Прысуды 25 траўня: 2 гады калоніі за мірны пратэст, 2 месяцы арышту за напад на міліцыянта


Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля і Андрэя Войніча сёння асудзілі на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, іншых фігурантаў справы – на тэрміны ад 4 да 5 гадоў. Тым часам пракурор просіць пяць гадоў «хатняй хіміі» за маску, сарваную з міліцыянта, які біў жанчыну.

«Белсат» збірае выракі за 25 траўня.

Артыкулы
Паўла Севярынца і Яўгена Афнагеля асудзілі на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму
2021.05.25 12:13

IT-шніку Аляксею Караткову – 2 гады калоніі

Палітвязень Аляксей Караткоў.
Фота: TUT.by

У судзе Першамайскага раёну Мінска 25 траўня вынесены прысуд у крымінальнай справе супраць палітвязня Аляксея Караткова, піша «Вясна»: суддзя Максім Трусевіч прызнаў яго вінаватым у «арганізацыі або ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК РБ) і асудзіў на два гады калоніі агульнага рэжыму, як і прасіў пракурор.

Яго напачатку вінавацілі ў «навучанні ці іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках», аднак пракурор 24 траўня адмовіўся ад гэтага абвінавачвання.

Аляксей Караткоў быў затрыманы 27 жніўня на плошчы Незалежнасці каля Чырвонага касцёлу. Спачатку яго асудзілі за «несанкцыянаванае мерапрыемства» на 8 дзён арышту, але па вызваленні адразу затрымалі зноў і выставілі ўжо крымінальны артыкул. Прычынай стала тое, што ў яго ў тэлефоне знайшлі відэа і фота з пратэстаў.

Як перадае TUT.by, на судзе адвакат заяўляў, што ніякіх доказаў віны Караткова на судзе ці ў час следства не прадставілі. Сам Караткоў не прызнаў віну, а ў час суду згадаў пра прадзеда, які ў час Другой сусветнай вайны адмовіўся супрацоўнічаць з паліцаямі, уцёк да партызанаў і з Чырвонай арміяй дайшоў да Берліна.

Hавiны
Журналіста-фрылансера Алеся Сіліча пакаралі 10 соднямі арышту
2021.05.25 16:35

Разбіў машыну, душыў міліцыянта – 2 месяцы арышту

Паводле звестак «Белсата», 2 месяцы арышту ў судзе Ленінскага раёну Берасця атрымаў 25 траўня берасцеец Аляксандр Краўчук. Мужчыну абвінавачвалі ў тым, што ён разбіў машыну міліцыі і душыў супрацоўніка міліцыі, і судзілі паводле артыкулу 339 КК РБ – «хуліганства».

Абвінавачанне запрасіла 3 месяцы арышту, а суддзя Святаслаў Каліна прысудзіў Краўчуку 2 месяцы арышту. Пацярпелы сказаў на судзе, што «не крыўдзіцца».

За маску, сарваную з міліцыянта, просяць 5 гадоў абмежавання волі

У жодзінскім судзе 25 траўня пачаўся разгляд крымінальнай справы сурпраць Анастасіі Герыловіч, якая, паводле следства, сарвала маску з супрацоўніка міліцыі і тым самым «учыніла гвалт альбо пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў», што падпадае пад арт. 364 КК РБ, піша «Вясна».

Інцыдэнт адбыўся ў Жодзіне 13 верасня 2020 году. Жанчына здымала на тэлефон, як іншыя спрабавалі адбіць затрыманага на мітынгу хлопца, потым наблізілася да міліцыянта – той з размаху ўдарыў яе ў галаву. У дзеяннях міліцыянта Мікалая Бараноўскага не выявілі складу злачынства. Дзмітрыя Янкоўскага, які тады адштурхнуў міліцыянта ад жанчыны, асудзілі на 1 год пазбаўлення волі ў калоніі, хоць пракурор прасіў толькі «хімію».

Анастасіі Герыловіч 35 гадоў, яна адна выхоўвае сына. Яна цалкам прызнала віну, пацярпеламу пакрылі маральную шкоду ў 600 рублёў. Дзяржаўны абвінаваўца Дзмітрый Ярашэвіч папрасіў для яе пяць год абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Справу разглядае суддзя Іван Грынкевіч, наступнае паседжанне плануюць на 26 траўня.

Hавiны
Як вядоўцы праграмы «Шчыра кажучы» пагражаюць праз сваякоў. Расшыфроўка размовы
2021.05.25 16:29

Вырак Ягору Сугойдзю, якога збіў аўтазак, пакінулі без зменаў

Калегія Менскага гарадскога суду 25 траўня пад старшынством суддзі Дзіяны Кучук разгледзела апеляцыйную скаргу палітвязня Ягора Сугойдзя, піша «Вясна». Раней яго прызналі ў «дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», і асудзілі на два гады калоніі агульнага рэжыму і «прымусовае лекаванне ад алкагалізму». Скаргу пакінулі без задавальнення.

9 жніўня 2020 года каля Стэлы ў Менску Ягор Сугойдзь, паводле абвінавачвання, выйшаў на праезную частку вуліцы і заскочыў на МАЗ для канваявання. Сам ён з гэтым не пагаджаўся. Паводле відавочцаў, аўтазак падʼехаў да пратэстоўцаў са спіны, калі яны стаялі тварам да стэлы, насупраць сілавікоў са шчытамі. Спецаўтамабіль спачатку трохі прытармазіў, а потым газануў і паехаў на людзей. Пры гэтым ён ніякіх папераджальных сігналаў не падаваў.

АА belsat.eu

Стужка навінаў