«Хочам ратаваць жыцці». Як хлопцы з Адэсы самі робяць бронекамізэлькі для вайскоўцаў


Яшчэ нядаўна Дзіма гандляваў нерухомасцю, а Саша шыў маладзёжную вопратку. Сёння іх бронекамізэлькі абараняюць салдатаў у Мікалаеве, Херсоне, Бучы, Ірпіні, Харкаве і Кіеўскай вобласці. Як у Адэсе з нуля і на валанцёрскіх пачатках паставіць на канвеер такую неабходную экіпіроўку для перадавой – у аб’ектыве і тэксце беларускага фатографа Сашы Зяньковіча.

Саша ва ўласнай бронекамізэльцы.
Фота: Саша Зяньковіч / Белсат

«Самі робяць бронекамізэлькі»

Упершыню Дзіму і Сашу я сустрэў у адэскім валанцёрскім цэнтры «ШУМ», куды перыядычна заходзіў, калі спрабаваў знайсці сабе карысны занятак. Памятаю, да мяне падышоў валанцёр Дзям’ян і спытаў:

– Ты ж журналіст? Бачыш вунь тых хлопцаў? Гэта Дзіма і Саша. Яны самі робяць бронекамізэлькі.

Ужо праз хвіліну я сядзеў з хлопцамі за сталом і актыўна іх распытваў. Аказалася, яшчэ нядаўна Дзіма гандляваў нерухомасцю, а Саша шыў маладзёжную вопратку. Калі пачалася вайна, яны пачалі шукаць спосабы, як дапамагчы ўкраінскаму войску.

Дзіма правярае якасць гатовай бронекамізэлькі.
Фота: Саша Зяньковіч/ Белсат
Апрацоўка рысорных пласцін для бронекамізэлек.
Фота: Саша Зяньковіч/ Белсат

Праз свой instagram Дзіма абвясціў аб зборы гуманітарнай дапамогі для Узброеных Сіл Украіны. У Сашы пасля зімы застаўся вялікі запас шапак-балаклаваў, якія захоўваліся на складзе яго крамы. Ён вырашыў аддаць іх Дзіму. А потым атрымаў ад яго паведамленне: «Хочаш зрабіць нешта вартае? Я збіраюся рабіць бронекамізэлькі, патрэбны чалавек, здольны пашыць плітаноску. Дасі рады?

Саша адразу ж адказаў: «Давай паспрабуем».

Як хлопцы жартуюць, да гэтага яны былі знаёмыя толькі па «лайках у інсце», а цяпер разам робяць бронекамізэлькі. Саша распавядае, што калі пачалася вайна, ён быў у абсалютнай разгубленасці. За што хапацца, незразумела. Спачатку вырашыў пытанне бяспекі родных – эвакуіраваў з Кіева ў Адэсу сям’ю сваёй дзяўчыны. Далей стаў думаць, як прыносіць карысць. У Дзімы жа ўзнікла разуменне, што з зброяй ён не хоча звязвацца, таму што «супраць усяго, што забівае»:

– Я зразумеў, што хачу ратаваць жыцці, а не забіраць іх. Значыць, сказаў я сабе, буду рабіць бронекамізэлькі. Вось і ўсё. А далей справа тэхнікі – знайсці людзей, грошы і матэрыялы. Адразу ўспомніў пра Сашу. Ён жа шые вопратку, можа і з бронекамізэлькай справіцца. Так і запартнерыліся, – успамінае ён.

Рабочыя вывучаюць вынікі адстрэлу рысорнай пласціны.
Фота: Саша Зяньковіч / Белсат
Зварка рысор ў адзіную пліту.
Фота: Саша Зяньковіч / Белсат

Спачатку хлопцы здабылі асобнік бронекамізэлькі, разабралі і як след вывучылі. Гэта была інкасатарская камізэлька іх знаёмага, але для навучання падышла. Крок за крокам хлопцы пачалі вырашаць пытанні з матэрыяламі, тэхналогіямі, пастаўкамі. Паступова стварылася каманда з валанцёраў, гатовых дапамагаць. Зараз там каля 15 валанцёраў, цалкам занятых на вытворчасці.

