Палата прадстаўнікоў вырашыла прасіць Лукашэнку перанесці мясцовыя выбары


Абноўлена. Рэферэндум пакуль не збіраюцца пераносіць – хочуць правесці ў пачатку 2022 году.

Выбарчы ўчастак. Менск, Беларусь. 6 жніўня 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Дэпутаты беларускай Палаты прадстаўнікоў 25 траўня прагаласавалі за супольны зварот палатаў Нацыянальнага сходу да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай унесці законапраект аб змене ў Канстытуцыю, каб перанесці запланаваныя на пачатак 2022 года выбары мясцовых дэпутатаў на пазнейшы тэрмін, піша БелТА.

Цяпер мясцовыя выбары хочуць правесці адначасова з выбарамі ў Палату прадстаўнікоў, якія мусяць правесці не пазней за 5 лістапада 2023 года. Гэта можна зрабіць без асобнага рэферэндуму – адпаведныя нормы прапісаныя ў раздзеле, які можна мяняць выданнем закону.

Раней дэпутатка Савету Рэспублікі Наталля Якубіцкая, якая выступіла з гэтай прапановай, патлумачыла: цяпер «праводзіцца актыўная работа Канстытуцыйнай камісіі над праектам зменаў асноўнага закону краіны, які ў далейшым мяркуецца вынесці на рэферэндум», таму патрэбны перанос мясцовых выбараў.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Віктар Свіла заявіў 25 траўня, што рэферэндум аб зменах у Канстытуцыю пройдзе ў пачатку 2022 года.

Прадстаўнікі ўлады, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка, заяўлялі, што хочуць спалучыць рэферэндум аб змене Канстытуцыі з мясцовымі выбарамі 2022 года. Якія пытанні збіраюцца выносіць на рэферэндум, па-ранейшаму невядома.

Hавiны
Ярмошына: Выбарчае заканадаўства састарэла, але мяняць яго да рэферэндуму не будуць
2021.05.21 14:38

АА belsat.eu

Стужка навінаў