У Бранску гараць нафтавыя рэзервуары


У ноч на 25 красавіка пачаўся пажар на двух нафтавых аб’ектах у расейскім Бранску, што за 130 кіламетраў ад мяжы з Украінаю.

Факт пажару на нафтабазе ў Фокінскім раёне Бранску афіцыйна пацвярджае Міністэрства надзвычайных сітуацыяў РФ. Паводле ўладаў, пацярпелых няма.

ТАСС са спасылкаю на прэс-службу ўраду Бранскай вобласці паведамляе, што гараць менавіта нафтавыя рэзервуары. Яны ўваходзяць у сістэму нафтаправоду «Дружба».

Крыніцы «Интерфакса» сцвярджаюць, што гарыць не адзін, а два абʼекты. Другі – рэзервуар з дызельным палівам на тэрыторыі нафтавага комплексу на Снежацкім вале.

Прычыну пажару расейскі бок не паведамляе.

Выданне «Baza» сцвярджае, што перад пажарам былі чуваць выбухі.

Раней, у пачатку красавіка, згарэла нафтабаза ў Белгарадзе, недалёка ад мяжы з Украінаю. Расейскія ўлады заявілі, што прычынаю сталася атака двух верталётаў ЗСУ. Украінскі бок афіцыйна гэтага не прызнаў.

РР belsat.eu

Стужка навінаў