Мабілізацыя ў Данецку. Узброеныя патрулі выкрадаюць людзей проста на вуліцах


У канцы лютага стала вядома, што расейцы пачалі масавую мабілізацыю ў Данецкай і Луганскай вобласцях. Журналіст Дзяніс Казанскі і былы ўдзельнік групы для мірнага ўрэгулявання сітуацыі на Данбасе, якая дзеяла з 2014 года, распавёў у ранішнім эфіры «Белсату» пра сітуацыю з прызывам мужчынаў на вайсковую службу на акупаваных тэрыторыях. Паводле Казанскага, набор у «войска» носіць гвалтоўны характар: мужчынаў выкрадаюць узброеныя патрулі проста на вуліцах гарадоў.

Fotograf: Reuters PhotographerArchiwum: Reuters
Форум

Дзяніс Казанскі распавёў, што мабілізацыя на акупаваных расейцамі тэрыторыях набыла надзвычайны маштаб:

«Насамрэч былі мабілізаваныя амаль усе. Нагадвае паляванне і выкраданне людзей на вуліцы. Узброеныя патрулі проста блукаюць па вуліцах і забіраюць выпадковых асобаў. Нават не даючы магчымасці сабраць рэчы ды развітацца з роднымі. Без рыхтавання яны трапляюць у вайсковыя часткі, дзе ім даюць уніформу, а праз пару дзён яны трапляюць на фронт, на перадавую».

Журналіст заявіў, што людзей падчас «мабілізацыі» падманваюць. Спачатку ім абяцаюць, што тыя не трапяць на перадавую, будуць у тыле капаць акопы. Варта адзначыць, што большасць «мабілізаваных» не мае неабходных вайсковых навыкаў, большасць нават не служыла ў войску. Адпаведна, калі яны трапляюць у баявыя дзеянні, можна ўявіць, што шанцы выжыць у такіх людзей невысокія. «Смерць гэтых людзей масавая, і статыстыку адносна іх засакрэцілі, каб не выклікаць масавай негатыўнай рэакцыі. Лічбы жудасныя. Гэта бессэнсоўныя забойствы», – дадае Казанскі.

Аналітыка
Правакацыі і мабілізацыя на Данбасе, расейскія войскі застаюцца ў Беларусі. Хроніка эскалацыі
2022.02.21 17:01

Дзяніс Казанскі паведаміў, што ў Данецку мабілізавалі работнікаў гарадской філармоніі. Іх запрасілі ў філармонію на сустрэчу і падманулі, быццам там будуць запісваць сюжэт для тэлебачання. Там музыкаў, джазменаў мабілізавалі і выправілі на фронт. Музыкі, якія не мелі ніякага дачынення да вайсковай справы, аказаліся слабымі вайскоўцамі, іх «проста перабілі». Кожны дзень прыходзяць звесткі, што той ці іншы музыка загінуў.

«Імаверна, гэтых людзей проста накіроўвалі на смерць. Таксама ёсць інфармацыя, што расейцы такім чынам карэктавалі агонь. Яны глядзелі, адкуль знішчаюць музыкаў, каб потым проста страляць у адказ туды, адкуль прыляцела. Людзей проста выкарыстоўвалі як прынаду», – заявіў Дзяніс Казанскі.

Нагадаем, што 18 лютага, кіраўнікі груповак ДНР і ЛНР абвесцілі эвакуацыю цывільнага насельніцтва ў звязку з «абвастрэннем сітуацыі». 19 лютага лідары баевікоў ДНР і ЛНР абвесцілі ўсеагульную мабілізацыю мужчынаў ва ўзросце ад 18 да 55 гадоў для «абароны Данбасу». Пазней у ЛНР была абвешчаная і добраахвотная мабілізацыя мужчынаў, старэйшых за 55 гадоў.

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў