Сяброўку Пратасевіча Сафію Сапегу арыштавалі на два месяцы


Грамадзянку Расеі Сафію Сапегу арыштавалі на два месяцы. Яна ў СІЗА КДБ. Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі.

Паводле адваката, сёння Сапегу дапыталі – яна ў статусе падазраванай у здзяйсненні крымінальнага злачынства. Абралі меру стрымання – утрыманне пад вартаю на тэрмін 2 месяцы. Месца ўтрымання падазраванай – СІЗА КДБ. Расследаваннем займаецца Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэту Беларусі.

Раней МЗС Расеі паведаміла ТАСС, што Сафію Сапегу затрымалі «паводле падазрэння ў здзяйсненні злачынстваў у жніўні – верасні 2020 года». Пакуль не вядома, паводле якога канкрэтна артыкулу Сафіі выставілі абвінавачанне, але, імаверна, гаворка ідзе пра ўдзел у пратэстах.

Маці дзяўчыны распавяла Бі-Бі-Сі, што дачка летась у жніўні зʼехала з Беларусі ў Літву і не ўдзельнічала ў пратэставых акцыях:

«Яна зʼехала ў жніўні з Беларусі ў Літву. Яна рыхтавалася да навучальнага працэсу. Яе не было ў Беларусі дакладна. Хай правераць на мяжы штампы, калі яна зʼехала. Гэта было прыкладна 11–12 жніўня, якраз пасля ўсіх падзеяў. Мы тады жылі ў Менску. І яна была з намі. Яна казала, што хоча дадому [у Вільню]. Яна, напэўна, зʼехала на [аўтобусе] Ecolines. Гэта значыць, яе падазраюць у тым, што яна ўдзельнічала ў беспарадках? Стоадсоткавая хлусня. Яе тут не было. Што яны вярзуць? Яна не ўдзельнічала ў пратэстах, яна была з намі, мы былі на лецішчы ў дзень выбараў».

Hавiны
Што вядома пра дзяўчыну Рамана Пратасевіча, якую затрымалі разам з ім у менскім аэрапорце
2021.05.24 18:31

Сафія Сапега была затрыманая 23 сакавіка ў выніку вымушанай пасадкі ў Менску пасажырскага самалёта Ryanair рэйсу Афіны – Вільня. Вымушаная пасадка самалёта была справакаваная беларускімі спецслужбамі дзеля таго, каб затрымаць блогера і журналіста Рамана Пратасевіча.

Hавiны
З’явілася першае відэа з затрыманым Раманам Пратасевічам
2021.05.24 23:06

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў