Бяспека ці супрацьстаянне, гандаль ці эмбарга. Еўропа ўсё яшчэ перад выбарам адказу на агрэсію Крамля


Улады ў Кіеве крытыкуюць Парыж і Берлін. Раней прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон адмовіўся назваць апошнія падзеі ва Украіне генацыдам. А ўлады Нямеччыны спрачаюцца вакол паставак сучаснай зброі для Украіны. Гісторыкі Аляксандр Пашкевіч і палітолаг Аляксандр Фрыдман у размове з «Белсатам» выказваюць меркаванні, што цяпер падзеі ў Еўропе значна нагадваюць падзеі 1930-х гадоў, калі краіны сутыкнуліся з гітлераўскай агрэсіяй, што выклікала сусветную вайну. Ці вывучылі ўрокі гісторыі нашчадкі?
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Хваставая частка снараду РСЗА «Тарнада» тырчыць з зямлі ля вёсцы Лукашоўка, Чарнігаўская вобласць, Украіна. 10 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Гісторыя рухаецца па спіралі

Гісторык Аляксандр Пашкевіч у інтэрв’ю для «Белсату» кажа, што еўрапейскія палітыкі цяпер праводзяць гістарычныя паралелі. Існая сітуацыя ва Украіне даволі падобная, але ўсё ж не ідэнтычная той, што была ў 1930-я гады з Чэхаславакіяй, лічыць гісторык.

«У Гітлера быў сапраўдны бліцкрыг, прытым не толькі мілітарны. Нямеччына імкліва пераходзіла ад выканання адной задачы да іншай: сакавік 1938-га – аншлюс Аўстрыі, верасень 1938-га – Мюнхенская змова і перадача Нямеччыне Судэцкай вобласці, лістапад 1938-га – Першы Венскі арбітраж з перадачай паўднёвай Славакіі нямецкаму сатэліту Венгрыі, сакавік 1939-га – канчатковая фактычная ліквідацыя Чэхаславакіі як незалежнай дзяржавы», – нагадвае Аляксандр Пашкевіч.

Гісторык адзначае, што тады заходнія лідары, маральна не гатовыя да вайны, не спраўляліся адэкватна рэагаваць на падзеі, якія развіваліся з такой хуткасцю, і ў выніку толькі праглыналі адно нахабства за другім.

У сакавіку 1939-га Гітлер адабраў у Літвы Клайпедскі (Мемельскі) край, а ў верасні напаў на Польшчу. Распачалася Другая Сусветная вайна. Францыя і Вялікая Брытанія толькі праз пару дзён аб’явілі вайну Нямеччыне, але фактычна не ваявалі. У траўні 1940 года, пасля акупацыі Даніі і Нарвегіі, немцы праз тэрыторыю Бельгіі напалі на Францыю. Заходнія вялікія дзяржавы пачалі аказваць рэальны супраціў. Хоць было ўжо і позна: ранейшая бяздзейнасць прывяла да цяжкіх ахвяраў не толькі для гэтых краін, але для ўсяго свету, кажа Аляксандр Пашкевіч.

«Нешта падобнае да таго этапу, хоць і крыху з іншым вынікам, сучасныя Расея і Захад прайшлі 8 гадоў таму, у 2014 годзе. Як мы памятаем, тады анексія Расеяй украінскага Крыму і развязванне вайны на Данбасе таксама выклікала з боку «калектыўнага Захаду» дастаткова стрыманую рэакцыю – змагацца за Украіну і аказваць ёй істотную падтрымку ён аказаўся не гатовы. Усё ў рэшце абмежавалася толькі не самымі цяжкімі санкцыямі, якія былі б і яшчэ лягчэйшымі, каб на Данбасе расейцам не собіла – наўрад ці наўмысна менавіта па ім цэлячы – збіць малайзійскі пасажырскі лайнер з еўрапейскімі грамадзянамі на борце».

