«Для нас гэта трагедыя». Як забарона пералётаў у Беларусь адбіваецца на звычайных людзях


Саміт ЕЗ заклікаў забараніць беларускім авіякампаніям палёты ў Еўразвяз. Нягледзячы на тое, што яго яшчэ маюць зацвердзіць міністры краінаў альянсу, некаторыя краіны ўжо самыя забараняюць палёты «Белавіі» і сваіх нацыянальных авіяперавознікаў.

З якімі цяжкасцямі цяпер сутыкаюцца звычайныя людзі, «Белсат» пацікавіўся ў беларусаў з розных краінаў.

«Дзеці заплакалі, калі даведаліся, што паездка да бабулі і дзядулі адмяняецца»

Мянчанка Кацярына планавала ад’езд у Польшчу разам з сям’ёй яшчэ з верасня мінулага года. Рыхтаваліся, разглядалі розныя варыянты з працаю і жытлом. Падзеі апошняга месяца падштурхнулі заняцца гэтым пытаннем больш актыўна. І вось – квіткі на руках: пералёт з авіякампаніяй Lot планавалі на 31 траўня. Аднак цяпер усё «павісла» ў рэжыме чакання і няпэўнасці.

Самалёт Ryanair.
Фота: Niall Carson / PA Images / Forum

«Сёння пасля з’яўлення інфармацыі пра скасаванне палётаў прыехалі ў офіс кампаніі, хацелі высветліць сітуацыю: што рабіць, калі нам вернуць грошы. У офісе перавозніка чарга, але пакуль у працаўнікоў няма дакладнай інфармацыі. Афіцыйна рэйсы скасавалі толькі на сёння. Пра далейшыя адмены будзе вядома пазней», – кажа Кацярына.

У Кацярыны двое дзяцей, 8 і 4 гадоў. Яна займае актыўную пазіцыю, была назіральніцаю на леташніх выбарах. Цяпер сям’я не адчувае сябе ў бяспецы, таму пастанавілі ляцець у адзін канец.

Hавiны
Авіякампаніі адмаўляюцца лётаць праз Беларусь. Колькі грошай мы страцім?
2021.05.25 20:18

«Мы не маглі нават падумаць, што за некалькі дзён да адʼезду можа здарыцца падобнае. Цяпер думаем, як можна выехаць. Наземным спосабам не выпадае – няма працоўнага запрашэння. Ехаць праз Маскву – дорага, і адтуль няма беспасярэдняга рэйсу ў Польшчу, толькі з перасадкамі. З двума маленькімі дзецьмі і рэчамі гэта нерэальна. Не ведаю нават, што рабіць у такой сітуацыі», – распавядае Кацярына.

Іна больш за 15 гадоў жыве ў Аўстрыі, працуе бухгалтаркаю. Раз на год яна традыцыйна прылятала на адпачынак да бацькоў у Беларусь. Праз пандэмію яна не бачыла бацькоў два гады, і цяпер невядома, калі яны змогуць сустрэцца.

«Для нас гэта трагедыя. Цягнікоў наўпроставых няма, ехаць аўтамабілем у «непрадказальную і беззаконную краіну» мой муж-аўстрыец асцерагаецца. Спачатку мы зарэзервавалі квіткі ў аўстрыйскай авіякампаніі, але рэйсы скасавалі. А цяпер і «Белавію»», – распавядае Іна.

У яе таксама двое дзяцей – 10 і 8 гадоў. Яны нават заплакалі, калі даведаліся, што паездка да бабулі і дзядулі адмяняецца.

«З двума маленькімі дзецьмі ў нас няма магчымасці трапіць у Беларусь. Яшчэ ёсць страх, што могуць не выпусціць назад, раптоўна ўвёўшы які-небудзь закон. Я вельмі засмучаная. Цяпер, выглядае, прыйдзецца да наступнага лета чакаць», – кажа Іна.

Аднак яна радая таму, што ўвага іншых краінаў зноў скіраваная на Беларусь. Паводле яе, у Аўстрыі ўсе горача абмяркоўваюць гісторыю з самалётам. Для іх гэта – сапраўдны шок.

«Усе ўсталі на дыбкі, пачаўся рух. Самы важкі аргумент – закранутыя еўрапейскія жыхары, якіх скралі. Я вельмі перажываю за Рамана Пратасевіча ды іншых палітвязняў. Мы гатовыя трываць нязручнасці, але каб гэтыя захады былі эфектыўныя, каб у Беларусі пачаліся змены. Веру, што справядлівасць пераможа!» – падсумавала Іна.

