Палітвязню Вадзіму Гурману патрэбная медычная дапамога, ён можа страціць зрок


Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе, што палітвязню Вадзіму Гурману тэрмінова патрэбная медычная дапамога акуліста.

У палітвязня неаперабельная атрафія зрокавых нерваў абодвух вачэй: адно вока бачыць на 12%, другое – на 23%. Кожныя чатыры месяцы ён мусіць знаходзіцца на абследаванні: інакш да 30 год яму прагназавалі поўную слепату. Да таго ж, Вадзім баксёр, і ў яго было адпластаване сятчаткі.

Вадзім Гурман.
Фота: rh.by

«Нас адмовіліся лячыць нават у Бараўлянах, бо там няма патрэбнага абсталявання, – распавядае маці Вадзіма Вольга Гурман. – За нас узяліся толькі лекары 10-й Клінічнай лякарні, куды нам пастаянна патрэбна прыязджаць на абследаванні. Я прыносіла дакументы ў суд і Следчы камітэт: з такім дыягназам нельга было пазбяўляць Вадзіма волі, любая фізічная нагрузка на працы ў калоніі будзе хуткімі тэмпамі паграшаць ягоны зрок. Яшчэ да абвесткі з калоніі мне патэлефанавалі і сказалі, што моцна збітага сына знялі з »этапа« – таму так доўга не было інфармацыі пра яго – такія ўмовы павялічваюць тэмпы пагаршэння зроку. Вадзім ужо не бачыць у тых акулярах, якія я перадала яму па старому рэцэпту: ён не можа ні чытаць, ні пісаць. Ад яго прыйшоў толькі адзін ліст, зараз я збіраю яму рэчавую перадачу: пры этапаванні ў яго забралі ўсё – ручнікі, брытвы, абцужкі для пазногцяў».

Хаця маці Вадзіма прасіла накіраваць яго для адбыцця пакарання ў калонію ў Навасадах, якая месціцца блізка да Маладзечна, яго адправілі ў Горкі: цяпер для таго, каб адвезці перадачы, сваякам палітвязня трэба ехаць 720 км у абодва бакі, асабістай машыны сямʼя не мае. Судовыя прыставы пачалі прыходзіць да Вольгі за спагнаннем пазоваў, прызначаных судом. 19-гадовая дзяўчына Вадзіма Віялета ў хуткім часе народзіць двойню.

22-гадовага Вадзіма Гурмана пакаралі 3,5 гадамі калоніі за ўдзел у пратэстах. Згодна з абвінавачваннем, 9 жніўня Гурман актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і не падпарадкоўваўся міліцыі. Нібыта Гурман выкрыкваў лозунгі, правакаваў грамадзян на актыўныя дзеянні, а таксама пагражаў гвалтам міліцыянтам.

На судзе Гурман распавёў, што пры затрыманні АМАПам, якое адбылося праз два дні 11 жніўня, яго і іншых білі і залілі газам твар. Затым моцнае збіццё працягнуліся ў двары РУУС. Па словах Гурмана, яму пагражалі згвалтаваннем і спрабавалі зняць штаны, аднак усё ж спыніліся па камандзе кагосьці з кіраўніцтва РАУС.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў