Прысуд Севярынцу, шакавальнае відэа гібелі Ашурка і наступствы захопу рэйсу Ryanair. Галоўнае за 25 траўня


Belsat.eu падводзіць вынікі 25 траўня – 290-га дня супрацьстаяння грамадства і ўладаў.

Суд над Севярынцам і актывістамі «Еўрапейскай Беларусі»

Суддзя Магілёўскага абласнога суду Ірына Ланчава вынесла прысуд па чарговай палітычнай справе: сузаснавальнік партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Павел Севярынец, актывісты «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель і Андрэй Войніч атрымалі па 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Па 5 гадоў – Павел Юхневіч, Максім Вінярскі і блогер ют’юб-каналу «Шэры кот» Зміцер Казлоў. Чатыры гады калоніі агульнага рэжыму атрымала рэдактарка некалькіх тэлеграм-каналаў Ірына Шчасная.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме – нават сваякам не дазволілі прысутнічаць на працэсе. Таму дэталяў справы ніхто не ведае. Але з апублікаванай у дзяржСМІ інфармацыі Следчага камітэта вынікае, што віна палітвязняў заключаецца толькі ў тым, што яны публічна заклікалі да пратэстаў і крытыкавалі ўладу. Паводле версіі першага намесніка начальніка Галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэту Аляксандра Агафонава, палітзняволеныя меліся ўчыніць, цытата: «каляровую рэвалюцыю» і «беламайдан».

Аб’ектыў
Падрабязнасці працэсу над Паўлам Севярынцам і актывістамі «Еўрапейскай Беларусі»
2021.05.25 22:56

25 траўня былі вынесены і іншыя прысуды па палітычных справах. У судзе Першамайскага раёну Менска 25 траўня вынесены прысуд у крымінальнай справе супраць палітвязня Аляксея Караткова: суддзя Максім Трусевіч прызнаў яго вінаватым у «арганізацыі або ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК РБ) і асудзіў на два гады калоніі агульнага рэжыму. Аляксей Караткоў быў затрыманы 27 жніўня на плошчы Незалежнасці каля Чырвонага касцёлу. Спачатку яго асудзілі за «несанкцыянаванае мерапрыемства» на 8 дзён арышту, але па вызваленні адразу затрымалі зноў і выставілі ўжо крымінальны артыкул. Прычынай стала тое, што ў яго ў тэлефоне знайшлі відэа і фота з пратэстаў.

Артыкулы
Палітвязню Вадзіму Гурману патрэбная медычная дапамога, ён можа страціць зрок
2021.05.25 19:21

У жодзінскім судзе 25 траўня пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць Анастасіі Герыловіч, якая, паводле следства, сарвала маску з супрацоўніка міліцыі і тым самым «учыніла гвалт альбо пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў», што падпадае пад арт. 364 КК РБ. Інцыдэнт адбыўся ў Жодзіне 13 верасня 2020 году. Жанчына здымала на тэлефон, як іншыя спрабавалі адбіць затрыманага на мітынгу хлопца, потым наблізілася да міліцыянта – той з размаху ўдарыў яе ў галаву. У дзеяннях міліцыянта Мікалая Бараноўскага не выявілі складу злачынства. Дзмітрыя Янкоўскага, які тады адштурхнуў міліцыянта ад жанчыны, асудзілі на 1 год пазбаўлення волі ў калоніі, хоць пракурор прасіў толькі «хімію».

Пераслед журналістаў

Затрыманага 21 траўня журналіста-фрылансера Алеся Сіліча суд Першамайскага раёну Менску пакараў 10 соднямі адміністратыўнага арышту паводле арт. 24.23 КаАП («Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве»). Алеся Сіліча затрымалі ў пятніцу і абвінавацілі ў «адзіночным пікеце», бо на вокладцы пашпарту ў яго быў герб Пагоня (паводле пратаколу, ён нібыта размахваў пашпартам з «незарэгістраванай сімволікай»).

Журналіста Змітра Лупача суд Глыбоцкага раёну аштрафаваў на 1740 рублёў за два сюжэты для «Белсату».

Hавiны
Як вядоўцы праграмы «Шчыра кажучы» пагражаюць праз сваякоў. Расшыфроўка размовы
2021.05.25 16:29

25 траўня сілавікі прыйшлі да чатырох працаўнікоў TUT.by: журналістаў Дзяніса Буркоўскага і Анастасіі Пруднікавай, а таксама рэдактараў аддзелу SMM Алі Буркоўскай і Максіма Пушкіна. У іх кватэрах правялі ператрусы і забралі ўсю тэхніку. Потым іх павезлі на допыты ў ДФР КДК «у межах справы TUT.by». Пасля допыту іх адпусцілі, узяўшы падпіску аб неразгалошванні.

Нагадаем, 18 траўня ў менскім і рэгіянальным офісах TUT.by, а таксама ў працаўнікоў выдання адбыліся ператрусы. У Камітэце дзяржаўнага кантролю заявілі, што ў дачыненні службовых асобаў «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 243 КК («Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры»). Дамен парталу TUT.by заблакаваны з ініцыятывы Генеральнай пракуратуры. У межах «справы TUT.by» былі затрыманыя 15 чалавек. 12 з іх застаюцца за кратамі, астатнія – пад «хатнім арыштам». Сёння ўсіх фігурантаў «справы TUT.by» прызналі палітвязнямі.