Аб’ектыў
За збіты самалёт патрабуюць пажыццёвы тэрмін
2021.12.22 22:26

Сітуацыю тады ўратавала толькі тое, што аказалася здольным нават у тым незайздросным стане – украінскае грамадства аказала чынны супраціў агрэсіі, мабілізаваўшыся і не дазволіўшы пашырыць «трыумфальнае шэсце» «народных рэспублік» на іншыя тэрыторыі, што яўна ў расейскіх планах было.

«Дык вось акурат у гэтым, бадай, і ёсць найгалоўнейшае адрозненне той сітуацыі і цяперашняй. Калі б Пуцін у 2014 годзе аказаўся здольны дзейнічаць так імкліва, спраўна і не сустракаючы сур’ёзнага супраціву, як Гітлер у 1938-м, то цалкам магчыма, што яму ўдалося б тады паўтарыць ягоны «подзвіг», а заходні свет прынамсі дэ факта пагадзіўся б з «правам» Пуціна прыбраць да рук Украіну і Малдову (пра Беларусь і казаць няма чаго), абы толькі не лез на тэрыторыю NATO і Еўразвязу. Але Пуцін аказаўся сам тады па розных прычынах не гатовы весці шырокамаштабную вайну паводле цяперашняга ўзору і да пары задаволіўся тым, што ўдалося атрымаць, то бок Крымам і прыблізна трацінай украінскіх Данецкай і Луганскай абласцей. Ён зрабіў паўзу ў актыўных наступальных дзеяннях пасля баёў за Дэбальцава на Данеччыне ў 2015 годзе на 7 гадоў», – падсумоўвае гісторык.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія жаўнеры без апазнавальных знакаў падчас анексіі Крыму.
Фота: wikipedia.org

Гісторык звяртае ўвагу, што пасля 2014 года ЕЗ не перастаў успрымаць пуцінскую Расею як прынамсі эканамічнага партнёра, ганебным сімвалам чаго стаў праект газаправода «Паўночная плынь – 2». Але ў 2022 годзе Захад стаў больш мабілізаваны і маральна падрыхтаваны да будучага супрацьстаяння і сутыкнення, перакананы Аляксандр Пашкевіч.

«Аб’яднанне Захаду ўсё ж адбылося, і яно стала заўважным яшчэ да ўкраінскіх падзей. Сярод іншага яму паспрыялі беларускія падзеі 2020 года і ўсё тое, што адбывалася пасля іх. Мусячы хоцькі-няхоцькі рэагаваць на тыя дзікія рэчы, якія адбываліся ў Беларусі (перадусім пасадку ў Менску самалёта Ryanair ды штучна арганізаваны міграцыйны крызіс), Захад пераадольваў унутраныя супярэчнасці, вырашаў нейкія бягучыя праблемы ўзаемаадносін, знаходзіў рычагі ўплыву на тыя краіны, якія спрабавалі выбіцца з агульнага шэрагу, нейтралізоўваў беларускіх/расейскіх лабістаў, адпрацоўваў санкцыйныя механізмы. Усе гэтыя напрацоўкі, відаць, нямала прыдаліся тады, калі спатрэбілася даваць калектыўны адпор ужо не дробнаму ў сусветным маштабе рэжыму Лукашэнкі, за плячыма якога відавочна маячыла Масква, а самой вялікай ядравай Расеі».

Hавiны
Эксперт: Расея ўжо страціла 1/3 сучаснай вайсковай тэхнікі
2022.04.25 13:10

Да таго ж беларуская сітуацыя, асабліва калі давялося сутыкнуцца з міграцыйным крызісам, паспрыяла ўзмацненню ўплыву і значэння дзяржаў–сябраў Еўразвязу з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, перадусім Польшчы і краін Балтыі, якія апынуліся на пярэднім краі змагання з агульнымі пагрозамі. А гэтыя краіны, як вядома, і без таго традыцыйна заўсёды займалі найбольш рашуча антыкрамлёўскую пазіцыю. Цяпер жа яны – найпершыя лабісты інтарэсаў Украіны на Захадзе, да іх прыслухоўваюцца і пазіцыю ўлічваюць, кажа Аляксандр Пашкевіч.