З’яўленне Тоні Старка

Якраз у той момант, калі я сустрэў хлопцаў, іх ахоўныя пліты бронекамізэлькі праходзілі фінальную стадыю тэставання. Першапачаткова Дзіма прыдумаў рабіць пліты з аўтамабільных рысор. Ён ездзіў па гаражах, скупляў самыя трывалыя рысоры, якія трэба было потым разрэзаць і зварыць у пласціны. Бронекамізэлькі з такімі плітамі-пласцінамі акурат прайшлі галоўны балістычны тэст на палігоне.

Мы ехалі з палігона, калі пачулі званок. Чалавек на тым канцы провада ўпэўнена заявіў, што пласціны хлопцаў недастаткова трывалыя, і запрасіў на сустрэчу. Засмучаны Дзіма рэзка заявіў: «Зборка адмяняецца. Магчыма, тое, чым мы займаліся ўсе гэтыя тыдні – туфта, і давядзецца ўсё перарабляць». Мы тут жа разгарнуліся і адправіліся на сустрэчу з чалавекам, які патэлефанаваў.

Акрамя пласцін для бронекамізэлек, вырабляюць яшчэ і палявыя кухні.
Фота: Саша Зяньковіч / Белсат
Вайскоўцы нясуць мінулыя выпрабаванні пліты.
Фота: Саша Зяньковіч/ Белсат

Пад’ехалі да вялікага офіснага будынку ў цэнтры гораду. Мужчына, які нас сустрэў, выглядаў молада, быў у касцюме, гаварыў ціха і нетаропка. Я адразу зразумеў: гэта не выпадковая сустрэча. На падлозе ў яго кабінеце ляжаў яшчэ не распакаваны тэрмінал для спадарожнікавага інтэрнэту Starlink, на працоўным стале – прыборы відавочна ваеннага прызначэння, на крэсле – шлемы і камізэлькі, зусім не падобныя на самаробныя.

Незнаёмы пацвердзіў нам тое, што сказаў па тэлефоне:

– Прыйшлі навіны з перадавой: оркі страляюць ПП-шкамі, то бок кулямі падвышанай прабіваемасці. Я сам толькі сёння даведаўся. Вашы рысорныя пласціны супраць іх нямоглыя.

– Прапаную зʼездзіць на палігон і праверыць, – адказаў Дзіма.

– Добра, але давайце не распыляць намаганні. Я магу забяспечыць вас добрымі, праверанымі плітамі. З вас – усё астатняе. Размеркаванне па вайсковых частках бяру на сябе.

– Колькі ў вас пліт?

– Пяць тысяч, – адказаў мужчына.

Тэст пліт на палігоне.
Фота: Саша Зяньковіч / Белсат

Да гэтага хлопцы вымушаныя былі аб’язджаць гаражы і даведвацца ў зваршчыкаў, каб знайсці і зрабіць хоць адну пліту. Таму такіх лічбаў яны не чакалі:

– Давайце пачнём са ста, больш пакуль не перажывем, – сказаў Дзіма.

Мы выйшлі з офісу, Дзіма зірнуў на мяне шырокімі ад здзіўлення вачыма:

«Хто гэта наогул такі быў? Тоні Старк, блін?»

Дык гэта мянушка за ім і замацавалася. Усю дарогу дадому мы жартавалі, што цяпер ён надзене касцюм Жалезнага Чалавека і паляціць ламаць танкі аб калена.

Публічнасці гэты чалавек пазбягае. Ён бізнесовец, які мае зносіны з мясцовымі ўладамі, таму ведае, дзе цяпер неабходныя бронекамізэлькі, і адпраўляе іх на перадавую.

Запуск канвеера

На наступны дзень паехалі на палігон тэставаць. Рысорныя пліты хлопцаў: стандартныя кулі – нуль прабояў, ПП – з 19 трапленняў тры прабоі. Пліты Тоні Старка – нуль прабояў у абодвух выпадках. Пліты хлопцаў паказалі нядрэнны вынік, што пацвердзілі вайскоўцы на палігоне. Але хлопцы вырашаюць перайсці на пліты Тоні Старка, каб не рызыкаваць. Яны зробленыя з суцэльнага кавалка загартаванай сталі, таму і больш трывалыя.

Хлопцы тлумачаць вайскоўцам прынцып працы балістычнага пласта свайго камізэлькі.
Фота: Саша Зяньковіч/ Белсат

Тоні Старк быў асабліва здзіўлены тым, як паказаў сябе балістычны пласт для ўлоўлівання аскепкаў, які прыдумалі Дзіма і Саша. У той першай «навучальнай» камізэльцы быў завадскі пласт, таму складана было зразумець, з чаго яна зробленая: нейкая мяккая гума навобмацак. Дзіма пачаў думаць, з чаго можна зрабіць нешта падобнае па уласцівасцях. Ён доўга эксперыментаваў, а ў выніку атрымалася стварыць з некалькіх слаёў шумаізаляцыйнага матэрыялу для аўто, што называецца «Цішыня».

Хлопцы тлумачаць ваенным прынцып працы балістычнага пласта сваёй камізэлькі.
Фота: Саша Зяньковіч / Белсат

Як кажуць вайсковыя лекары, часам прасцей выцягнуць суцэльную кулю і зацыраваць байца, чым здабываць сотні дробных аскепкаў. Прыдуманы Дзімам балістычны пласт злавіў усе да адзінага асколка.

Я тады ўпершыню ўбачыў настолькі радаснага Дзіму. Усё працуе, усё не дарма, можна ўрубаць канвеер!

Да гэтага зборка вялася ля дома Дзімы, але спатрэбілася памяшканне пабольш. Саша прапанаваў весці зборку ў сваёй краме. Добрая лакацыя, прасторныя памяшканні, партнёры Сашы па бізнесе не супраць. На гэтым і дамовіліся.

Саша апранае тэставы асобнік бронекамізэлькі для тэсту.
Фота: Саша Зяньковіч / Белсат

На наступны дзень я прыехаў у дамоўленае месца. Праца ўжо кіпела. Усё пры справе, ніхто не адлыньвае. Гатовыя камізэлькі апранаюць і носяць пару гадзін, тэстуючы на сабе. Калі нешта цісне ці націрае, Саша ўсё фіксуе і адпраўляе заўвагі на сваю фабрыку, дзе швачкі выпраўляюць недахопы. Калі бронекамізэлька нацёрла за некалькі гадзін, то вытрымаць у ёй цэлы дзень будзе немагчыма. Хлопцы разумеюць, што ў акопе ёсць больш важныя задачы, чым пакутаваць ад болю.

Дзякуючы такому падыходу бронекамізэлькі пастаянна паляпшаюцца. Ужо праз некалькі дзён пасля старту вытворчасці фінальны мадэльны шэраг быў сфармаваны. Калі бярэш камізэльку ў рукі, складана паверыць, што працавалі энтузіясты.

Сіла салідарнасці

За ўвесь час, што я правёў з хлопцамі, я ні разу не бачыў іх без справы. Дзіма бесперапынна нешта абмяркоўвае па тэлефоне, адказвае на паведамленні, ездзіць за матэрыяламі, выдае гатовыя камізэлькі. Кожны раз, седзячы на пасажырскім сядзенні, у мяне пацелі далоні ад таго, што ён адначасова руліў, адказваў на паведамленні і размаўляў з некім па гучнай сувязі. Тэма для абмеркавання адна – як нарасціць аб’ёмы пры тым, што ўжо спецыялізаваныя крамы, рынкі, гаражы і склады ўжо спустошаныя.

