Авіякампаніі адмаўляюцца лётаць праз Беларусь. Колькі грошай мы страцім?


У ноч на 25 траўня дзяржсакратар транспарту Францыі Жан-Батыст Джэбары заявіў, што для бяспекі пасажыраў авіякампаніі павінны спыніць палёты ў беларускай паветранай прасторы. Забаранілі лётаць над Беларуссю Літва, Швецыя, Нідэрланды. Аблятаць Беларусь без загаду ўрада пачалі самалёты «Austrian Airlines», «Finnair», «Singapore Airlines», «LOT», «Lufthansa», «WizzAir», «AirBaltic», «AviaSolutions», «All Nippon Airways», «Iberia». Наколькі моцна «чыстае неба над галавой» ударыць па заробках самой Беларусі? Пра гэта мы пагаварылі з авіяэкспертам, адміністратарам тэлеграм-канала «ОтВинта | Авиация Беларуси».

«Белавія» забаранілі палёты ў шэраг еўрапейскіх краін. Але па-ранейшаму можна лётаць у Расею. Гэта моцна ўдарыць па фінансах кампаніі? Або палёты ў Еўрапейскі рэгіён-гэта мізэр?

– Пакуль не забаранілі, фармальна яшчэ патрабуецца зацвердзіць рашэнне Еўракамісіі кабмінамі краін. Што Еўрапейскія краіны прымуць «правільнае» рашэнне, сумненняў, вядома, няма. Еўрапейскія напрамкі ў «Белавіі» складаюць значную частку пасажырапатоку, гэта факт. І колькасць еўрапейскіх напрамкаў – ледзь не палова. Але за аснову ўсё ж варта браць разлік менавіта колькасць рэйсаў, якія здзяйсняюцца ў прыярытэтных кірунках. Да прыкладу, калі ў Варшаву за суткі здзяйсняецца адзін рэйс, то ў Маскву можа быць іх здзейснена больш за дзясятак.

Нацыянальны аэрапорт «Менск», Беларусь. 30 красавіка 2020 года.
Фота: ІА / Белсат

Пры гэтым у тым жа годзе прыярытэтнымі напрамкамі для «Белавія» з’яўляліся Масква, Тбілісі, Калінінград, Санкт-Пецярбург, Нур-Султан. Сярод еўрапейскіх напрамкаў пазначаныя Барселона, Мілан, Рым, Прага. Асноўная колькасць рэйсаў здзяйсняецца ўсё-ткі ва ўсходнім кірунку. Несумненна, «Белавія» панясе страты праз спыненне авіязносін з еўрапейскімі дзяржавамі, і адназначна ў маштабах авіякампаніі яны будуць не мізэрнымі. Аднак, наколькі дадзеныя страты будуць вялікія, складана сказаць. Аб гэтым можна казаць праз некаторы час. І варта яшчэ дачакацца вынікаў камісіі ICAO.

– Некаторыя краіны забаранілі лётаць над Беларуссю сваім авіякампаніям, некаторыя авіякампаніі не сталі чакаць рашэнняў урада і сталі аблятаць нашу краіну. Тут вялікія фінансавыя страты? Колькі краіна зарабляла на тым, што ўмоўныя «Ryanair» і «AirBaltic» лёталі над краінай?

– «Белаэранавігацыя» да пандэміі зарабляла блізу $ 100 млн на аэранавігацыйным абслугоўванні паветраных судоў. Агульныя страты не магу назваць нават прыкладна. Тут трэба ўлічваць, што калі еўрапейскія авіякампаніі будуць аблятаць Беларусь, то гэта для іх абернецца дадатковымі стратамі – банальна праз павелічэнне далёкасці пералёту. Гэтым могуць скарыстацца канкурэнты з усходу. Умоўна, рэйс польскай авіякампаніі «LOT» Масква-Варшава пракладзены строга праз Беларусь, і, аблятаючы нас праз Украіну, маршрут значна павялічыцца. Для рэйса «Аэрафлота» аблятаць Беларусь зусім не абавязкова – значыць, расейскія авіякампаніі застануцца ў выйгрышы. А з павелічэннем попыту расейцы хутчэй за ўсё павялічаць колькасць рэйсаў, што, на мой погляд, павінна кампенсаваць дэфіцыт трафіку над РБ.

Абнаўляецца
Францыя і Вялікая Брытанія забаранілі палёты «Белавіі», Украіна спыніла авіязлучэнне. І гэта яшчэ не ўсё
2021.05.25 10:51

ВЯ/МВ Belsat.eu

Стужка навінаў