Былі затрыманыя яшчэ чатыры супрацоўнікі TUT.by. Пасля допыту ў ДФР іх адпусцілі

Прыкладна з 11:30 перасталі выходзіць на сувязь тры супрацоўнікі TUT.by: журналіст Дзяніс Буркоўскі і рэдактары аддзелу SMM Аля Буркоўская і Максім Пушкін. Таксама сёння была затрыманая журналістка Анастасія Пруднікава. Пра гэта паведамляе TUT.by. Увечары ўсіх чатырох працаўнікоў парталу адпусцілі.

Пра затрыманне працаўніцы раздзелу «Лэдзі» TUT.by Анастасіі Пруднікавай паведаміў ейны муж. Ён апавёў, што дадому каля 12-й дня прыйшлі супрацоўнікі ДФР КДК, правялі ператрус і павезлі Анастасію. Яны патлумачылі, што следчыя дзеянні праводзяцца «ў межах справы TUT.by».

Каля дому Буркоўскіх быў заўважаны бус з людзьмі ў балаклаве. Відавочцы сцвярджаюць, што Алю і Дзяніса пасадзілі ў бус і звезлі. З кватэры супрацоўнікаў TUT.by вынеслі ўсю тэхніку.

У кватэры Максіма Пушкіна таксама прайшоў ператрус, у яго забралі тэхніку.

Дзяніса Буркоўскага, Алю Буркоўскую, Анастасію Пруднікаву і Максіма Пушкіна дапыталі ў ДФР. Пасля допыту іх адпусцілі, узяўшы падпіску аб неразгалошванні.

Нагадаем, 18 траўня ў менскім і рэгіянальным офісах TUT.by, а таксама ў працаўнікоў выдання адбыліся ператрусы. У Камітэце дзяржаўнага кантролю заявілі, што ў дачыненні службовых асобаў «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 243 КК («Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры»). Дамен парталу TUT.by заблакаваны з ініцыятывы Генеральнай пракуратуры. У межах «справы TUT.by» былі затрыманыя 15 чалавек. 12 з іх застаюцца за кратамі:

  • генеральная дырэктарка Людміла Чэкіна;
  • галоўная рэдактарка Марына Золатава;
  • рэдактарка Вольга Лойка;
  • намесніца дырэктара Ірына Рыбалка;
  • журналістка Алена Талкачова;
  • галоўная бухгалтарка Анжэла Асад;
  • намесніца галоўнай бухгалтаркі Марыя Новік;
  • галоўная інжынерка Ала Лапатко;
  • намеснік генеральнага дырэктара ў тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнека;
  • менеджар Андрэй Аўдзееў;
  • дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў;
  • дырэктарка «Rocket Data», TAM.by Дар’я Данілава.

Яшчэ тры чалавекі былі змешчаныя пад хатні арышт:

  • Юлія Чарняўская, удава Юрыя Зісера – заснавальніка TUT.by;
  • Кацярына Ткачэнка – юрыстка TUT.by;
  • Ірына Касцючэнка – былая юрыстка TUT.by.

Усе 15 фігурантаў гэтай справы былі прызнаныя палітвязнямі.

Кірыл Валошын пра сітуацыю з сэрверамі TUT.by: «Гэта падобна на рэйдарскі захоп»

ІІ belsat.eu

Hавiны