі «Прэс-клубу» Юліі Слуцкай чакае дачку на волі


Спадарыня Святлана, мама Юліі Слуцкай, сустракае нас у сябе ўдома. Утульны пакой невялікай кватэры, над ложкам з фотакалажу ўсміхаецца тата Юліі, якога ўжо няма, на сцяне вісяць прыгожыя каляровыя карціны.

Святлана Рыкава, маці Юліі Слуцкай. Менск, Беларусь. 5 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

«Гэтыя карціны рабіла я сама, у тэхніцы японскага баціку. Каб не звар’яцець пасля смерці мужа», – паказвае нам свае працы спадарыня Святлана.

З мужам, спадаром Віталём, яны пражылі разам больш за 40 гадоў. Пазнаёміліся яшчэ ў школьныя гады.

«Ён падышоў да мяне на стадыёне і папрасіў прышыць нумар на майку. Вось так я яго на ўсё жыццё і «прышыла» да сябе», – цёпла ўсміхаецца спадарыня Святлана.

Паказвае на фотаздымках дрэва шчасця, якое зрабіла для ўнучкі Аляксандры, асенні букет і зімовую кампазіцыю з сухацветаў для дачкі Юліі.

«Памятаю, была нейкая канферэнцыя ў Прэс-клубе, і я рабіла кампазіцыі для дэкору. Тут жа як. Можна аддзяліцца ад сваіх дарослых дзяцей, паступова старэць і жыць у сваім свеце. А можна старэць і цікавіцца, чым займаюцца твае дзеці і ўнукі, быць побач», – кажа спадарыня Святлана.

«Лепей я буду дупкі дзеткам падціраць, чым трываць такое»

Юлія Слуцкая расла дапытлівай дзяўчынкай, адзін час займалася фатаграфіяй, была выдатніцай у школе.

«Мы разам хадзілі ў бібліятэку, на выставы, я набывала альбомы з працамі мастакоў, паказвала Юленьцы, і мы з ёй разважалі над карцінамі», – кажа спадарыня Святлана.

Бацька Юліі Слуцкай прайшоў шлях ад токара да галоўнага інжынера санаторыю «Юнацтва». Мама – ад фрэзероўшчыцы да галоўнай спецыялісткі па коштаўтварэнні ў Рэспубліканскім вытворчым аб’яднанні «Арбіта – Сэрвіс».

Юлія Слуцкая ў дзяцінстве з бацькамі Святланай і Віталём Рыкавымі. Менск, Беларусь. 5 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

«Мы вельмі шмат працавалі, з ранку да вечара. Але ў нас было сямейнае правіла: прыйшлі дахаты – і працоўныя справы пакідаем за парогам. Я прыходзіла з працы, і пакуль не пакладу дачку спаць, то аддавала ўсю ўвагу ёй, а пасля 9 вечара ўжо прыбіралася і займалася хатнімі справамі. На бацькоўскім сходзе неяк запыталі, колькі часу ўдзень вы надаяце дзецям. Я так прыкінула, што гадзіны 4. О, як шмат, здзівіліся тады настаўнікі», – узгадвае мама Юліі.

Пасля школы Юлія Слуцкая паступіла на філасофскі факультэт БДУ, з адукацыі яна сацыёлаг. Некалькі гадоў працавала ў лабараторыі сацыялогіі БДУ.

Гісторыі
«Я проста хачу да мамы на ручкі». Аповед дачкі затрыманай заснавальніцы Прэс-клубу Юліі Слуцкай
2021.01.26 07:58

«Ва ўніверсітэце Юленька сутыкнулася з непрыемнай сітуацыяй: прафесары бралі рэфераты сваіх студэнтаў, падпісвалі сваім імем і друкавалі. Яна прыйшла дахаты абураная, са словамі «ну як жа так!». Звольнілася і пайшла працаваць выхавальніцай у яслі дзіцячага садка. Казала: «Лепей я буду дупкі дзеткам падціраць, чым трываць такое», – распавядае спадарыня Святлана.

Пасля Юлія ўладкавалася ў адзін з навукова-даследчых інстытутаў. У 1994 годзе, калі ёй было 30 гадоў, яна пабачыла аб’яву аб конкурсе на пасаду сацыёлага ў «БелКП-Прэс». Прыйшла на сумоўе са сваймі распрацоўкамі, і яе ўзялі на працу. Праз тры гады яна стала галоўнаю рэдактаркаю газеты «Комсомольская правда в Беларуси».

