У выніку бамбавання драмтэатру ў Марыупалі маглі загінуць каля 300 чалавек


У будынку Драматычнага тэатру ў Марыупалі, на які 16 сакавіка расейскі самалёт скінуў бомбу, загінулі каля 300 чалавек. Пра гэта паведамілі ў Марыупальскай гарадской радзе.

«На жаль, пачынаем гэты дзень з дрэнных навінаў. Ад відавочцаў з’явілася інфармацыя, што ў Драматычным тэатры Марыупалю ў выніку бамбавання расейскім самалётам загінулі каля 300 чалавек. Да апошняга не хочацца верыць у гэты жах.

Да апошняга хочацца верыць, што ўсім удалося ўратавацца. Але словы тых, хто быў у будынку ў момант гэтага тэрарыстычнага акту, кажуць пра адваротнае», – гаворыцца ў паведамленні.

У гарадской радзе нагадалі, што акупантаў не спыніў вялізны надпіс «ДЗЕЦІ» перад будынкам тэатру.

«Мы зможам аднавіць будынкі, але нам ніколі не вярнуць сяброў, суседзяў, родных і блізкіх людзей. Светлая памяць усім нявінным ахвярам варʼяцкай вайны, якую вядзе супраць Украіны краіна-агрэсар, краіна-тэрарыст Расея», – адзначаецца ў паведамленні.

16 сакавіка расейскі самалёт скінуў бомбу на будынак драмтэатру ў Марыупалі, дзе хаваліся сотні мірных жыхароў. Абломкамі заваліла ўваход у бамбасховішча, праз працяглы абстрэл доўгі час не было ніякай інфармацыі пра пацярпелых.

Фота
Як выглядаюць украінскія гарады, «вызваляць» якія прыйшлі расейскія войскі
2022.03.19 09:00

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў