Мэр Рыгі: Я атрымаў дзясяткі тысяч лістоў з падзякамі праз тое, што быў узняты бел-чырвона-белы сцяг


Мэр сталіцы Латвіі Мартыньш Стакіс, які 24 траўня ў цэнтры Рыгі зняў чырвона-зялёны сцяг і падняў бел-чырвона-белы, даў эксклюзіўнае інтэрвʼю «Белсату».

Мартыньш Стакіс адзначыў, што заўсёды падтрымліваў прыхільнікаў пераменаў у Беларусі, заўсёды быў на баку дэмакратыі і свабодных людзей.

«Я думаю, што цяпер кожны мусіць выбраць свой бок: пераследуемы, але жадаючы свабоды народ або крывавы і некантралюемы дыктатар. Я свой выбар зрабіў. Гэта была галоўная мая матывацыя», – тлумачачы свой учынак.

Мэр Рыгі адзначыў, што для яго чырвона-зялёны сцяг – «гэта сімвал рэжыму, які мы не падтрымліваем».

«Маўчаць у гэтай сітуацыі, рабіць выгляд, што нічога не адбываецца і проста атрымліваць задавальненне ад хакею – для мяне гэта непрымальна. Я люблю хакей, але спорт не мусіць выкарыстоўвацца для маскіроўкі сваіх злачынстваў.

Я разумеў, што гэта скандал. І, імаверна, будуць нейкія праблемы. Але без перабольшвання магу сказаць: я атрымаў дзясяткі тысячаў лістоў з падзякамі са ўсяго свету праз тое, што ў Рызе быў падняты бел-чырвона-белы сцяг вольнай Беларусі. Колькі ж падзяк ад беларусаў, якія любяць свабоду, атрымала б IIHF, калі б зрабіла гэтак сама і выказала сваю падтрымку беларускаму народу ў гэтай складанай сітуацыі!

Я думаю, што мы павінны прымаць правільныя рашэнні ў абарону людзей, у абарону свабоды. Рыга – гэта свабодны горад, а мы – свабодныя людзі. І я не мог паступіць інакш».

Мартыньш Стакіс дзякуе ўсім, хто падтрымаў ягоны ўчынак, выказваў словы падзякі:

«Для мяне гэта шмат значыць. Але я не герой. Калі я стаўлю бел-чырвона-белы сцяг у Рызе, я не рызыкую, што мяне хтосьці пасадзіць у турму. Сапраўдныя героі – гэта апазіцыя Беларусі, людзі, якія кожны дзень, рызыкуючы сабой, выходзяць на вуліцы з гэтым сцягам. Вось гэта адвага».

Ён ведае, што ў інтэрнэце гучалі заклікі назваць у ягоны гонар вуліцу ў адным з беларускіх гарадоў, але кажа, што гэтага рабіць не варта:

«Я б не зрабіў гэтага, калі б не ведаў, што за мной стаяць жыхары Рыгі. Людзі якія вас вераць, якія вераць у ідэалы свабоды і незалежнасці. Таму не трэба называць вуліцы ў мой гонар. Лепш прыязджайце да нас у госці, калі гэта будзе магчыма».

Hавiны
Мэр Рыгі замяніў чырвона-зялёны сцяг на БЧБ – і панеслася. Рэакцыі Беларусі, Латвіі і Міжнароднай федэрацыі хакею
2021.05.25 16:36

Нагадаем, мэр Рыгі і міністр замежных справаў Латвіі 24 траўня знялі чырвона-зялёны сцяг і паднялі бел-чырвона-белы каля гатэлю «Radisson Blu», дзе лунаюць сцягі краінаў – удзельніц хакейнага чэмпіянату свету. На гэта 25 траўня адрэагавалі ў Беларусі, Латвіі ды ў Міжнароднай федэрацыі хакею (МФК).

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў