Прэм'ер Арменіі Нікол Пашынян сыходзіць у адстаўку


Прэмʼер-міністр Арменіі Нікол Пашынян падаў у адстаўку 25 красавіка для правядзення ў рэспубліцы датэрміновых парламенцкіх выбараў. Палітык заявіў, што ўвесь гэты час ён працягне выконваць абавязкі прэмʼера, паведамляе ТАСС.

Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян.
Фота: ТАСС

«Паводле дамоўленасці з прэзідэнтам і палітычнымі сіламі, я сёння сыходжу ў адстаўку для правядзення датэрміновых парламенцкіх выбараў 20 чэрвеня. Парламент два разы запар не абярэ новага прэм’ера, пасля чаго заканадаўчы орган сілай закона распусціцца і будуць прызначаныя пазачарговыя выбары», – паведаміў прэмʼер.

Пры гэтым Пашынян адзначыў, што, нягледзячы на статус выконваючага абавязкі, будзе ў поўным абʼёме выконваць абавязкі кіраўніка кабінета. «Да правядзення датэрміновых выбараў я буду ў поўным абʼёме выконваць абавязкі прэмʼер-міністра, паводле канстытуцыі і законах», – сказаў ён.

Пашынян заявіў, што будзе кандыдатам на пасаду кіраўніка армянскага кабінета міністраў ад партыі «Грамадзянскі дагавор» на датэрміновых парламенцкіх выбарах.

Нагадаем, што напрыканцы 2020 – пачатку 2021 году ў Арменіі прайшлі масавыя пратэсты за адстаўку прэм’ер-міністра Нікола Пашыняна і ўраду. Прычынай таму сталася прынятая заява аб поўным спыненні ваенных дзеянняў у Нагорным Карабаху.

У сваім звароце да народа Арменіі Нікол Пашынян назваў рашэнне аб спыненні ўзброенага канфлікту вымушаным крокам для таго, каб пазбегнуць ваеннага калапсу. У сваю чаргу прадстаўнікі армянскай апазіцыі заявілі, што ўмовы спынення агню, якія падтрымаў Пашынян, фактычна зʼяўляюцца капітуляцыяй, і запатрабавалі адстаўкі прэмʼер-міністра, а ў Ерэване пачаліся масавыя беспарадкі.

Аналітыка
Вайсковы пераварот, ці палітычны крызіс? Што адбываецца ў Арменіі
2021.02.27 13:11

АД, belsat.eu

Стужка навінаў