Менск, Беларусь. 5 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

«Мы ніколі не ўмешваліся ў ейныя справы, не кіравалі ёй. Юля разумнай дзяўчынкай была з самага дзяцінства. Яна і замуж так выходзіла – проста паставіла нас, бацькоў, перад фактам. Сказала, маўляў, можа вам і не спадабаецца, што ён мастак, але я яго кахаю і выходжу замуж. Калі кахаеш – ну што, мы прынялі ейны выбар», – кажа спадарыня Святлана.

Пасля кожны новы этап прафесійнага жыцця Юліі Слуцкай быў звязаны з прэзідэнцкімі выбарамі.

Пасля выбараў 2006 года Юлія сышла з «Комсомольской правды» і ўзначаліла каманду Еўрапейскага радыё для Беларусі. У 2010-м яна ўзялася за арганізацыю медыйнай працы для грамадскай кампаніі «Гавары праўду», якая вылучыла Уладзіміра Някляева кандыдатам на прэзідэнцкія выбары таго года.

Вымушаны ад’езд у Варшаву, дзявочы шопінг і мара аб прэс-клубе

Пасля пратэсных падзеяў і Плошчы-2010 кіраўніцтва «Гавары праўду» апынулася ў СІЗА КДБ. У рэдакцыі «Еўрарадыё» адбыўся ператрус, канфіскавалі тэхніку. Юлія Слуцкая была вымушаная з’ехаць у Варшаву, дзе стварыла і ўзначаліла Інфармацыйнае бюро салідарнасці з дэмакратычнай Беларуссю.

«Той перыяд мы перажывалі вельмі моцна. Уявіце стан бацькоў, калі твая дачка з’язджае ў чужую краіну, а ты нічым не можаш ёй дапамагчы. У нас трапяткія адносіны з Юленькай, яна нас берагла, таму мы няшмат ведалі», – распавядае мама Юліі Слуцкай.

Hавiны
«Пачак запалак – лыжка для таго, каб насыпаць кавы». Турэмныя нататкі ад Юліі Слуцкай
2021.04.05 21:07

Спадарыня Святлана засталася без мужа, і ёй было асабліва цяжка перажываць адʼезд дачкі. Юлія запрашала маму да сябе ў Варшаву – так спадарыня Святлана ўпершыню апынулася за мяжой.

«Мяне ўразілі варшаўскія вулачкі, кавярні, асабліва – парк Моцарта. У нас з Юленькай быў дзявочы шопінг: мы сыходзілі на цэлы дзень у крамы і вярталіся дахаты з вялікімі торбамі. У мяне не было асаблівай магчымасці песціць сябе новым адзеннем, а тут дачка мяне цалкам адзела. І зараз мяне апранае дачка і ўнучка. Дзякуючы ім я ў тэме сучаснай моды і стылю. Я амалоджваюся побач з імі», – кажа з цеплынёй у голасе.

Юлія Слуцкая ў Польшчы пазнаёмілася з досведам прэс-клубаў, якія існуюць па ўсім свеце. З ідэяй стварыць у Беларусі такую ж пляцоўку, якая абʼядноўвае і адукоўвае журналістаў, яна вярнулася ў Менск.

Святлана Рыкава піша ліст сваёй да Юліі Слуцкай. Менск, Беларусь. 5 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

«Мамуля, а пайшлі паснедаем»

Момант, калі спадарыня Святлана даведалася, што Юлія вяртаецца дадому, у Беларусь, яна называе сапраўдным шчасцем: нарэшце дачка, па якой яна так сумавала, будзе побач.

«Юля шмат працуе, мы рэдка бачымся. Я вельмі люблю нашыя сямейныя пасядзелкі, калі збіраецца ўся сям’я. Яшчэ мы з Юляй выбіраемся на спантанныя сняданкі: калі ў яе вызваляецца акенца ў працы, яна звоніць і кажа, мамуля, а пайшлі паснедаем у кавярню. Калі Юленька стварыла Прэс-клуб, так пашчасціла, што ён апынуўся каля майго дому», – кажа спадарыня Святлана.

Hавiны
«З васьмі чалавек у камеры пяць – «палітычныя». Заснавальніца Прэс-клубу Юлія Слуцкая апісала побыт у СІЗА
2021.02.01 16:46

Яна падкрэслівае, што ў яе самыя лепшыя ўнукі і праўнукі.

«Юля вырасціла дваіх цудоўных дзетак. Мала хто з бацькоў можа пахваліцца, што вырасціў дзяцей і паміж імі засталіся настолькі цёплыя адносіны. У наш час гэта рэдкасць», – адзначае спадарыня Святлана.

«У момант, калі даведалася пра затрыманне, здранцвела»

22 снежня Юлія Слуцкая разам з дачкой Аляксандрай і ўнукамі вярталася з адпачынку ў Егіпце. У менскім аэрапорце іх папрасілі прайсці праз чырвоны калідор. Аляксандру пасля агляду адпусцілі, а Юлію затрымалі і адвезлі на допыт у Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю. Пасля допыту Юлія апынулася ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

«Ніякіх кепскіх прадчуванняў у мяне ў той дзень не было. Было чаканне: што вось, сёння прыедуць дзяўчаты, яны заўсёды прывозяць шмат падарункаў. Яны дасылалі фотаздымкі з адпачынку, дзе такія радасныя. І тут удар грому. У момант, калі даведалася пра затрыманне, проста здранцвела. Праз тыдзень унучачка кажа, напішы маме ліст, а я не магла асэнсаваць і зразумець, што пісаць. Тое, што мне кепска? Але нельга такога пісаць. Паступова я прызвычаілася да думкі, што мая дачка і ўнук з незразумелых прычынаў апынуліся ў ізаляцыі», – узгадвае спадарыня Святлана.

Святлана Рыкава і Аляксандра Слуцкая. Менск, Беларусь. 5 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

31 снежня Юліі Слуцкай выставілі абвінавачванне ў нясплаце падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК Беларусі). Разам з ёй затрымалі яшчэ чацвярых супрацоўнікаў Прэс-клубу, сярод якіх і сына Юліі, аператара Пятра Слуцкага – іх вінавацяць у суўдзеле ў злачынстве.

У студзені 2021 года сваякі затрыманых супрацоўнікаў Press Club Belarus перавялі на рахунак Цэнтральнага апарату Следчага Камітэту 109 769 рублёў – менавіта столькі падаткаў, паводле следства, Прэс-клуб не сплаціў у дзяржаўны бюджэт.

13 студзеня Юлія Слуцкая разам з іншымі арыштаванымі супрацоўнікамі Прэс-клубу была прызнаная палітычнай зняволенаю.

«Я ўручную перамалёўвала карцінкі фізічных практыкаванняў для Юлі»

Спадарыня Святлана распавядае пра ўмовы, якія апісала ў сваіх лістах дачка: маленькая камера, 6 чалавек. Спачатку былі маладыя дзяўчаты. Хтосьці паліў, Юлія ад гэтага моцна кашляла. Пасля публіка памянялася, прыйшлі тыя, хто быў блізкі ёй у поглядах і дзейнасці.

«Юленька чытае там кнігі, я ёй даслала вершы Амара Хаяма – перапісала ад рукі, бо друкаваныя выданні там не прымаюцца. У Юлі хворая спіна, і я ўручную перамалёўвала карцінкі практыкаванняў з кніг, каб можна было займацца фізкультурай у абмежаванай прасторы. І я захапляюся ёй, як яна ўсе гэтыя месяцы мужна трымаецца», – паказвае ксеракопіі лістоў з гэтымі карцінкамі.

Копіі яна рабіла для таго, каб даслаць унуку Пятру. Кажа, што яму ў нейкім сэнсе цяжэй: у Юліі 6 чалавек у камеры, у яго – 20.

Пётр Слуцкі са сваёй дзяўчынай Юліяй. Менск, Беларусь. 5 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

«Ён трапіў у жорсткую казарму. Я за яго вельмі хвалююся. Ён жа не будзе апісваць, што насамрэч там адбываецца. Не ведаеш, якому Богу маліцца за яго», – кажа спадарыня Святлана.

Пра ўнука распавядае з усмешкай.

«Пеця вельмі добры, клапатлівы, пастаянна цікавіўся, чым можа мне дапамагчы. Кожны год прыязджала на сваё лецішча і думала: як жа добра, усё чысценька. Гэта ж трэба, зямля так добра перапрацавала. Ці добрая фея. Але насамрэч гэта Пеця ўвесну прыедзе, папрыбірае ўсё, нават не паведаміўшы. Я не вельмі ўжо магу сама граблямі працаваць. Такі вось ён «вусаты фей». А цяпер я прыеду, а фея няма… Вельмі чакаю Пецю», – голас спадарыні Святланы робіцца ціхім.

«Хаджу на Камароўку і выбіраю для Юлі ўсё самае смачнае і любімае»

У сваіх лістах да Юліі яна апісвае кожнае імгненне вясны, яе абуджэнне:

«Іду па вуліцы, пачула салаўя, адразу думка – а што я ведаю пра салаўёў? Лезу ў інтэрнэт і ўсё гэта распавядаю Юленьцы ў лісце. Наткнулася на такое дзівоснае дрэва – баабаб, напісала пра яго на чатыры аркушы. Ці пра ледзяныя кветкі ў Антарктыдзе. Я на пенсіі, у мяне няма шмат навінаў, таму стараюся пісаць пра любыя цікавінкі, якія мне трапляюцца. У мяне ўсе навіны – прыходзіш дадому, бачыш, ліст прыйшоў, ад Юленькі ці Пеці, ляжыць у скрыні. І ўжо радасна, значыць, сёння харошы, шчаслівы дзень. Перадачы ўзяла на сябе ўнучка, Сашанька вырашыла мяне берагчы. Я набываю на рынку, а яна носіць. Хаджу на Камароўку, выбіраю ўсё самае смачнае і любімае: сала, селядзец, каўбаскі, арэхі, сухафрукты, сушаныя журавіны».

Аляксандра Слуцкая. 5 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Аляксандра забегла да бабулі падчас нашай размовы.

«Мая бабуля – герой. Яна адкрылася для мяне з новага боку. Я вельмі баялася паведамляць ёй навіны, бо не ведала, як яна адрэагуе. А бабуля адразу: так, добра, што трэба рабіць? Ідзем туды, набываем гэта. Яна сабралася, робіць усё, што важна і трэба, і, можа, сама не ведае, наколькі мяне падтрымлівае. Толькі да яе я магу прыйсці, праплакацца, хоць я разумею, што не маю на гэта права. Але часам проста хочацца разам пасядзець і паплакаць», – кажа Аляксандра.

Спадарыня Святлана ўсміхаецца.

«Калі прыходзіць пэўны момант, канцэнтруешся і робіш тое, што ў тваіх сілах. Незразумела, што там будзе далей, але мы трымаемся. Мяне вельмі падтрымліваюць іншыя людзі, падыходзяць суседзі і выказваюць словы падтрымання. Гэта вельмі кранае.

Я штодзень чакаю, што раздасца тэлефонны званок, і Сашанька паведаміць: мама і Пеценька ў мяне, я іх купаю, кармлю, і мы едзем да цябе», – кажа спадарыня Святлана.

«За кратамі ў мамы моцна пагоршыўся зрок»

Аляксандра распавяла, што за ўвесь гэты час адбылося толькі два допыты, больш ніякіх следчых дзеянняў з іх удзелам не праводзіцца. Усе супрацоўнікі Прэс-клубу сядзяць паводле падатковага артыкулу, праверка мусіла прайсці цягам месяца, а пайшоў ужо шосты, і выніку няма.

«Першы месяц лістоў ад мамы наогул не было. Пасля ліставанне наладзілася, а тут зноўку, за два тыдні я атрымала толькі адзін ліст, і той – рэцэпт на акуляры для чытання. У мамы моцна пагоршыўся зрок, ёй складана пісаць лісты і чытаць. Адвакату яна перадала, што піша лісты кожны дзень, 5–6 на тыдзень яна мне адпраўляе, як і я ёй. Мае лісты яна атрымлівае, на шчасце», – кажа Аляксандра.

Hавiны
«Ненармальнасць паступова становіцца нармальнасцю, усё цяжэй захоўваць веру». Чарговы ліст ад Юліі Слуцкай
2021.04.08 19:03

Юліі піша вельмі шмат людзей. «Мама адказвае на ўсе лісты, што ёй прыходзяць. Яна адказвае лістамі нават на бандэролькі. На Валадарцы яны не ўваходзяць у агульную вагу перадачаў, можна так перадаваць маленькую прыемную штучку, каб паказаць: я тут, я з табой, але чамусьці мае лісты не даходзяць. Маміна сяброўка даслала ёй нейкі смачны соус, спецыі. А нічога з гэтага нельга. Маме загадалі ўсё сваймі рукамі высыпаць і выліць ва ўнітаз. Пасля яна пісала, што ўсё вельмі смачна пахла», – распавядае Аляксандра.