Самалёт авіякампаніі «Ryanair».
Фота: Ryanair / Facebook

«Шмат людзей апынуліся ў няпростай сітуацыі, але няма ніякай інфармацыі, што рабіць»

Вікторыя родам з Берасця, жыве ў Вялікай Брытаніі 10 гадоў. Хацела гэтым летам разам з трохгадовым дзіцём прыляцець у Беларусь наведаць бацькоў. Кажа, праз пандэмію Беларусь заставалася адзінаю краінаю, куды не было праблемы прыляцець напрасткі. Аднак цяпер сітуацыя змянілася, і планы прыйдзецца перанесці да наступнага лета.

«Я пазваніла ў беларускую амбасаду ў Вялікай Брытаніі, але там усё стаіць, ніхто нічога не ведае. Самае кепскае, што шмат людзей цяпер апынуліся ў няпростай сітуацыі: напрыклад, знаёмая пакінула бабулі ў Менску сваё пяцігадовае дзіця, а самая вылецела ў Лондан. І што цяпер ёй рабіць?» – абураецца Вікторыя.

Hавiны
Што за «ліст пра бомбу» і калі паднялі знішчальнік. Версія беларускага боку пра захоп рэйсу «Ryanair»
2021.05.24 19:43

У суполцы «Беларусы Вялікай Брытаніі» ў «Фэйсбуку» шмат падобных гісторый. Напрыклад, бацькі з Менску прыляцелі ў госці да сваіх дзяцей у Лондан, і цяпер не ведаюць, як вярнуцца.

«Найгорай, што няма ніякай інфармацыі на гэты конт, ніхто гэтымі сітуацыямі не займаецца. Чалавек не можа вярнуцца ў Беларусь з Лондану ці наадварот – дзе яму жыць, што есці, як быць?» – разважае Вікторыя.

Яна адзначае, што для іх склалася патавая сітуацыя – наземным чынам прыехаць у Беларусь немагчыма, а апошні шлях – самалётавы – перакрылі.

«Тут жа нават праз Маскву не прыляціш, бо туды дазволена прылятаць толькі грамадзянам ці рэзідэнтам Расеі», – кажа Вікторыя.

Максіму 24 гады, ён скончыў медычны ўніверсітэт у Польшчы і працуе рэаніматолагам у Нямеччыне. Ён вельмі ўважліва сочыць за апошнімі падзеямі ў нашай краіне. Сёння з’явілася інфармацыя пра спыненне палётаў нямецкімі авіялініямі, і цяпер у яго ўзнікла праблема з вяртаннем дадому, у Беларусь.

Абнаўляецца
Францыя і Вялікая Брытанія забаранілі палёты «Белавіі», Украіна спыніла авіязлучэнне. І гэта яшчэ не ўсё
2021.05.25 10:51

«Я планаваў ляцець у канцы месяца, а цяпер не ведаю як і што. Калі верыць інфармацыі на сайце «Белавіі», то квіткі можна купіць. Але яны паднялі кошт: учора яшчэ было 150 еўраў, сёння – ужо 200 еўраў. Але гэта цяпер – невядома, што будзе далей. Калі я набуду квіткі, а пасля забароняць і гэтай кампаніі лётаць у ЕЗ, то ці вернуць мне грошы за квіток – гэта раз, і як тады вылецець на працу ў Нямеччыну – гэта два», – распавядае Максім.

З верасня мінулага года ён прылятаў дадому да бацькоў чатыры разы. Цяпер – не зразумела, калі яны змогуць пабачыцца.

«Калі думаеш пра ўсё, што адбываецца, робіцца страшна. Я сазвоньваюся з блізкімі, сябрамі з Беларусі. Збольшага яны станоўча рэагуюць на санкцыі. Я стараюся са свайго боку толькі падтрымліваць. Людзі ў Нямеччыне вельмі абураныя гісторыяй з захопам самалёту. Мае знаёмцы падыходзяць, абмяркоўваюць са мною гэта ўсё. Падзеі ў Беларусі на парадку дня і ў мясцовых медыях: учора, напрыклад, з 15 хвілінаў навінаў на тэлебачанні 5-6 хвілінаў эфіру былі прысвечаныя Беларусі. Там абмяркоўваецца інцыдэнт з самалётам, згадалі разгром TUT.by і рэпрэсіі супраць журналістаў, прыгадалі, як адбываліся беларускія пратэсты», – пералічвае Максім.