Дзіма паказвае, як правільна мацаваць балістычны пласт.
Фота: Саша Зяньковіч / Белсат

Матэрыялаў хапае не заўсёды, ці не заўсёды яны даступныя. Памятаю адзін выпадак, калі Дзіму патэлефанавалі і прапанавалі любыя грошы наўзамен за бронекамізэлькі. Дзіма рэзка адказаў:

«Ды не патрэбныя мне вашыя грошы, я сам каму заўгодна заплачу, калі мне дастануць гэты чортаў армаваны скотч».

Потым паклаў трубку і нешта напружана пачаў пісаць у тэлефоне. Праз некалькі гадзін у дзверы ўляцелі валанцёры з двума пакетамі скотчу. На пытанне: «Колькі каштуе?» яны адказалі: «Ніколькі, на здароўе». І сышлі. Гэта былі Сеўда і Дзям’ян з валанцёрскай арганізацыі «ШУМ». Той самай арганізацыі, у якой я пазнаёміўся з Дзімам і Сашам і якая сёння дапамагае з матэрыяламі для вытворчасці.

Дзіма закупляе неабходныя для зборкі матэрыялы ў будаўнічым гіпермаркеце.
Фота: Саша Зяньковіч / Белсат

Дзіма і Саша паступаюць гэтак жа: калі ёсць магчымасць заплаціць за бронекамізэльку – заплаці, і ўсе грошы пойдуць на вытворчасць новага. Калі заплаціць не можаш – бяры бясплатна. Так працуюць гарызантальныя сувязі. Большасць валанцёраў у Адэсе знаходзяцца ў пастаянным кантакце адзін з адным і заўсёды гатовыя дапамагчы. Дапамога прыходзіць і з іншых краін. Я назіраў гэта ў 2020-м годзе ў Беларусі, гэта ж назіраю цяпер ва Украіне. Салідарнасць – вялікая сіла. На прыкладзе Дзімы і Сашы я ўбачыў, як яна можа ратаваць жыцці.

Гатовыя пліты.
Фота: Саша Зяньковіч/ Белсат
Нарэзка матэрыялу для балістычнага пласта.
Фота: Саша Зяньковіч / Белсат
Саша збірае гатовыя камізэлькі.
Фота: Саша Зяньковіч / Белсат

Хлопцы, якія ніколі раней не выраблялі бронекамізэлькі, змаглі зрабіць максімальна танны, надзейны і хуткі ў вытворчасці выраб. Кожны дзень яны вырабляюць ад 70 да 100 адзінак, а гэта ўжо больш за тысячу бронекамізэлек, якія адправіліся на фронт. Зараз імкнуцца забяспечыць гарачыя кропкі. Але ўлічваючы атакі ў Адэсе, гораду таксама можа спатрэбіцца іх экіпіроўка.

Гатовыя бронекамізэлькі прывезлі ў валанцёрскі цэнтр для выдачы.
Фота: Саша Зяньковіч/ Белсат
Адзін са швейных цэхаў.
Фота: Саша Зяньковіч / Белсат
Працаўніца швейнай майстэрні ўносіць карэктывы ў канструкцыю камізэлькі.
Фота: Саша Зяньковіч / Белсат
Швачка за працай.
Фота: Саша Зяньковіч/ Белсат
Офіс Тоні Старка.
Фота: Саша Зяньковіч / Белсат
Дзіма выдае ваенным гатовыя камізэлькі.
Фота: Саша Зяньковіч / Белсат
Змучаныя хлопцы чакаюць, калі прыедуць неабходныя для зборкі матэрыялы.
Фота: Саша Зяньковіч / Белсат

Калі вы хочаце падтрымаць вытворчасць, маладыя людзі збіраюць ахвяраванні.

Рахунак ва ўкраінскіх грыўнях:

4149439022557510

Feshchuk Dmytro

Саша Зяньковіч /MM belsat.eu

Стужка навінаў