Маці Юліі Слуцкай малявала ў лістах для дачкі практыкаванні для спіны. Менск, Беларусь. 5 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Аднойчы ў камеру да Слуцкай трапіла дзяўчына, якая страшна лаялася матам. У той час у камеры была Анджэліка Борыс – старшыня незалежнага СПБ. Яна вучыла ўсіх польскай мове. Юлія Слуцкая прапанавала той дзяўчыне вострыя моманты замяняць на польскія слоўцы, напрыклад, jaja słonia (‘слановыя яйкі’). І калі дзяўчына пачынала кулямётам мацярыцца, але замяняць маты на польскія словы, атрымлівалася вельмі смешна і весела.

«Быў выпадак, калі маму на 5 дзён пасялілі ў транзітную, брудную камеру з валацугамі. На сценках была чорная цвіль, сцякала вада, а выцяжка пры гэтым была наглуха зачыненая. Там была жанчына з моцным псарыязам: яна ішла, і за ёй ляцелі шматочкі ейнай скуры. Была нарказалежная жанчына, якая крычала па начох. А мая цудоўная мамачка пры гэтым піша: затое я бачу ў акне кавалачак вежы, затое я магу сядзець на нарах не скруціўшыся, а выпрастацца. То бок я раблю выснову, што яна звычайна сядзіць на нарах у сагнутым стане, бо ляжаць нельга», – распавядае Аляксандра.

Юлія Слуцкая арганізавала лад жыцця ў камеры: напрыклад, паленне па раскладзе, дружны выхад усіх на прагулку.

«У нас з мамай з’явілася правіла матылька-аднадзёнкі: ні на што не спадзявацца, бо вельмі балюча, калі ты чакаеш чагосьці, і гэта не здараецца. Спачатку мы чакалі 23 лютага, калі скончыўся першы тэрмін стрымання, пасля 23 красавіка. 23 чэрвеня мы ўжо не чакаем. Веры не губляем, але не прывязваемся да датаў, разумеючы, што ў любы момант можа адбыцца ўсё што заўгодна. Я ўвесь час напагатове, гатовая ў любы момант ехаць забіраць маму. А дзясятай вечара, пасля адбою, у нас з мамай абавязковы сеанс сувязі, мы ў думках размаўляем адна з адной», – кажа Аляксандра.

Менск, Беларусь. 5 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Спадарыня Святлана дадае: «Юленька піша, што кожны вечар, перад тым як класціся спаць, у думках прыходзіць да мяне, цалуе перад сном, пасля ідзе да дзетак, іх таксама цалуе. І так засынае».

«У лістах да Юленькі пішу: я табой захапляюся»

Аляксандра збіраецца ехаць да адваката.

«Маме падоўжылі тэрмін стрымання, мы падалі скаргу. Яе разгледзелі і адхілілі. Я асабліва не верыла ў цуд. Але калі вось так адмовілі, я толькі тады зразумела, наколькі я верыла», – кажа яна.

На парозе яна спыняецца і задуменна дадае: «Магчыма, я як ружовая поні ці адзінарог, але я адчуваю, што вось-вось нешта адбудзецца. Гэта вельмі дапамагае мне трымацца. Усё, пабегла да адваката».

«Давай, родная мая. А не, стой, давай пацалую цябе. Так смачна пахнеш, як цукерка», – спадарыня Святлана цёпла абдымае ўнучку.

У Аляксандры блішчаць вочы. «Ты малайчына. Ты баец», – кажа спадарыня Святлана.

Святлана Рыгораўна пляце вянкі з сухацветаў і дорыць блізкім. Юлія гэтай вясной падарунак не атрымае, бо знаходзіцца за кратамі. Менск, Беларусь. 5 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Пасля гэтага вяртаецца, сядае ў крэсла. Пра штосьці думае, а пасля пачынае сумна ўсміхацца:

«У нашай сям’і ўсе жанчыны моцныя. Мы вельмі падтрымліваем адну адну. У лістах да Юленькі пішу: трымайся, я табой захапляюся, ты вялізная малайчына. Яна мне піша: трымайся, змагайся, спадзявайся на лепшае. Я ганаруся такой дачкой».

ПС, belsat.eu

Стужка навінаў