Літоўскія школы ў Беларусі пераводзяць на беларускую ці расейскую мовы навучання


З наступнага навучальнага года ў літоўскіх школах у Беларусі навучанне будзе весціся на беларускай ці расейскай мовах, паведамляе BNS.

Такую пастанову беларускіх уладаў афіцыйныя асобы Літвы называюць «непрымальнай» і просяць як мінімум даць пераходны перыяд.

Літоўскі цэнтр культуры, інфармацыі і адукацыі ў аграгарадку Рымдзюны.
Фота: Alex veshtort/ Wikipedia

«Ад беларускага боку паступіла паведамленне, што з 1 верасня ўсе школы для нацыянальных меншасцяў мусяць выбіраць мову навучання – расейскую або беларускую. Адным словам, літоўская мова застанецца толькі прадметам», – заявіў намеснік міністра замежных справаў Эгідзіюс Мяйлунас.

Ён таксама паведаміў, што цяпер робяцца намаганні, каб мовай навучання ў гэтых школах па-ранейшаму была літоўская. «Закрываючы школы, мы абмежавалі б любую магчымасць для суайчыннікаў развіваць сваю родную мову, таму мы абмяркоўваем і шукаем, як захаваць магчымасць навучацца на літоўскай мове», – сказаў намеснік міністра.

Цяпер у Беларусі ёсць дзве літоўскія школы – Пяляская і Рымдзюнская. Рымдзюнская школа, пабудаваная ў 1996 годзе на літоўскія сродкі, утрымліваецца за кошт Беларусі. Цяпер там навучаюцца 82 вучні і выкладаюць 18 настаўнікаў, 14 з якіх – грамадзяне Літвы. Пяляскай школе дае фінансаванне літоўскае міністэрства. Там вучацца 127 вучняў і працуюць 23 настаўнікі, 11 з якіх – грамадзяне Літвы.

«МЗС паведаміла беларускаму боку аб непрымальнасці такой пастановы, бо яна парушае двухбаковыя дамоўленасці і абмяжоўвае права беларускіх літоўцаў вучыцца на роднай мове», – сказаў прадстаўнік міністра.

Аднак Беларусь заявіла, што пастанова не будзе змененая, і таму літоўскі бок просіць аб пераходным перыядзе. «Чакаем адказу ад беларускага боку, каб вучні маглі адаптавацца да новых умоваў», – сказаў Лукас.

Між тым, літоўскае Міністэрства адукацыі, навукі і спорту разглядае магчымасць спынення фінансавання адной са школаў у сувязі з гэтым.

Раней беларускія ўлады прынялі падобную пастанову перавесці польскія школы ў Горадні і Ваўкавыску на беларускую ці расейскую мову навучання.

Hавiны
Тадэвуш Гавін: Перавод польскіх школ у Беларусі на расейскую мову – рэйдарскі захоп
2022.04.11 16:48

АД belsat.eu

Стужка навінаў