Францыя і Вялікая Брытанія забаранілі палёты «Белавіі», Украіна спыніла авіязлучэнне. І гэта яшчэ не ўсё


Пакуль рашэнне Саміту Еўразвязу аб забароне беларускім авіякампаніям палётаў у Еўразвяз не ўхваленае канчаткова – яго яшчэ маюць зацвердзіць міністры краінаў альянсу. Але асобныя краіны ўжо самі забараняюць палёты «Белавіі».

«Embraer 175» авіякампаніі «Белавія». Ілюстрацыйнае фота – Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Вялікая Брытанія першай адмовілася прымаць беларускія рэйсы: пра адкліканне дазволу на палёты дзяржаўнай беларускай авіякампаніі «Белавія» міністр транспарту Аб’яднанага Каралеўства Грант Шэпс паведаміў увечары 24 траўня. Ён таксама праінструктаваў Адміністрацыю грамадзянскай авіяцыі, каб тая прасіла авіякампаніі аблятаць беларускую паветраную прастору. Перад тым міністр замежных справаў Каралеўства Домінік Рааб заклікаў прыцягнуць да адказнасці Аляксандра Лукашэнку за «небывалыя дзеянні», а інцыдэнт з рэйсам «Ryanair» назваў захопам самалёта.

Уначы на 25 траўня дзяржаўны сакратар транспарту Францыі Жан-Батыст Джэбары расказаў, што «дзеля бяспекі пасажыраў» прасіў авіякампаніі спыніць палёты ў беларускай паветранай прасторы, а таксама спыніў дазвол на палёты для «Белавіі». Да таго менавіта офіс прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона паведаміў, што Францыя і яе еўрапейскія партнёры разам разглядаюць магчымасць забараніць палёты над Беларуссю і прызямленні самалётаў «Белавіі» ў аэрапортах Еўразвязу. Дзяржаўны сакратар Францыі ў еўрапейскіх справах Еўропы Клеман Бон назваў інцыдэнт з рэйсам «Ryanair» «актам дзяржаўнага пірацтва».

Украіна мае спыніць авіяцыйныя зносіны з Беларуссю: прэзідэнт Уладзімір Зяленскі даручыў прэм’ер-міністру распрацаваць адпаведнае рашэнне. Прэм’ер Дзяніс Шмігаль раніцай 25 траўня паведаміў, што рашэнне ўжо прынялі, авіязлучэнне спыняюць з 25 траўня.

Hавiны
Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі склікае савет з-за сітуацыі ў Беларусі
2021.05.24 21:57

Літва 24 траўня заявіла аб закрыцці паветранай прасторы для Беларусі і забараніла пралятаць над Беларуссю ўсім самалётам, якія прылятаюць у Літву ці вылятаюць з яе. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа быў у ліку першых кіраўнікоў дзяржаваў, хто запатрабаваў вызваліць Рамана Пратасевіча, затрыманага ў выніку перанакіравання рэйсу «Ryanair».

Швецыя і Нідэрланды заклікалі свае авіякампаніі не лётаць над Беларуссю. Прэм’ер-міністр Польшчы ў ліку першых запатрабаваў забараніць палёты «Белавіі» над Еўразвязам.

Аблятаць Беларусь без загадаў ураду пачалі самалёты «Austrian Airlines», «Finnair», «Singapore Airlines», польскай кампаніі «LOT», нямецкай «Lufthansa», вугорскай «WizzAir», латышскай «AirBaltic», кіпрскай «AviaSolutions», японскай «All Nippon Airways», іспанскай «Iberia». «Белавія» ў сваю чаргу адмяніла палёты ў Літву, Францыю і Брытанію.

Hавiны
«Ганебны напад на іншадумства». Байдэн – пра захоп рэйсу «Ryanair» і арышт Пратасевіча
2021.05.25 09:22

23 траўня самалёт «Ryanair», які ляцеў з Афінаў у Вільню, зрабіў вымушаную пасадку ў Менску праз інфармацыю аб «мініраванні», якую экіпаж атрымаў ад беларускіх дыспетчараў. У Менску затрымалі прынамсі двух пасажыраў: блогера Рамана Пратасевіча і ягоную сяброўку Сафію Сапегу. Астатніх пасажыраў адпусцілі пад вечар. Гендырэктар «Ryanair» назваў перанакіраванне самалёта ў Менск «дзяржаўным пірацтвам», прэм’ер-міністр Польшчы – «дзяржаўным тэрарызмам».

24 траўня Саміт Еўразвязу прыняў рашэнне забараніць беларускім авіякампаніям палёты ў Еўразвяз. Рашэнне можа набыць моц, калі яго зацвердзяць на ўзроўні еўрапейскіх міністраў. Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі склікае 27 траўня тэрміновае паседжанне праз сітуацыю ў Беларусі.

АА belsat.eu

Стужка навінаў