«Страцім грошы, вядома, але горш за ўсё – мы не пабачымся з роднымі»

Руслан разам з жонкаю пераехаў з Беларусі каля года таму. Родныя, з якімі яны не бачыліся з моманту ад’езду, засталіся ў Беларусі. Усе разам яны планавалі супольны адпачынак, але Беларусь не разглядалі, бо, паводле Руслана, тут небяспечна. У выніку яны абралі найбольш зручны варыянт: сустрэцца на нейтральнай тэрыторыі – ва Украіне. Семʼі ўжо зарэзервавалі ўсе пералёты авіякампаніяй «Белавія», знялі жытло ў двух гарадах Украіны. Але цяпер праз закрыццё зносінаў паміж краінамі запланаваны адпачынак прыйдзецца скасаваць.

Hавiны
Беларускі Дэпартамент авіяцыі апублікаваў расшыфроўку перамоваў з экіпажам «Ryanair»
2021.05.25 15:17

«Нашыя сямʼі не змогуць прыляцець ва Украіну, і ўвесь адпачынак адмяняецца. Прыйдзецца тэрмінова здаваць квіткі, мяняць броні. Страцім грошы, вядома, але горш за ўсё – мы не пабачымся з роднымі», – распавядае Руслан.

Цяпер паездку прыйдзецца адкласці на нявызначаны часу. Руслан кажа, што адгэтуль, здаецца, бессэнсоўна нешта планаваць з удзелам «Белавіі».

Насця – студэнтка, якая была вымушаная бегчы з Беларусі праз магчымы крымінальны пераслед. Часовым домам з сярэдзіны лістапада сталася Украіна. За ўвесь гэты час дзяўчына не бачыла нікога з родных і блізкіх, акрамя дзядзькі і ягонае сямʼі, якія таксама збеглі з краіны. Мама Насці і малодшая сястра збіраліся прыехаць да яе ў госці першага чэрвеня і застацца на тыдзень, але апошнія падзеі змянілі ўсе планы.

Лоўкостэры найхутчэй кампенсуюць кліентам страты за адмененыя рэйсы. Ілюстратыўны здымак Pixabay

«Як толькі мама даведалася, што ў яе на працы сканчаецца кантракт, а я буду ўсё яшчэ ў Украіне, адразу ж узяла квіткі туды і назад. Яны павінны былі ляцець «Белавіяй», – распавядае Насця.

Пакуль паездка і сустрэча з блізкімі адмяніліся.

«Можа быць, улетку сустрэнемся дзе-небудзь у Еўропе, калі я палячу на вучобу. Цяпер бацькі збіраюцца жыць недзе там», – мяркуе студэнтка.

Максім – маладзён, які цяпер таксама ва Украіне. Ён планаваў сустрэцца са сваім сябрам упершыню за шэсць месяцаў з моманту вымушанага пераезду з Беларусі. Праз гэтую сустрэчу Максім і ягоная дзяўчына перанеслі пералёт у іншую краіну. Мусілі туды ляцець, бо легальныя 180 дзён з моманту эміграцыі падыходзілі да заканчэння.

Знаёмы Максіма ўжо набыў квіткі з Беларусі ва Украіну і назад праз «Белавію». Але цяпер ён будзе спрабаваць вярнуць грошы за рэйсы. Сябар планаваў прыехаць у госці і перадаць Максіму грошы ад бацькоў, бо, як мяркуе хлопец, пераводзіць грошы праз картку цяпер вельмі небяспечна – могуць заблакаваць. Але нічога не атрымаецца.

Hавiны
Генеральны сакратар NATO заклікаў вызваліць Пратасевіча і расследаваць «небяспечную прымусовую пасадку»
2021.05.25 13:10

«Іншага спосабу сустрэцца ў нас няма – мне ў Беларусь нельга, мяне адразу ж затрымаюць, а аднаму праз Расею ехаць занадта дорага, таму будзем чакаць лепшага моманту для сустрэчы», – распавядае Максім.

Праз скасаванне рэйсаў хлопец страціў «сустрэчу з сябрам і трохі грошай ад бацькоў». Але Максім кажа, што гатовы пачакаць і ахвяраваць сустрэчаю і грашыма, калі гэтыя санкцыі наблізяць крах рэжыму.

ПС, АД, belsat.eu

Стужка навінаў