«Ну і, вядома, вялікае, а можа нават і вырашальнае значэнне мела тут тое, што планы Пуціна здзейсніць у самым пачатку цяперашняй вайны супраць Украіны «бліцкрыг» пацярпелі поўны крах. Калі б расейскія войскі зрабілі паспяховы марш на Кіеў і занялі яго за некалькі дзён, а ў многіх гарадах ды сёлах усходу і поўдня Украіны іх сустракалі, як марылася ў Крамлі, кветкамі, то не факт, што адзінства заходняга свету ў стаўленні да гэтай вайны і гатовасць не толькі маральна, але і рэальна дапамагаць украінцам, не дало б расколіну. Прынамсі, можна не сумнявацца, што прарасейскае лобі на Захадзе дзейнічала б тады куды больш актыўна і, трэба думаць, больш паспяхова», – падсумоўвае гісторык.

Чаму Макрон не хоча казаць пра генацыд?

І відавочна, што буйнейшыя краіны Еўропы, сярод якіх Нямеччына і Францыя, адказваюць на агрэсію Расеі з улікам гістарычнага досведу. Доктар гістарычных навук Аляксандра Фрыдман (Інстытут еўрапейскай этналогіі Берлінскага ўніверсітэту, Нямеччына) кажа, што крытыкаваць прэзідэнта Эманюэля Макрона за яго адмову назваць забойствы ва Украіне генацыдам не выпадае. Справа ў тым, што сёння пазіцыя Францыі абумоўленая больш унутранай палітыкай, паколькі як раз у гэты час праходзілі прэзідэнцкія выбары. І пасля выбараў 24 красавіка, калі перамогу атрымаў Макрон, могуць пачацца зусім іншыя рэчы, кажа палітолаг.

«Што да пытання пра генацыд украінскага народу, то прэзідэнт Францыі акцэнтуе ўвагу на тым, што гэта аспект менавіта палітычны, а не юрыдычны. Калі падзеі ва Украіне назваць генацыдам, мэтанакіраваным знішчэннем насельніцтва, то ў такой сітуацыі неабходна нешта рабіць. Патрабуюцца зусім іншыя захады. І ўзнікае пытанне, а якія гэта маюць быць захады? Што яшчэ можа зрабіць тая ж Францыя? Павялічыць пастаўкі зброі, дадатковыя санкцыі? Але Макрон і раней казаў, што Францыя можа адмовіцца ад расейскіх энерганосьбітаў. І сапраўды, Парыж можа сабе гэта дазволіць. Праўда, пакуль большасці галасоў за такі крок у Еўропе няма», – кажа Аляксандра Фрыдман.

Артыкулы
«The Washington Post»: Беларускія партызаны дапамаглі спыніць напад расейцаў на Кіеў
2022.04.24 19:28

Украінская тэма ў Францыі прысутнічае даволі моцна, звяртае ўвагу палітолаг. Макрон перамог на прэзідэнцкіх выбарах і цалкам верагодна, што будзе дзейнічаць больш рашуча, бо яму губляць больш няма чаго: выбары закончыліся, тэрмін апошні, таму можна не асабліва клапаціцца ізноў пра электаральныя галасы, кажа суразмоўца «Белсату».

«Мы бачым у палітыцы Макрона прагматызм. Часам кажуць, што ён недзе не разумее існай сітуацыі. Але гэта не так, перакананы Аляксандр Фрыдман. Макрон не аднойчы размаўляў з Пуціным і добра ведае, што гэта за чалавек, які ён хлус і ўсё астатняе. Але тут іншае пытанне: а што рабіць з гэтым? Макрон працягвае казаць, што патрэбен дыялог, але ягоныя дзеянні пасля выбараў, магчыма, будуць больш рашучыя. Будзе больш зброі для Украіны, больш дыпламатычнага падтрымання і Францыя будзе надалей прасоўваць эканамічныя санкцыі», – лічыць палітолаг.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Эманюэль Макрон і Уладзімір Зяленскі. Кіеў, Украіна. 8 лютага 2022 года.
Фота: president.gov.ua