Hавiны
Затрыманых у «справе TUT.by» прызналі палітвязнямі
2021.05.25 12:50

Шакавальнае відэа гібелі палітвязня

Следчы камітэт апублікаваў прэс-рэліз наконт смерці палітвязня Вітольда Ашурка ў шклоўскай калоніі. Як паведамляюць у СК, 21 траўня дзяжурны кантралёр шклоўскай калоніі знайшоў у несвядомым стане палітвязня Вітольда Ашурка. Былі выкліканыя медыкі. «Нягледзячы на ​​праведзеныя медыкамі рэанімацыйныя мерапрыемствы, выратаваць мужчыну не ўдалося», – адзначаецца ў прэс-рэлізе.

СК праводзіць праверку. Сцвярджаецца, што за месяц знаходжання ў папраўчай установе «асуджаны дапусціў дванаццаць парушэнняў устаноўленага парадку адбывання пакарання, за што быў пераведзены ў памяшканне камернага тыпу».

«Устаноўлена, што напярэдадні асуджаны падчас падзення атрымаў цялесныя пашкоджанні ў вобласці твару. У сувязі з пагаршэннем самаадчування былі прыняты меры па аказанні медычнай дапамогі. Са словаў супрацоўнікаў калоніі асуджаны, разбіўшы галаву, скаргаў на стан здароўя не выказваў, адмовіўся ад дапамогі і шпіталізацыі», – сцвярджаюць у СК.

СК апублікаваў нарэзку запісаў камераў відэаназірання ў памяшканні, дзе, як сцвярджаецца, знаходзіўся Ашурак. Спачатку на кадрах бачна, як вязень (твар чалавека разгледзіць немагчыма) хістаецца, падае і ўдараецца галавой аб стяну. Потым паказваюць як вязню аказваюць медычную дапамогу. Затым бачна, што вязень зноў падае ўжо з перавязанай галавой.

Відэа сведчыць пра тое, што вязень дрэнна сябе адчуваў ужо да першага падзення – ён проста не мог стаяць на нагах. Аднак у прэс-рэлізе СК ніяк гэта не тлумачыцца.

Гісторыі
«Ён часта пісаў, а тут не было ніякай інфармацыі». Што вядома пра абставіны смерці палітвязня Вітольда Ашурка
2021.05.22 13:14

Пра смерць Вітольда Ашурка стала вядома яшчэ ў пятніцу, але цела аддалі толькі ўдзень у аўторак. Пахаванне хочуць зладзіць ужо 26 траўня, ад дадатковых экспертызаў сваякі адмаўляюцца. Сяброўка сям’і Вольга Быкоўская расказала «Белсату», што ў Вітольда Ашурка «забінтаваная галава ад макаўкі да носа, бачны толькі рот». Быкоўская ездзіла забіраць цела разам з братам памерлага.

Сваякі вырашылі не рабіць дадатковых экспертызаў, бо не давяраюць магчымым вынікам і не хочуць зацягваць пахаванне. Пры тым жонцы памерлага заяўлялі, што Вітольд Ашурак памёр ад спынення сэрца, а яна кажа, што сэрца ў Вітольда было здаровае.

Наступствы захопу рэйсу «Ryanair»

Працягвае развівацца міжнародны скандал, выкліканы інцыдэнтам з самалётам «Ryanair» у Беларусі і арыштам блогера Рамана Пратасевіча.

Hавiны
Беларускі Дэпартамент авіяцыі апублікаваў расшыфроўку перамоваў з экіпажам «Ryanair»
2021.05.25 15:17

Саміт ЕС заклікаў забараніць беларускім авіякампаніям палёты ў Еўразвяз, а таксама заклікаў авіяперавозчыкаў ЕС адмовіцца ад палётаў над тэрыторыяй Беларусі. Пакуль рашэнне Саміту Еўразвязу аб забароне беларускім авіякампаніям палётаў у Еўразвяз не ўхваленае канчаткова – яго яшчэ маюць зацвердзіць міністры краінаў альянсу. Але асобныя краіны ўжо самі забараняюць палёты «Белавіі». У сувязі з гэтым у «Белавія» плануюць істотна скараціць персанал.

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг заклікаў вызваліць Пратасевіча і расследаваць «небяспечную прымусовую пасадку». Прадстаўнік управы вярхоўнага камісара ААН у справе правоў чалавека Рупэрт Колвіл заявіў, што «вымушаная пасадка пасажырскага самалёту ў Менску тэрарызавала пасажыраў на борце і падвяргала іх непатрэбнай небяспецы, парушаючы іхныя чалавечыя правы». Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі 27 траўня правядзе нараду, датычную паветранага інцыдэнту ў Беларусі.

Hавiны
Авіякампаніі адмаўляюцца лётаць праз Беларусь. Колькі грошай мы страцім?
2021.05.25 20:18

Прэзідэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн апублікаваў у ноч на 25 траўня афіцыйную заяву, дзе асудзіў дзеянні беларускіх уладаў. Ён заклікаў вызваліць Рамана Пратасевіча і сотні палітвязняў, «якіх несправядліва ўтрымлівае рэжым Лукашэнкі». Таксама Байдэн далучыўся да заклікаў міжнароднага расследавання справы аб самалёце «Ryanair».

Hавiны
«Ганебны напад на іншадумства». Байдэн – пра захоп рэйсу «Ryanair» і арышт Пратасевіча
2021.05.25 09:22

Між тым, сёння стала вядома, што дзяўчына Пратасевіча Сафія Сапега, якую затрымалі 23 сакавіка ў выніку вымушанай пасадкі ў Менску пасажырскага самалёта Ryanair рэйсу Афіны – Вільня, арыштаваная на 2 месяцы. Яна знаходзіцца ў статусе падазраванай у здзяйсненні крымінальнага злачынства паводле ч. 1 арт. 293 КК Беларусі («Арганізацыя масавых беспарадкаў») і ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Hавiны
Сяброўку Пратасевіча Сафію Сапегу арыштавалі на два месяцы
2021.05.25 20:00

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў