Маці Рамана Пратасевіча: Выглядае, што яму паламалі нос і выбілі зубы


Наталля Пратасевіч распавяла, якім убачыла сына на відэа, запісаным сілавікамі пасля содняў знікнення Рамана.

«Я і блізкія людзі, якія пабачылі відэа, прыйшлі да высновы, што Рома вельмі моцна збіты. Я выдатна ведаю свайго сына. У яго паламаны нос. Я не хірург, але мы моцна прыбліжалі відэа, перагародка ссунутая, відаць чарнату на ёй. Таксама выбітыя зубы, калі прыглядзецца. Вывернуты клык, скрыўлены, а за ім дзірка. Сінякі замазаныя грымам. Твар перакошаны, шчака апала».

Спадарыня Наталля адзначае, што інтанацыя, з якой гаворыць Раман, не ўласцівая для яго. Паводле яе, бачна, што з яго выбіваюць прызнанні.

Таксама Наталля Пратасевіч не выключае, што відэа маглі запісаць не ў СІЗА. Сястра Рамана званіла ва ўсе шпіталі Менску, але нідзе не бралі слухаўкі. Звярнула ўвагу маці Рамана і на цыгарэты.

«Я не моцна разбіраюся, але муж кажа, што такіх ён не курыць».

Сёння адвакатка Рамана Інэса Аленская паспрабуе да яго трапіць.

Hавiны
Маці Рамана Пратасевіча: Не выключаю, што ў яго мог быць сэрцавы прыступ
2021.05.24 21:16

24 траўня ў праўладных тэлеграм-каналах з’явілася першае відэа з затрыманым у менскім аэрапорце журналістам Раманам Пратасевічам. На відэа блогер пацвердзіў сваё затрыманне і расказаў, што на дадзены момант знаходзіцца ў СІЗА на Валадарцы і ніякіх праблем з сэрцам ды іншымі органамі ў яго няма, а стаўленне з боку супрацоўнікаў «паводле закону, карэктнае». Таксама хлопец дадаў, што цяпер «супрацоўнічае са следствам і дае прызнальныя паказанні паводле факту арганізацыі масавых беспарадкаў у горадзе Менску».

У МУС Беларусі пасля інфармацыі пра тое, што Раман трапіў у адну з больніц Менску ў крытычным стане, заявілі, што журналіст знаходзіцца ў СІЗА і скаргаў на здароўе не мае.

*Рэдакцыя «Белсату» не ведае, дзе і пры якіх акалічнасцях знялі відэа з Раманам Пратасевічам. Відэа распаўсюдзіла прэсавая служба МУС Беларусі пасля таго, як тэлеграм-каналы пачалі публікаваць інфармацыю, што журналіст трапіў у шпіталь, бо ў яго праблемы з сэрцам. Гэтага факту мы таксама не можам ані пацвердзіць, ані абвергнуць. Інфармацыю пра стан здароўя Рамана «Белсату» паведаміла маці Рамана.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў