На галоўнай старонцы Беларускай АЭС з'явіўся папераджальны запіс. Мінэнерга паведаміла пра ўзлом сайту


На галоўнай інтэрнэт-старонцы Беларускай АЭС з’явіўся запіс нібыта ад супрацоўнікаў станцыі, якія папярэджваюць аб магчымай трагедыі на АЭС і просяць неадкладна закрыць станцыю.

Міністэрства энергетыкі паведаміла, што сайт БелАЭС быў узламаны невядомымі.

«Кім менавіта – цяпер высвятляюць спецыялісты. Апублікаваная ў паведамленні інфармацыя з’яўляецца фэйкам», паведамляецца ў тэлеграм-канале ведамства.

Паведамленне, размешчанае на старонцы, пачынаецца са словаў: «Праца АЭС небяспечна! Трагедыя можа адбыцца ў любы момант!».

Скрыншот з галоўнай старонкі сайту Беларускай АЭС.
Фота: belaes.by

«Мы, работнікі беларускай АЭС, вельмі рызыкуем, калі размяшчаем гэты тэкст на галоўнай старонцы нашага прадпрыемства. Але гэта – адзіны спосаб перапыніць маўчанне. Мы робім гэта, таму што нам страшна. Першымі пацерпім менавіта мы», – напісана ў паведамленні.

У заяве сказана, што на працягу ўсёй будоўлі, на аб’екце адбываліся аварыі і паломкі. Некаторыя з іх траплялі ў СМІ, але большасць кіраўніцтву ўдавалася хаваць. Першы блок быў запушчаны спехам пад велізарным ціскам з боку кіраўніцтва краіны і на той момант не быў гатовы да запуску.

«Да гэтага часу сістэмы не настроены да канца, гэта выклікае пастаянныя непаладкі абсталявання. Рамонтныя работы адбываюцца ў небяспечных умовах. З-за гэтага працоўныя пастаянна траўмуюцца, маюць месца смяротныя выпадкі.

Але гэта не самае страшнае. Самае страшнае можа адбыцца ў любы момант. Мы аддаём сабе разуменне ў тым, што пасля публікацыі гэтага тэксту нас пачне вылічаць КДБ. І гэта можа мець для нас самымі сур’ёзнымі наступствамі. Але наступствы для нашых семʼяў, для ўсёй Беларусі і для суседніх краін будуць яшчэ страшней, калі тэрмінова не будуць прыняты меры па спыненні працы станцыі», гаворыцца ў паведамленні.

«Раней шмат хто казаў: АЭС – бомба запаволенага дзеяння. Мы вымушаны абвергнуць гэта і заявіць: АЭС – міна, на якую ўжо наступілі. Варта падняць нагу i ён выбухне», – напісана ў заяве.

Таксама паведамляецца, што цяпер на БелАЭС усё трымаецца на прафесіяналізме нашых спецыялістаў і на поспеху.

Аўтары паведамлення кажуць, што вырашылі апублікаваць гэты зварот менавіта напярэдадні чарнобыльскай трагедыі, калі « увесь свет успамінае ахвяр злачыннай халатнасці кіраўніцтва савецкага саюза».

«Гэта паведамленне – крык аб дапамозе. Мы просім усю сусветную супольнасць аказаць ціск на Лукашэнку і патрабаваць неадкладнага закрыцця станцыі пры падтрымцы замежных спецыялістаў, каб зрабіць гэта найбольш бяспечна», – напісана ў паведамленні.

Таксама «неабыякавыя супрацоўнікі БелАЭС», як прадставілі сябе аўтары паведамленні, просяць жыхароў суседніх населеных пунктаў ад станцыі быць пільнымі, бо могуць пачуць сірэну ў любы момант.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў