Цела памерлага за кратамі палітвязня Вітольда Ашурка аддалі сваякам


Пра смерць Вітольда Ашурка стала вядома яшчэ ў пятніцу, але цела аддалі толькі ўдзень у аўторак. Пахаванне хочуць зладзіць ужо 26 траўня, ад дадатковых экспертызаў сваякі адмаўляюцца.

Вітольд Ашурак.
Фота: Facebook

Сяброўка сям’і Вольга Быкоўская расказала «Белсату», што ў Вітольда Ашурка «забінтаваная галава ад макаўкі да носа, бачны толькі рот». Быкоўская ездзіла забіраць цела разам з братам памерлага.

Сваякі вырашылі не рабіць дадатковых экспертызаў, бо не давяраюць магчымым вынікам і не хочуць зацягваць пахаванне. Пры тым жонцы памерлага заяўлялі, што Вітольд Ашурак памёр ад спынення сэрца, а яна кажа, што сэрца ў Вітольда было здаровае.

Гісторыі
«Ён часта пісаў, а тут не было ніякай інфармацыі». Што вядома пра абставіны смерці палітвязня Вітольда Ашурка
2021.05.22 13:14

Пахаванне плануюць зладзіць заўтра, 26 траўня, у Бярозаўцы, дзе Вітольд нарадзіўся. Грамадскае развітанне будзе ў Доме быту (Навагрудская 8) з 9-й да 13-й гадзіны, а 14:00 пачнецца імша ў касцёле Спаслання Святога Духу. Пасля службы пачнецца пахаванне на гарадскіх могілках Бярозаўкі.

Фонд BySol адкрыў збор для сям’і загінулага, на момант публікацыі сабралі звыш € 9600, таксама грошы неслі наўпрост сям’і. Брат памерлага зазначаў, што пытанне цяпер не ў грошах, а ў тым, каб годна пахаваць Вітольда.

Hавiны
«Давесці справу да канца». Ціханоўская і Латушка пракаментавалі смерці ў калоніі Вітольда Ашурка
2021.05.22 09:37

Хто такі Вітольд Ашурак

У палітыцы Вітольд ужо 10 гадоў, і за гэты час ён прайшоў праз шмат што: былі і затрыманні, і арышты, і штрафы. Ён вядомы тым, што злавіў улады на забруджванні рэк Дзітва і Нёман (актывіст звяртаўся ў пракуратуру з патрабаваннем завесці крымінальную справу і знайсці вінаватых у забруджванні рэк улетку 2019 года, калі ў іх злілі нечыстоты з тэрыторыі Лідскай ЖКГ), змагаўся супраць будаўніцтва другога цэху шклаваты ў Бярозаўцы (26 красавіка 2020 года ён выйшаў на адзіночны пікет да прахадной заводу «Нёман» з плакатам «Шклавата – наш Чарнобыль»), быў адным з ініцыятараў усталявання памятных знакаў у гонар паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, праводзіў розныя акцыі ў Бярозаўцы, удзельнічаў у маршы на Дзень Волі, акцыі памяці паўстанцаў Каліноўскага, маршы недармаедаў супраць Дэкрэту № 3. У 2016 годзе быў зарэгістраваны прэтэндэнтам на дэпутацкі мандат па Дзятлаўскай акрузе, а ў 2019 вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па Нёманскай выбарчай акрузе № 56.

Вітольд Ашурак вядомы таксама сваімі крэатыўнымі акцыямі. Так, 7 лістапада 2017 года актывіст усклаў да помніку Леніну ў Бярозаўцы вянок з чарапамі і надпісам «Гары ў пекле, кат». Ён тады патлумачыў журналістам, што зрабіў гэта, каб нагадаць пра мільёны людзей, якіх забілі бальшавікі. У снежні 2019 года Вітольд Ашурак ладзіў адзіночны пікет у Лідзе супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі. Накінуўшы на плечы бел-чырвона-белы сцяг, ён трымаў у руках плакат з надпісам «Беларусь не Расея».

АА belsat.eu

Стужка навінаў