Нямеччына і Украіна: паразумення пакуль няма

А вось з Нямеччынай Украіна мае даволі вострае разыходжанне. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што не жадае бачыць у Кіеве прадстаўнікоў афіцыйнага Берліну. Справа ў тым, што Нямеччына не жадае пастаўляць цяжкую зброю ва Украіну – маўляў, украінцы яе не ведаюць. Армія не зможа ёй карыстацца, таму лепей даць ёй тыя ж савецкага ўзору танкі, тлумачыць пазіцыю нямецкага ўраду Аляксандр Фрыдман.

«Нямецкі ўрад пераконвае, што гатовы перанакіраваць зброю з Славеніі, бо так будзе хутчэй і лепей атрымлівацца ва ўкраінскіх вайскоўцаў, а вось сапраўдная нямецкая зброя патрэбная NATO. Маўляў, абароназдольнасць Альянсу можа зменшыцца. Але выглядае гэта даволі сумнеўна. Югаслаўская тэхніка ідзе ва Украіну, а Славенія атрымлівае нямецкую тэхніку».

Другі пункт погляду на сітуацыю сярод шэрагу функцыянераў, прадстаўнікоў сацыял-дэмакратычнай партыі і сярод левых. Яны лічаць, што калі зброю перададуць украінцам, то Нямеччына будзе ўцягвацца ў вайну і пагоршыць уласнае становішча. Узмацніцца верагоднасць таго, што Расея можа нанесці якісьці ўдар па Нямеччыне. Па-другое – гэта зацягне вайну і сітуацыя будзе толькі пагаршацца, кажа Аляксандр Фрыдман.

«Але які будзе вынік, калі ўкраінцы не атрымаюць зброю? Яны прайграюць вайну. Вядома, адкрыта на гэты конт не кажуць, але так зводзіцца. І гэта даволі распаўсюджаны пункт погляду. Ёсць людзі, якія прытрымліваюцца такой думкі. Яшчэ ёсць пазіцыя, якая была больш распаўсюджана на пачатак вайны, а цяпер згадваецца рэдка, яна абумоўленая пытаннем і адказам: а супраць каго будзе выкарыстоўвацца зброя? Вядома, што супраць расейцаў, але атрымліваецца, што зноў пры дапамозе нямецкай зброі будуць забіваць расейцаў, так, як было ў Другой Сусветнай вайне. З пункту гледжання гістарычнага – Нямеччына не можа сабе гэта дазволіць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вучэнні ў Ровенскай вобласці, Украіна. 16 лютага 2022 года.
Фота: president.gov.ua

Што да энерганосьбітаў, то Нямеччына вельмі моцна залежыць ад расейскай нафты і яшчэ больш ад расейскага газу, кажа палітолаг. Адмовіцца ад гэтага – азначае значна пагоршыць эканамічнае становішча. І ўрад – асабліва сацыял-дэмакраты – ўсвядомліваюць, што такі момант можа наступіць, калі адбудуцца такія падзеі, пасля якіх палітычна стане немагчымым надалей набываць нафту і газ з Расеі. Але яны імкнуцца адцягнуць гэты момант.

«Што да абвінавачванняў, маўляў, немцы робяць гэта дзеля таго, каб захаваць эканамічныя сувязі з Расеяй, то гэта не так. Нават тыя эканамічныя прарасейскія лабісты разумеюць, што пасля таго, што адбылося, супраца з Пуціным немагчымая. У Нямеччыне існуе Усходні камітэт нямецкай эканомікі – фактычна гэта лабісты эканамічных сувязяў з Расеяй. І нават яны адкрыта кажуць, што пакуль Пуцін знаходзіцца ва ўладзе, то да супрацы яны не вернуцца. Немагчыма вярнуцца да той сітуацыі, якая была да вайны, нават у тым выпадку, калі ва Украіне скончацца баявыя дзеянні. Таму сцверджанне, што немцы імкнуцца перш за ўсе працягнуць свае эканамічныя інтарэсы з Расеяй – неправільнае», – звяртае ўвагу Аляксандр Фрыдман.

Hавiны
Нямеччына спыніць імпарт нафты з Расеі да канца года
2022.04.20 22:13

На галоўным месцы ў нямецкай палітыцы цяпер стаіць пытанне бяспекі.

«І як раз тут хаваецца, на мой погляд, адказ на пытанне, а чаму канцлер Нямеччыны Оляф Шольц паводзіць сябе так асцярожна. Журналісты выказваюць думку, што Шольцу, ускосна ён гэта пацвердзіў, у размовах Пуцін прыгразіў досыць адкрыта пра тое, што Расея можа выкарыстаць ядравую зброю, у тым ліку і супраць Нямеччыны. А Берлін не мае сваёй ядравай зброі, у адрозненні ад Лондану і Парыжу. Нямеччына ў гэтым сэнсе мае больш слабыя пазіцыі, бо цалкам залежыць ад ядравай зброі ЗША, Вялікай Брытаніі і Францыі. І Шольц баіцца, што гэтая зброя можа быць выкарыстаная».

Палітолаг сцвярджае, што Шольц – разумны і дасведчаны палітык. Напэўна, у яго таксама склалася ўражанне, што Расея на самой справе можа націснуць на чырвоную кнопку, таму і паводзіць сябе ён даволі асцярожна. Дапамагаць Украіне трэба, але даволі асцярожна, бо справа можа дайсці да трэцяй сусветнай вайны.

Еўропа аб’ядналася перад выклікам Крамля

Гісторык Аляксандр Пашкевіч кажа, што асцярожнасць краінаў Захаду абумоўленая самымі рознымі фактарамі, спектр якіх максімальна шырокі – ад ідэалізму ды «карыснага ідыятызму» да прагматычных асабістых інтарэсаў, пастаўленых вышэй за ўсе іншыя меркаванні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сустрэча кіраўніка ўкраінскай дзяржавы з прэзідэнтамі Польшчы, Латвіі, Літвы і Эстоніі ў Кіеве. 13 красавіка 2022 года.
Фота: president.gov.ua

«Думаю, што яўна ёсць і такія, хто меў у ранейшыя часы ад супрацы з Расеяй рознага кшталту асабістыя дывідэнды (ці іх мела ягоная палітычная сіла), і гэта моцна вяжа рукі цяпер. Усё ж такі ні для каго не таямніца, што ў фармаванне свайго лобі на Захадзе Расея апошнія дзесяцігоддзі ўкладала вельмі немалыя сродкі. Большасць гэтага з-за безразважлівых дзеянняў Пуціна, відаць, страчана, але нешта, відаць, і засталося».

Трэба ўлічваць таксама і тое, што ў дэмакратычных краінах, у адрозненне ад аўтарытарных, палітыкі на чале дзяржаў залежаць ад сваіх выбарнікаў і яны так ці інакш будуюць сваю палітыку з аглядкай на тое, узмоцняць прынятыя рашэнні іхны рэйтынг ці, наадварот, апусцяць яго да поўнай «невыбіральнасці». Прытым яны бяруць пад увагу нейкія такія фактары ўнутранага жыцця краіны, якія нам, назіральнікам звонку, зацікаўленым перадусім вонкавай палітыкай, увогуле незаўважаныя ці нецікавыя. А вось ім – наадварот, перадусім яны і важныя.

У любым выпадку эксперты ў размове з «Белсатам» пагаджаюцца, што ў цэлым Еўропа даволі моцна аб’яднаная ў плане дапамогі Украіне. Еўразвяз, калі выключыць Вугоршчыну, дзейнічае як адно цэлае, разам, проста існуюць розныя стратэгіі, розныя ўласныя інтарэсы і розная гатовасць дапамагаць і ахвяраваць.

Рэпартаж
«Ніводны здаровы чалавек тут не вытрымае». Паглядзелі, як цяпер жывуць у Харкаве
2022.04.23 18:09

belsat.eu

Стужка навінаў